Вялікае Княства Пазнанскае — аўтаномнае княства ў складзе Прусіі, створанае ў 1815 годзе паводле рашэння Венскага кангрэса з заходніх частак Варшаўскага герцагства. Плошча — 28,9 тыс. км², насельніцтва — каля 776 тыс. чал. (1815), больш за 1,5 млн чал (1871). Цэнтр — г. Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія княства абмежавана, а ў 1849 годзе скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я гады. Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848 года, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусветнай вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора ўвайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.
Літаратура
Катэгорыя:Гісторыя Польшчы