Пазнанскі зборнік — рукапісны помнік беларускай літаратуры 16 ст. Узнік каля 1580 года, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі беларускай шляхты. Уключае творы старажытнай беларускай перакладной і арыгінальнай літаратуры, якіх не было ў іншых рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай беларускай літаратурнай мовы.
Пазнанскі зборнік выяўлены ў 1846 годзе Восіпам Бадзянскім. Даследаваны Аляксандрам Брукнерам. Беларускія аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 годзе Аляксандр Весялоўскі, летапіс — у 1907 годзе C.Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай бібліятэцы імя Э.Рачынскага ў Познані (Польшча). Літаратура
Катэгорыя:Беларуская літаратура