«Дыджэ́і пераме́н» — беларускія гукарэжысёры Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія 6 жніўня 2020 года падчас афіцыйнага дзяржаўнага мерапрыемства ў мінскім Кіеўскім скверы ўключылі песню Віктара Цоя «Перемен» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іхны ўчынак і фотаздымак з узнятымі рукамі сталі адным з галоўных сімвалаў беларускіх пратэстаў 2020 года, а прысвечаны ім мурал даў назву грамадскаму цэнтру пратэснай актыўнасці — «Плошча Перамен».
Падзеі 6 жніўня 2020 года Гукарэжысёры 30-гадовы Уладзіслаў Сакалоўскі і 27-гадовы Кірыл Галанаў афіцыйна працавалі ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі. На 6 жніўня 2020 года ў парку Дружбы народаў быў запланаваны апошні перадвыбарчы агітацыйны мітынг кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Аднак за некалькі дзён да акцыі сталічныя ўлады заявілі, што на гэтай пляцоўцы будзе праводзіцца свята чыгуначных войскаў, і забаранілі пікет. Аб’яднаны штаб Ціханоўскай прыняў рашэнне адмяніць мітынг, каб пазбегнуць правакацый, і заклікаў прыхільнікаў прыйсці ў Кіеўскі сквер, дзе ўлады арганізавалі яшчэ адно дзяржаўнае мерапрыемства — «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі».
Абслугоўваць апаратуру на праўладным свяце ў Кіеўскім скверы прымусілі Уладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава. Хлопцы разумелі палітычны падтэкст сітуацыі і спрабавалі адмовіцца ад працы, матывуючы гэта тым, што не жадаюць удзельнічаць у зрыве мітынгу Ціханоўскай. Яны прапаноўвалі кіраўніцтву ўзяць адгулы за свой кошт альбо нават звольніцца, аднак дырэкцыя Палаца моладзі не задаволіла іх просьбу.
Каля 19-й гадзіны ў скверы сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў перамен. На сцэне ў гэты час выступаў праўладны баяніст Віталь Варанко. Як толькі ён скончыў спяваць, Кірыл Галанаў вывеў яго са сцэны, а Уладзіслаў Сакалоўскі нечакана ўключыў праз калонкі гімн перабудовы і свабоды — песню гурта «Кіно» «Перемен». Дыджэі ўзнялі ўгару рукі, на якіх былі павязаныя белыя стужкі — сімвал прыхільнікаў сумленных выбараў. Шматтысячны натоўп пачаў апладзіраваць, радавацца і выкрыкваць словы падтрымкі.
Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Пятруша пачаў нервова крычаць: «Вы сарвалі мерапрыемства! Міліцыю сюды!» Невядомыя людзі ў пінжаках пачалі вырываць правады з мікшэрнага пульта і калонак, каб спыніць трансляцыю. Песня прагучала каля дзвюх хвілін.
Пераслед і арышт Хутка пасля здарэння, калі гукарэжысёры ішлі ў бок метро, іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні (сярод якіх быў і былы баец украінскага «Беркута», які атрымаў беларускае грамадзянства). Затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, дзе іх моцна збілі.
Суд над Сакалоўскім і Галанавым адбыўся 7 жніўня 2020 года праз Skype. Працэсы праходзілі адначасова, справы разглядалі суддзі Вікторыя Шабуня (справа Галанава) і Юлія Густыр (справа Сакалоўскага). Абодвух абвінавацілі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і непадпарадкаванні патрабаванням службовай асобы (арт. 23.4 КаАП). Падставай для справы стала заява начальніка ідэалагічнага аддзела адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Абодва дыджэі не прызналі віну ў непадпарадкаванні, а Галанаў на судзе іранічна адзначыў, што прызнае хуліганства, бо яно заключалася ва ўдзеле ў арганізацыі бруднага афіцыйнага мерапрыемства. У выніку абодвум прысудзілі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Арышт яны адбывалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Па словах Уладзіслава Сакалоўскага, пяць дзён з дзесяці ён правёў у карцары ва ўмовах антысанітарыі і холаду, спаць на ложку яму дазволілі толькі дзве ночы, астатні час ён драмаў на зэдліку. 9 жніўня ў карцар да Сакалоўскага прыйшоў невядомы чыноўнік (як пазней апазнаў Сакалоўскі, гэта мог быць намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў), які двойчы ўдарыў яго па спіне і пагражаў 10 гадамі турмы за ўключэнне песні. Пасля гэтага візіту ўмовы ўтрымання значна пагоршыліся, праз вентыляцыю наўмысна пускалі халоднае паветра. Сакалоўскі таксама сведчыў пра катаванні іншых затрыманых, якіх збівалі да крыві, утрымлівалі распранутымі па 40 чалавек у шасцімесных камерах і пагражалі зрабіць інвалідамі.
Кірыл Галанаў таксама правёў двое сутак у карцары, пасля чаго быў пераведзены ў камеру да замежнікаў, якія чакалі дэпартацыі. Ён успамінаў, што ўсе тры ночы чуў жудасныя крыкі людзей, якіх жорстка збівалі.
Эміграцыя Пасля вызвалення з Акрэсціна дыджэі расказалі пра катаванні журналістам. 21 жніўня 2020 года Сакалоўскага выклікалі на допыт у Міністэрства ўнутраных спраў, дзе з ім размаўляў намеснік міністра, які патрабаваў абвергнуць заяву пра збіццё ў камеры і пагражаў крымінальнай справай за паклёп. Сакалоўскага таксама спрабавалі прымусіць публічна прызнацца, што за ўключэнне песні ім заплацілі. Не вытрымаўшы ціску і баючыся доўгатэрміновага турэмнага зняволення, 22 жніўня 2020 года Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў пакінулі Беларусь і з'ехалі ў Літву. Візавую дапамогу ім аказала літоўскае пасольства ў Мінску.
У эміграцыі абодва працягнулі працаваць па прафесіі. Уладзіслаў Сакалоўскі займаецца музыкай, у 2024 годзе ён выступаў на літоўскім шоу «Голас», здымаў відэа вулічных канцэртаў віленскага гурта «Цімохі» і дапамагаў з апрацоўкай гуку літоўскай спявачцы Моніцы Баніце. Кірыл Галанаў працягнуў працаваць гукарэжысёрам на розных мерапрыемствах.
Уплыў на культуру і стварэнне «Плошчы Перамен»
Фотаздымак двух дыджэяў з узнятымі ўгару рукамі абляцеў сусветныя СМІ і стаў адным з самых вядомых сімвалаў беларускага пратэсту. 12 жніўня 2020 года стылізаваная чорна-белая выява дыджэяў з'явілася на трансфарматарнай будцы (вентыляцыйным памяшканні падземнага паркінга) на скрыжаванні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракту ў Мінску. Аўтарамі першага папяровага мурала стала група мясцовых жыхароў. Двор вакол гэтага мурала ператварыўся ў цэнтр самаарганізацыі мінчукоў, тут ладзіліся дваровыя канцэрты, чаяванні і сустрэчы. Пляцоўка атрымала народную назву «Плошча Перамен».
Улады абвясцілі сапраўдную вайну малюнку: сілавікі і камунальныя службы зафарбоўвалі яго больш за 20 разоў, аднак мясцовыя жыхары штораз яго аднаўлялі з дапамогай аэразольных фарбаў і гідрафабізатараў. У абарону мурала выступалі многія беларусы, што прывяло да рэпрэсій: 15 верасня 2020 года за абарону выявы быў жорстка затрыманы жыхар двара Сцяпан Латыпаў, якога пазней асудзілі на 8,5 гадоў калоніі. 11 лістапада 2020 года падчас чарговага знішчэння мурала невядомымі лукашыстамі быў збіты і выкрадзены мастак і мясцовы жыхар Раман Бандарэнка, які на наступны дзень памёр у бальніцы.
Выявы «Дыджэяў перамен» пачалі масава з'яўляцца і ў іншых дварах Мінска ў радыусе некалькіх кіламетраў ад арыгінальнага мурала. Трафарэты з дыджэямі таксама выкарыстоўваліся беларусамі на антываенных акцыях пасля нападу Расіі на Украіну ў 2022 годзе.
У памяць пра падзеі 2020 года муралы з «Дыджэямі перамен» былі створаныя за мяжой. 16 верасня 2022 года беларускі дызайнер Сяргей Стальмакоў намаляваў вялікі мурал з дыджэямі ў Беластоку (Польшча). Яшчэ адна выява з'явілася ля будынка Беларускага Дома ў Вільні. У маі 2022 года віленскі мурал быў апаганены невядомымі вандаламі, якія намалявалі на ім расійскую літару «Z», аднак мясцовая беларуская дыяспара аднавіла малюнак ужо праз паўтары гадзіны.
Крыніцы
Катэгорыя:Гісторыя Мінска Катэгорыя:Асобы, якія эмігравалі з Беларусі пасля 2020 года Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі Катэгорыя:2020 год у Мінску Катэгорыя:Пратэсты ў Беларусі (2020—2021)