Помнік салдатам, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны — колішні мемарыяльны помнік у Лідзе, які існаваў у 1917—1959 гадах. Знаходзіўся на тэрыторыі вайсковых могілак часоў Першай сусветнай вайны непадалёк ад Паўночнага вайсковага гарадка (Кашараў). З’яўляўся данінай памяці ўсім загінулым у баях салдатам, незалежна ад іх паходжання і прыналежнасці да армій.
Гісторыя Увосень 1915 года Ваеннае міністэрства Германскай імперыі пачало працу па распрацоўцы правілаў ушанавання памяці загінулых салдат на Усходнім фронце. З гэтай мэтай былі арганізаваны інспекцыйныя камісіі з архітэктараў, мастакоў, садаводаў і фатографаў. Падчас другой інспекцыі, якая праходзіла з 15 студзеня па 13 лютага 1916 года, у яе складзе працаваў вядомы нямецкі скульптар, прафесар Вышэйшай тэхнічнай школы ў Штутгарце Ульферт Янсен.
Стварэннем і ўтрыманнем вайсковых могілак на Лідчыне займаўся 5-ты мастацкі дэпартамент Галоўнай управы могілак Ваеннага міністэрства, які базіраваўся ў Беластоку. У майстэрнях дэпартамента ствараліся макеты помнікаў для вялікай колькасці некропаляў на падпарадкаваных тэрыторыях. Падчас вайны прафесар У. Янсен служыў шарагоўцам у мастацкім аддзеле гэтага дэпартамента. Менавіта ён у 1917 годзе выканаў у беластоцкай майстэрні бронзавую скульптуру паміраючага рымскага воіна, якая прызначалася для лідскіх могілак.
Падчас інспекцыйнага візіту ў канцы 1917 года члены міністэрскай камісіі высока ацанілі твор У. Янсена. Бронзавая статуя была перавезена ў Ліду і ўсталявана на ўзведзеным каменным пастаменце. Помнік прысвячаўся ўсім пахаваным тут вайскоўцам германскай, расійскай і аўстра-венгерскай армій.
Апісанне
Манумент знаходзіўся ў паўднёвай частцы вайсковых могілак, непадалёк ад уязной брамы. Ён уяўляў сабой масіўную піраміду, складзеную з вялікіх, груба абчасаных камянёў. Ля падножжа піраміды размяшчалася адлітая з бронзы (паводле некаторых крыніц — з жалеза) скульптура паміраючага рымскага воіна. Пад фігурай быў выбіты надпіс: «За Бацькаўшчыну» (). Як адзначаў у 1936 годзе лідскі краязнавец Аляксандр Снежка, помнік быў выкананы з відавочным мастацкім густам і арганічна ўпісваўся ў ландшафт некропаляŚnieżko Aleksander. Lidzki cmentarz wojenny // Ziemia Lidzka № 8-1936..
Нягледзячы на тое, што ў крыніцах скульптуру часцей за ўсё апісваюць як «паміраючага рымскага воіна», сучасныя даследчыкі ставяць пад сумнеў такую атрыбуцыю. Усхваленне аголенага мужчынскага цела і яго драматызм больш характэрныя для старажытнагрэчаскай скульптуры перыяду элінізму, у той час як рымскае мастацтва было больш стрыманым і пераважна партрэтным. Характэрным атрыбутам скульптуры быў круглы шчыт (гаплон), які з'яўляецца пазнавальным элементам грэчаскага гапліта. Даследчыкі праводзяць паралелі з рэльефам на Магіле невядомага салдата ў Афінах, які, у сваю чаргу, цытуе фігуру паміраючага гапліта з усходняга франтона храма Афіны Афаі на Эгіне (V стагоддзе да н.э.), што адлюстроўвае старажытнагрэчаскую канцэпцыю «прыгожай смерці» ().
Знішчэнне У савецкі час, у 1949 годзе, адзін з мясцовых жыхароў (паводле ўспамінаў, нейкі Шымялевіч) разбіў скульптуру салдата і здаў яе на металалом. Каменная піраміда працягвала стаяць на могілках яшчэ дзесяць гадоў і была разбурана толькі ў 1959 годзе. У 1966 годзе тэрыторыя вайсковых могілак была канчаткова зраўняная з зямлёй для пабудовы спартыўнай пляцоўкі і майстэрняў сярэдняй школы № 6.
Крыніцы
Катэгорыя:Помнікі Ліды Катэгорыя:Знішчаныя помнікі Катэгорыя:З’явіліся ў 1917 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1959 годзе Катэгорыя:Помнікі Першай сусветнай вайны ў Беларусі Катэгорыя:1917 год у Лідзе