Аўтагонкі Гран-пры – аўтамабільныя спаборніцтвы, што праходзілі да 1950 года. У 1950 года яны эвалюцыянавалі ў чемпіянат свету па аўтагонках Формула-1.
Спаборніцтвы Гран-пры, як разнавіднасць аўтаспорту, бяруць свой пачатак у арганізаваных аўтамабільных гонках, якія зарадзіліся ў Францыі ў 1894 году. Яны хутка эвалюцыянавалі ад простых дарожных гонак паміж гарадамі ў выпрабаванні на цягавітасць для аўтамабіля і кіроўцы. Інавацыі і імкненне да канкурэнцыі неўзабаве прывялі да хуткасцей, якія перавышалі 100 міль у гадзіну (160 км/г), але паколькі першыя гонкі праходзілі на адкрытых дарогах, то даволі часта здараліся аварыі, якія прыводзілі да гібелі як кіроўцаў, так і гледачоў.
Міжнародная асацыяцыя аўтамабільных клубаў (Association Internationale des Automobile Clubs Reconnus), заснаваная ў Парыжы 20 чэрвеня 1904 года, была рэарганізавана ў Міжнародную аўтамабільную федэрацыю (FIA) у 1947 годзе са штаб-кватэрай у Парыжы. Аўтагонкі класа "Гран-пры" у рэшце рэшт эвалюцыянавалі ў чэмпіянат свету Формула-1, які праводзіцца штогод з 1950 года. У наш час гонкі чэмпіяната свету Формулы-1 таксама называюцца Гран-пры.
Пачатак: першыя арганізаваныя спаборніцтвы
Аўтагонкі зарадзіліся ў Францыі як вынік энтузіязму, з якім французская публіка прыняла аўтамабіль. Вытворцы былі ў захапленні ад магчымасці выкарыстоўваць аўтагонкі ў якасці вітрыны для сваіх аўтамабіляў. Першыя аўтамабільныя спаборніцтвы адбыліся 22 ліпеня 1894 года і былі арганізаваны парыжскай газетай Le Petit Journal. Аўтагонка Парыж–Руан працягласцю 126 км (78 міль) праходзіла ад Порт-Маё ў Парыжы, праз Булонскі лес, да Руана. Першым у Руан прыбыў маркіз Жуль Альбер дэ Дыён на паравым аўтамабілі ўласнай вытворчасці De Dion-Bouton праз 6 гадзін 48 хвілін з сярэдняй хуткасцю 19 км/г (12 міль/г). Ён фінішыраваў на 3 хвіліны 30 секунд раней за Альбера Леметра на аўтамабілі Peugeot. Трэцім прыехаў Эміль Левасор на Panhard-Levassor з адставаннем 55 хвілін 30 секунд. Афіцыйным пераможцам быў прызнаны Альбер Леметр, паколькі аўтамабілі ацэньваліся не толькі па хуткасці, але таксама надзейнасці і характарыстыках бяспекі. І тут бензінавыя Peugeot пераўзыходзілі паравы аўтамабіль дэ Дыёна, якому ўвесь час патрабаваўся качагар.
У 1900 годзе Джэймс Гордан Бэнэт-малодшы, уладальнік газет New York Herald і International Herald Tribune, заснаваў Кубак Гордана Бенета. Ён спадзяваўся, што стварэнне міжнароднага мерапрыемства заахвоціць аўтавытворцаў паляпшаць свае аўтамабілі. Кожнай краіне дазвалялася выстаўляць да трох аўтамабіляў, якія павінны былі быць поўнасцю сабраны ў краіне, якую яны прадстаўлялі, і заяўлены кіруючым органам аўтамабільнай прамысловасці гэтай краіны. У рамках гэтага мерапрыемства былі ўстаноўлены міжнародныя гоначныя колеры. Спаборніцтвы 1903 года адбыліся пасля трагічных падзей на шашэйнай гонцы Парыж–Мадрыд. Падчас той гонкі загінулі некалькі чалавек, сярод іх былі і гоншчыкі, і гледачы. У тым ліку загінуў адзін з вядучых гоншчыкаў таго часу, Марсэль Рэно, і гонка была спынена французскімі ўладамі ў Бардо. Таму гонка ў горадзе Атай у Ірландыі, хаця і праходзіла па дарогах агульнага карыстання, але праводзілася на закрытым участку. Гэта былі першыя ў гісторыі аўтамабільныя гонкі па закрытай трасе.
У Злучаных Штатах Уільям Кісам Вандэрбільт II у 1904 годзе заснаваў Кубак Вандэрбільта ў наваколлях свайго маёнтка ў Лонг-Айлендзе, штат Нью-Ёрк.
Першыя Гран-пры Аўтадром Паўднёвы Захад У некаторых англамоўных крыніцах памылкова згадваецца, што першым спаборніцтвам з назвай Гран-Пры, быў Гран-пры По 1901 года. Гэта можа быць звязана з няслушным перакладам сучаснымі выданнямі такога часопіса, як La France Auto за сакавік 1901 года. Насамрэч гонка 1901 года звалася «Аўтадром Паўднёвы Захад» і праводзілася ў трох класах па аўтамабільных дарогах каля горада По. Перамогу ў галоўнай катэгорыі атрымаў Морыс Фарман на Panhard.
Першы Гран-пры
Адзінай на той момант гонкай, якая пастаянна насіла назву Гран-пры, была арганізаваная Аўтамабільным клубам Францыі (ACF). Першая такая гонка адбылася ў 1906 годзе. Выкарыстоўвалася траса, створаная на аснове трасы ў Ле-Мане, якая мела амаль трохкутную форму, кожны круг складаў 103,18 кіламетра (64,11 міль). Гонка праводзілася два дні, у кожны з якіх трэба было пераадолець шэсць кругоў. Гонка, якая доўжылася больш за 12 гадзін, завяршылася перамогай Ферэнца Сіса за рулём Renault. Другое месца заняў Фелічэ Наццара на FIAT, а трэцяе – Альбер Клеман на Clément-Bayard. Поль Барас з каманды Brasier паказаў найхутчэйшы круг ужо на першым крузе гонкі. Ён утрымліваў лідэрства да трэцяга круга, калі Сіс перахапіў лідэрства і захаваў яго да фінішу.
Развіццё гонак
У большасці выпадкаў гонкі праводзіліся па дарогах агульнага карыстання, якія часова перакрываліся, а не на спецыяльна пабудаваных прыватных трасах. Гэта тычылася трасы Ле-Ман на Гран-пры Францыі 1906 года, аўтагонкі Targa Florio (працягласць 93 мілі (150 км) па дарогах Сіцыліі), нямецкай гонкі Kaiserpreis (працягласць 75 міль (121 км) у гарах Таўнус) і французскай трасы ў Дзьепе (працягласць 48 міль (77 км)), што выкарыстоўвалася для Гран-пры Францыі 1907 года. Выключэннямі былі яйкападобная амаль авальная траса з бэнкінгамі Бруклэндз у Брытаніі, адкрытая ў 1907 годзе; аўтадром Індыянапаліс у ЗША, адкрыты ў 1909 годзе і Нацыянальны аўтадром Монца ў Італіі адкрыты ў 1922 годзе.
У 1908 годзе Злучаныя Штаты Амерыкі сталі другой краінай, якая прыняла аўтамабільныя гонкі пад назвай Гран-пры, яны праходзілі ў Саване. У Еўропе другі нацыянальны Гран-пры прайшоў у Іспаніі у 1913 годзе. Афіцыйна ён насіў назву Гран-пры Каралеўскага аўтамабільнага клуба Іспаніі. Трэцім стаў Гран-пры Італіі 1921 года, які праходзіў у Монцік'яры. Неўзабаве далучыліся Бельгія ў 1925 годзе і Вялікабрытанія ў 1926 годзе. Але гэта ўсё яшчэ не быў агульны чэмпіянат, а просты набор гонак, якія праводзіліся па розных правілах.
Усе аўтамабілі, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, былі афарбаваныя ў традыцыйныя нацыянальныя колеры: сіні (Bleu de France) — для Францыі, зялёны (British racing green) — для Вялікабрытаніі, чырвоны (Rosso corsa) — для Італіі, белы (Silver Arrows) — для ГерманііПачынаючы з 1934 года, немцы перасталі фарбаваць свае аўтамабілі. Паводле адной з версій, гэта адбылося пасля таго, як з Mercedes-Benz W25 сцерлі фарбу, каб паменшыць вагу машыны. Дзякуючы неафарбаванаму металу нямецкія аўтамабілі неўзабаве атрымалі ў прэсе мянушку «Срэбныя стрэлы»., жоўты - для Бельгіі.
Французскія аўтамабілі працягвалі дамінаваць (у асноўным Bugatti, а таксама Delage і Delahaye) да канца 1920-х гадоў, калі іх пачалі перамагаць італьянскія (Alfa Romeo і Maserati).
У сярэдзіне 1930-ых гадоў, калі нацысты прыйшлі да ўлады ў Нямеччыне, яны пачалі заахвочваць кампаніі Mercedes-Benz і Auto Union да ўдзелу ў спаборніцтвах у прапагандысцкіх мэтах. Урад сапраўды выдзяляў пэўныя сродкі гэтым двум вытворцам, але ў СМІ маштабы атрыманай імі дапамогі перабольшваліся: дзяржаўныя субсідыі складалі, бадай, не больш за 10% ад выдаткаў на ўтрыманне абедзвюх гоначных каманд. У перыяд з 1935 па 1939 год гэтыя два нямецкія брэнды безапеляцыйна дамінавалі, выйграўшы амаль усе найбольш важныя гонкі Гран-Пры. На той момант аўтамабілі ўжо былі аднамеснымі (механік, што суправаджаў пілота, не ўваходзіў у экіпаж яшчэ з пачатку 1920-х гадоў) і аснашчаліся рухавікамі з наддувам (ад 8 да 16 цыліндраў), якія развівалі магутнасць звыш 600 к.с. (450 кВт) пры працы на спіртавым паліве.
Яшчэ ў кастрычніку 1923 года на штогадовай восеньскай канферэнцыі AIACR (Міжнароднай асацыяцыі прызнаных аўтамабільных клубаў) у Парыжы абмяркоўвалася ідэя правядзення агульнага чэмпіянату. Аднак асноўная ўвага надавалася росту цікавасці аўтавытворцаў да гонак і правядзенню першага Гран-пры Еўропы ў Монцы ў 1923 годзе. Першы Чэмпіянат свету адбыўся ў 1925 годзе, але ён праводзіўся толькі сярод аўтавытворцаў і складаўся з чатырох гонак дыстанцыяй не менш за 800 км (497 міль). У лік гонак, якія склалі першы чэмпіянат сярод канструктараў, увайшлі «Індыянапаліс 500», Гран-пры Бельгіі, Францыі і Італіі. Гэты Чэмпіянат быў афіцыйна скасаваны ў 1930 годзе, хоць тытулы не прысуджаліся ўжо ў перыяд з 1928 па 1930 год. Пазней, у 1931 годзе, быў заснаваны Чэмпіянат Еўропы сярод гоншчыкаў, які ўключаў найбольш важныя Гран-пры ў шэрагу краін. Спаборніцтвы праводзіліся штогод да пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе, за выключэннем сезонаў 1933 і 1934.
Гонкі падчас Другой сусветнай вайны
Фактычна, апошнім Гран-пры перад пачаткам Другой сусветнай вайны стаў Гран-пры Швейцарыі, што прайшоў 20 жніўня. 3 верасня пад кананады стрэльб вайны адбыўся Гран-пры Бялграда ў парку Калемегдан каля Бялградскай крэпасці. Толькі 8 кіроўцаў заявіліся на гэтую гонку, сярод іх быў мясцовы герой Бошка Міленкавіч. Перамогу здабыў знакаміты італьянец Тацыо Нуволары, для якога яна стала адной з апошніх у кар'еры (апошняя яго перамога была на Гран-пры Альбі 1946). На 10 верасня быў запланаваны Гран-пры Італіі, аднак ён быў адменены. 29 кастрычніка адбыўся Гран-пры Гавеі ў Бразіліі. Пераможцам гэтай гонкі стаў мясцовы гоншчык Мануэль дэ Тэфе.
З-за пачатку вайны AIACR не змагла сабрацца, каб апублікаваць афіцыйныя вынікі чэмпіянату 1939 года. Герман Ланг быў абвешчаны Чэмпіёнам Еўропы кіраўніком арганізацыі Нацыянал-сацыялістычны механізаваны корпус Адольфам Хюнляйнам, які таксама ўзначальваў вышэйшы орган кіравання аўтаспортам у Нямеччыне. Заява Хюнляйна была апублікавана ў газеце *Völkischer Beobachter* — афіцыйным друкаваным органе нацысцкай партыі. Хюнляйн сцвярджаў, што Ланг завяршыў сезон з 23 ачкамі, аднак гэта супярэчыць афіцыйнай сістэме налічэння балаў, паводле якой Чэмпіёнам Еўропы стаў Герман Паўль Мюлер.
Італія захоўвала нейтралітэт у вайне да чэрвеня 1940 года і правяла две гонкі Гран-пры ў маі 1940 года. У ЗША да верасня 1941 года прайшло некалькі гонак. Пасля гэтага некалькі спаборніцтваў адбылося ў Паўднёвай Амерыцы, апошняе з іх — у ліпені 1942 года. Яшчэ адзін малавядомы Гран-пры прайшоў у 1943 годзе — у Тунісе. Пасля гэтага спаборніцтвы канчаткова спыніліся да заканчэння вайны.
Першыя пасляваенныя гонкі прайшлі ў Парыжы 9 верасня 1945 года — праз тыдзень пасля заканчэння вайны на Ціхім акіяне. Гэта былі не паўнавартасныя міжнародныя этапы Гран-пры, а пераважна мясцовыя французскія спаборніцтвы, прысвечаныя падзеям ці асобам, звязаным з вайной (напрыклад, «Кубак Рабэра Бенуа»).Рабэр Бенуа — знакаміты французскі кіроўца, што быў удзельнікам Руху Супраціўлення і быў забіты нацыстамі ў канцлагеры Бухенвальд
Пасляваенныя Гран-пры і Формула-1
У 1946 годзе, пасля Другой сусветнай вайны, былі праведзены толькі чатыры гонкі ўзроўню Гран-пры. Правілы Чэмпіяната свету Гран-пры былі распрацаваны яшчэ да Другой сусветнай вайны, але прайшло яшчэ некалькі гадоў, пакуль у 1947 годзе Міжнародная асацыяцыя аўтамабільных клубаў (AIACR) была рэарганізавана ў Міжнародную аўтамабільную федэрацыю (Fédération Internationale de l'Automobile), скарочана «FIA», са штаб-кватэрай у Парыжы. Яна абвясціла, што з 1947 года ўступіць у сілу новая Міжнародная Формула, таксама вядомая як Формула-1 або Формула-А. У канцы сезона 1949 года FIA абвясціла, што ў 1950 годзе яны аб'яднаюць некалькі нацыянальных Гран-пры, каб стварыць чэмпіянат свету Формулы-1 для гоншчыкаў. Аднак з-за эканамічных цяжкасцей у 1952 і 1953 гадах у чэмпіянаце фактычна спаборнічалі аўтамабілі Формулы-2. Была ўведзена сістэма ачкоў, і агулам сем Гран-пры, у тым ліку «Індыянапаліс 500», атрымалі статус чэмпіянату. Першая гонка Чэмпіяната свету адбылася 13 мая 1950 года на трасе Сільверстоўн у Вялікабрытаніі.
Італьянцы зноў добра выступілі ў гэтых ранніх гонках Чэмпіяната свету, як сярод вытворцаў, так і сярод пілотаў. Першым чэмпіёнам свету стаў Джузэпэ Фарына за рулём Alfa Romeo. Ferrari ўдзельнічала ў другой гонцы чэмпіяната свету Гран-пры Манака і дагэтуль з'яўляецца адзіным вытворцам, які ўдзельнічаў ва ўсіх сезонах Формулы-1, і працягвае спаборнічаць у 2026 годзе.
Найбольш важныя гонкі Гран-пры
Гран-пры Бельгіі Гран-пры Вялікабрытаніі Гран-пры Нямеччыны