Жазэ́ф Луі́ Франсуа́ Бертра́н (; 11 сакавіка 1822, Парыж — 3 красавіка 1900, Парыж) — французскі матэматык, педагог і гісторык навукі. Член Парыжскай акадэміі навук з 1856 года, яе неадменны сакратар з 1874 года; член Французскай акадэміі з 1884 года. З 1859 года член-карэспандэнт, з 1896 года замежны ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук. З 1862 года прафесар Калеж дэ Франс.
Ягоныя навуковыя працы ахопліваюць тэорыю функцый, тэорыю груп, тэорыю лікаў, тэорыю імавернасцей, дыферэнцыяльня ўраўненні, тэорыю памылак, дыферэнцыяльную геаметрыю і тэрмадынаміку. Ён таксама вядомы як аўтар падручнікаў па матэматыцы і прац па гісторыі навукі.
Біяграфія Жазэф Бертран нарадзіўся ў сям’і лекара Аляксандра Жака Франсуа Бертрана і Мары Каралін Бэлен. Яго бацька рана памёр, і значную ролю ў выхаванні будучага матэматыка адыграў Жан Мары Дзюамэль. Бертран вельмі рана выявіў матэматычныя здольнасці: у адзінаццаць гадоў ён ужо слухаў курсы ў Іколь Політэкнік як вольны слухач.
У 1839 годзе Бертран паступіў у Іколь Політэкнік, прычым быў залічаны першым па выніках конкурсу. У 1841 годзе працягнуў навучанне ў Горнай школе Парыжа, але галоўнай сферай яго дзейнасці сталі не інжынерная служба, а матэматыка і выкладанне. З 1841 года ён выкладаў у ліцэі Сэн-Луі, з 1844 года працаваў у Іколь Політэкнік, дзе пазней стаў прафесарам. Таксама чытаў лекцыі ў Вышэйшай нармальнай школе.
У 1856 годзе Бертран быў абраны членам Парыжскай акадэміі навук. У 1862 годзе ён заняў кафедру фізікі і матэматыкі ў Калеж дэ Франс, змяніўшы Жана-Батыста Б’ё. З 1874 года займаў пасаду неадменнага сакратара Акадэміі навук. У 1885 годзе быў прыняты ў Французскую акадэмію на месца Жана Батыста Дзюма Луі Пастэрам.
Памёр у Парыжы 3 красавіка 1900 года.
Навуковая дзейнасць Адным з найбольш вядомых вынікаў, звязаных з імем Бертрана, стаў пастулат Бертрана. Ён сцвярджае, што для любога цэлага ліку n > 1 заўсёды існуе хаця б адзін просты лік p, які адпавядае няроўнасці:
Бертран сфармуляваў гэта сцвярджэнне як гіпотэзу ў 1845 годзе на падставе табліц простых лікаў і праверыў яго для ўсіх n да 3 мільёнаў, не маючы агульнага доказу. Агульны доказ знайшоў Пафнуцій Чабышоў у 1850 годзе аналітычнымі метадамі тэорыі лікаў, у сувязі з чым сцвярджэнне таксама называюць тэарэмай Бертрана—Чабышова.
У 1883 годзе ў рэцэнзіі на кнігу Антуана Аўгюстэна Курно Recherches sur les principes mathématiques de la théorie des richesses (1838) Бертран крытычна разгледзеў мадэль дуаполіі Курно, у якой фірмы канкуруюць, абіраючы аб’ёмы вырабу. Бертран паказаў, што калі аднолькавыя фірмы з пастаянным гранічнымі коштам вырабу канкуруюць не аб’ёмамі, а коштамі аднароднага тавару, то працэс узаемнага «падбівання» коштаў апускае рынкавую цану да ўзроўню гранічных выдаткаў — фактычна да выніку поўнай канкурэнцыі, нягледзячы на наяўнасць толькі дзвюх фірмаў на рынку. Гэтая мадэль, вядомая сёння як мадэль (дуаполія) Бертрана.
Бертран шмат працаваў як аўтар навучальных кніг. Яго падручнікі па арыфметыцы, алгебры, дыферэнцыяльным і інтэгральным злічэнні выкарыстоўваліся ў французскай адукацыі другой паловы XIX стагоддзя. Акрамя ўласна матэматычных прац, ён пісаў навуковыя біяграфіі і кнігі па гісторыі навукі — пра Франсуа Араго, Д’Аламбера, Блеза Паскаля.
Асноўныя працы Traité d’arithmétique (1849; «Трактат па арыфметыцы»). Traité élémentaire d’algèbre (1850; «Элементарны трактат па алгебры»). Traité de calcul différentiel et de calcul intégral (1864—1870; «Трактат па дыферэнцыяльным і інтэгральным злічэнні»). Arago et la vie scientifique (1865; «Араго і навуковае жыццё»). Les fondateurs de l’astronomie moderne: Copernic, Tycho Brahé, Képler, Galilée, Newton (1865; «Заснавальнікі сучаснай астраноміі: Капернік, Ціха Браге, Кеплер, Галілей, Ньютан»). Rapport sur les progrès les plus récents de l’analyse mathématique (1867; «Даклад пра найноўшыя поспехі матэматычнага аналізу»). L’Académie des sciences et les académiciens de 1666 à 1793 (1868; «Акадэмія навук і акадэмікі ад 1666 да 1793 года»). Thermodynamique (1887; «Тэрмадынаміка»). Calcul des probabilités (1889; «Злічэнне імавернасцей»). D’Alembert (1889; «Д’Аламбер»). Éloges académiques (1889; «Акадэмічныя пахвальныя прамовы»). Leçons sur la théorie mathématique de l’électricité (1890; «Лекцыі па матэматычнай тэорыі электрычнасці»). Blaise Pascal (1891; «Блез Паскаль»).
Літаратура Бертран // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Мінск: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 123. Darboux, Gaston. Éloge historique de Joseph Bertrand // Éloges académiques. Nouvelle série. — Paris: Hachette, 1902.
Спасылкі
Joseph Louis François Bertrand на сайце MacTutor History of Mathematics Joseph Bertrand на сайце Французскай акадэміі Bertrand, Joseph (1822—1900) у каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Францыі
Катэгорыя:Матэматыкі Францыі Катэгорыя:Матэматыкі XIX стагоддзя Катэгорыя:Члены Французскай акадэміі Катэгорыя:Члены Французскай акадэміі навук Катэгорыя:Ганаровыя члены Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук Катэгорыя:Члены-карэспандэнты Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук Катэгорыя:Выпускнікі Політэхнічнай школы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Парыжы Катэгорыя:Памерлі ў Парыжы Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1822 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1900 годзе