Аліна Аляксандраўна Харысава () — беларуская грамадская дзеячка і палітолаг. Былая экспертка Офіса Святланы Ціханоўскай і член Каардынацыйнай рады.

Біяграфія Нарадзілася ў 2002 годзе ў в. Плянта (Салігорскі раён).

Атрымала вышэйшую адукацыю ў Мюнхенскім тэхнічным універсітэце па спецыяльнасці «Палітычныя навукі». З’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі палітычных кансультантаў.

З 2023 года Харысава займае пасаду міжнароднага сакратара Задзіночання беларускіх студэнтаў. У 2024 годзе далучылася да каманды Офіса Святланы Ціханоўскай у якасці эксперткі па стратэгіі і аналітыцы, займаючыся распрацоўкай стратэгічных дакументаў і палітык для дэмакратычных сіл Беларусі. Была абраная ў Каардынацыйную раду па спісе «Еўрапейскі выбар». У лютым 2026 года выступіла сумадэратарам панэльнай дыскусіі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. У рамках канферэнцыі таксама ўдзельнічала ў дыскусіях аб барацьбе з дэзінфармацыяй.

Інцыдэнт з фэйкавай вярбоўкай У чэрвені 2026 года Раман Пратасевіч апублікаваў матэрыялы, паводле якіх Харысава нібыта была завербаваная СБУ і перадавала закрытую інфармацыю за грошы. Насамрэч пад выглядам СБУ праходзіла аперацыя КДБ Беларусі. Харысава назвала інцыдэнт вынікам правакацыі і псіхалагічнага ціску. Паводле яе слоў, кантакт адбыўся ў перыяд цяжкай дэпрэсіі і пасля ДТЗ. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што ўнутраная праверка не выявіла ўцечкі важнай інфармацыі. На час праверкі Харысава прыпыніла палітычную дзейнасць.

У ліпені 2026 года ўнутраныя праверкі службаў бяспекі дэмсіл пацвердзілі, што ўцечкі закрытай інфармацыі не было, а факты атрымання грошай не пацвердзіліся. Незалежная экспертыза выявіла, што агучаны ў відэа голас быў згенераваны штучным інтэлектам, а скрыншоты зроблены з фэйкавага акаўнта.

Пасля праверак фракцыя «Еўрапейскі выбар» падтрымала вяртанне Харысавай да працы ў Каардынацыйнай радзе, дзе яна засяродзілася на тэхнічнай падрыхтоўцы прадстаўніцтва ў ПА АБСЕ. Пры гэтым спікер Рады Арцём Брухан выказаў сумнеў у яе далейшай падтрымцы дэлегатамі.

Супрацоўніцтва Харысавай з Офісам Ціханоўскай было канчаткова спынена па ўзаемнай згодзе з рэпутацыйных прычын. Яна таксама ўзяла паўзу ў працы ў Задзіночанні беларускіх студэнтаў і звярнулася ў паліцыю Германіі з заявай пра спробу вярбоўкі і пагрозы бяспецы.

Крыніцы

Катэгорыя:Палітолагі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Мюнхенскага тэхнічнага ўніверсітэта Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі