Ян Гружэўскі (; 1578, Нягневічы, Наваградскае ваяводства — 12 жніўня 1646, Варшава ) — царкоўны дзеяч, тэолаг, святар-езуіт, рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі ў 1618–1625 і 1642–1645 гадах.

Біяграфія Бацькамі Гружэўскага былі Мікалай Гружэўскі і Райна Фурсаўна. Бацька Гружэўскага быў католікам, звязаным з дваром Мікалая Радзівіла «Сіроткі». Дзякуючы гэтым сувязям Гружэўскі ўступіў у Таварыства Ісуса ў Рызе (1597). Пасля вучобы ў езуіцкіх калегіумах у Дэрпце (1597), Браунсберге (1598-1600) і Вільні ён паехаў вывучаць тэалогію ў Рым, дзе быў пасвечаны ў святары.

У 1605 г. у Рыме на ўшанаванні кардынала Сцыпіёне Кафарэлі-Баргезе (Scipione Caffarelli-Borghese) Ян Гружэўскі публічна прачытаў па-літоўску вершы з 2-й часткі 4-га верша 11-га раздзела Кнігі Ісаі: «Ён уразіць сваіх і прынясе смерць бязбожным».

Па вяртанні з Рыму атрымаў ступень доктара тэалогіі (1609). Быў прафесарам філасофіі ў Пултуску (1609–1611 і 1612–1613) і Браневе (1613–1614), маральнай тэалогіі ў Нясвіжы (1611–1612) і схаластычнай тэалогіі ў Вільні (1615–1616).

У Вільні ён быў дарадцам уніяцкага мітрапаліта Іосіфа Вельяміна Руцкага і віленскага архімандрыта Іасафата Кунцэвіча па пытаннях рэарганізацыі уніяцкага манаства, шмат спрычыніўся да адраджэння базыльянскага кляштара ў Вільні.

У 1618-1625 гадах — рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі. Падчас рэктарства Гружэўскага ў 1619 годзе адбылася бойка паміж студэнтамі Акадэміі і студэнтамі лютэранскай школы.Piechnik Ludwik. Rozkwit Akademii Wileńskiej w latach 1600—1655. Rzym, 1983. S. 26-28.

З-за пачатку эпідэміі ў Вільні ў 1624 годзе мусіў распусціць акадэмію, сам з некалькімі братамі-езуітамі застаўся ў горадзе, заснаваў шпіталь для хворых па-за горадам. Зімою 1626 года эпідэмія была прыціхла, заняткі былі адноўлены для 720 вучняў, але чарговае вяртанне эпідэміі вымусіла зноў спыніць навучанне.

Перабраўся ў Варшаву, дзе стаў прапаведнікам караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1626—30), прэпазітам дома прафесаў у Варшаве (1628—31).

У 1631 годзе вярнуўся ў Вільню, дзе заняў пазіцыю прафесара тэалогіі і падканцлера Акадэміі. Прарэктар Дома прафесаў у Вільні (1641–1642) і рэктар Акадэміі ў другі раз (1641–1643), падчас гэтага кіравання арганізаваў новую езуіцкую пляцоўку ў Коўне. У 1644 годзе з дапамогай фундацыі Казіміра Льва Сапегі адкрыў юрыдычны факультэт у Віленскай акадэміі (Schola Sapiehana).

З 1643 стаў правінцыялам Літоўскай езуіцкай правінцыі, смерць генерала ордэна Муцыё Вітэллескі ў 1645 годзе вымусіла Гружэўскага склікаць VIII кангрэгацыю Літоўскай езуіцкай правінцыі ў Пінску. На мяжы 1645/1646 гадоў удзельнічаў у Генеральнай кангрэгацыі Таварыства Ісуса ў Рыме для выбараў новага генерала, вярнуўся з Рыму хворым і памёр у Варшаве.

Тэалагічныя погляды Аўтар тэалагічных трактатаў:

–. [Tractatus theologici]. 1. Tractatus Primus De Poenitentia. 2. Tractatus De CenC suris. 3. Tractatus De Censura Excommunicationis. 4. Tractatus De Sacramento Matrimonii. VUB, F3-2107, 1611.

–. Ultima et maxima hominis mutatio. Sive de mystica cum Deo unione, eaque admi rabili, et de duplici dispositione ad eandem, tribus libris explicanda. Vilnae: typis Academicis Societatis Iesu, 1641.

–. Ultima et maxima hominis mutatio sive de mystica eaque admirabili illius, cum Deo unione, et de duplici dispositione ad eandem, tribus libris explicanda. Vilnae: typis Academicis Societatis Iesu, 1644.

Як тэолаг, ён пашырыў сваю працу далёка за межы духоўных пытанняў, ахопліваючы маральныя і юрыдычныя пытанні. Каменціраваў арыстоцелеўскую этыку з пункту гледжання тэалагічнай дагматыкі, прытрымліваючыся сярэднявечных аўтараў, асабліва Аўгусціна Гіпонскага і Фамы Аквінскага.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Беларусі Катэгорыя:Рэктары Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Постаці Нясвіжа Катэгорыя:Постаці Бранева Катэгорыя:Езуіты Беларусі Катэгорыя:Езуіты Польшчы Катэгорыя:Памерлі ў 1646 годзе Катэгорыя:Памерлі 12 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1578 годзе

Катэгорыя:Памерлі ў Варшаве Катэгорыя:Тэолагі XVII стагоддзя Катэгорыя:Тэолагі