Афганскі паход Чырвонай арміі 1929 года — ваенная аперацыя Чырвонай арміі на тэрыторыі Афганістана.

Перадгісторыя Афганістан быў адной з першых краін, якія ўсталявалі дыпламатычныя адносіны з Савецкай Расіяй. У прыватнасці, бальшавікі аказвалі дапамогу афганцам у вайне з брытанцамі 1919 года. У 1921 годзе Кабул і Масква падпісалі дагавор аб дружбе.

Тым часам савецкую Сярэднюю Азію захліснуў антысавецкі рух, вядомы як басмацтва. Паўстанцкія атрады базаваліся ў Іране і паўночных раёнах Афганістана. У другой палове 20-х гадоў савецкі ўрад пачаў жорсткі палітычны ціск на Кабул па выправаджэнні басмацкіх сіл з яго тэрыторыі. У выніку прынятых мер дружалюбна настроены да Савецкай Расіі Аманула-хан стаў усяляк супрацьдзейнічаць паўстанцам, перакрываць іх каналы дапамогі ад брытанскіх спецслужб.

У канцы 1928 года ў Афганістане пачалася грамадзянская вайна. На чале апазіцыі стаяў Хабібула Калакані, падтрыманы брытанцамі і басмачамі. Аманула вымушаны быў бегчы ў горныя раёны, а адразу пасля гэтага пачалося ўварванне рэарганізаваных і пераўзброеных басмачоў з тэрыторыі Афганістана ў савецкія рэспублікі Сярэдняй Азіі.

Савецкі кантынгент У сакавіку 1929 года Іосіф Сталін праводзіць строга канфідэнцыйную сустрэчу з міністрам замежных спраў Афганістана Сідзік-ханам. Было прынята рашэнне тэрмінова сфармаваць спецатрад з камуністаў і камсамольцаў для адпраўкі ў Афганістан. Удзельнікаў паходу асабіста адбіраў намеснік камандуючага Сярэднеазіяцкай ваеннай акругай Маркіян Германовіч.

Склад атрада быў наступным: дзве тысячы коннікаў, апранутых у афганскую ваенную форму, 4 горныя гарматы, 12 станковых і 12 ручных кулямётаў, магутная радыёстанцыя. Камандаваў кантынгентам Віталь Прымакоў, які называўся «турэцкім афіцэрам Рагіб-беем». Раней, з 1927 года, ён займаў пасаду савецкага ваеннага аташэ ў Афганістане.

Правядзенне аперацыі 15 красавіка 1929 года савецкія войскі пераправіліся праз памежную раку Амудар’я ў раёне таджыкскага горада Тэрмез. Атрад Прымакова раптам атакаваў пры падтрымцы авіяцыі пагранпост Пата-Кісар, а пасля рушыў на Мазары-Шарыф, бой за які ішоў цэлы дзень. Па выніку, савецкія сілы ўзялі горад. Поспех вызначыла ўмелае кіраванне кулямётным агнём.

Гарнізон суседняй крэпасці Дэйдады і мясцовае апалчэнне распачалі спробу выбіць інтэрвентаў. Да ночы афганскія камандзіры, пасля шэрагу правальных атак і вялікай колькасці страт, прыпынілі штурм. Замест гэтага Мазары-Шарыф аблажылі: перакрылі арыкі, пазбавіўшы вады савецкі полк і саюзны афганскі батальён.

На дапамогу атраду Прымакова, прарваўшы мяжу, выйшаў другі атрад з 400 чырвонаармейцаў у афганскай форме пры 6 гарматах і 8 кулямётах пад камандаваннем «Зелім-хана» (Івана Пятрова). Афганская памежная застава, якая спрабавала спыніць атрад, была разбіта агнём артылерыі і кулямётаў пры падтрымцы бомба-штурмавых удараў авіяцыі. Пасля хуткага маршу да Мазары-Шарыфа і бою атрад Прымакова быў дэблакаваны. Неўзабаве савецкія войскі бяруць крэпасць Дэйдады.

Савецкі атрад некалькімі калонамі накіраваўся на поўдзень. Адна з калон неўзабаве ўступіла ў бой з басмачамі Ібрагім-бека і афганскіх мяцежнікаў. У ходзе сутыкнення савецкія сілы разграмілі праціўніка. Атрад Прымакова бярэ адзін за адным важныя гарады Балх і Ташкурган, але яго адклікаюць у Маскву, куды ён быў перакінуты спецавіярэйсам. Камандаванне атрадам прыняў «Алі Авзаль-хан» — Аляксандр Чарапанаў.

Раптам Аманула-хан, які да гэтага быў настроены вельмі рашуча, адмаўляецца ад працягу барацьбы, забірае дзяржаўныя сродкі, якія былі ў яго руках, і назаўжды з’язджае на захад. Савецкая ваенная прысутнасць у Афганістане аказвалася цяпер без усялякіх дыпламатычных абгрунтаванняў і ў гэтым выпадку СССР быў бы абвешчаны агрэсарам. Таму атрад атрымаў загад вяртацца на радзіму.

Страты Паводле савецкіх ацэнак, у ходзе аперацыі з боку Чырвонай арміі каля 120 чалавек забіты і паранены. У праціўніка — больш за 8 тысяч забітымі.

Наступствы Хоць Аманула-хан не вярнуўся да ўлады, але падчас баявых дзеянняў былі разгромленыя базы басмачоў у Паўночным Афганістане. Звыш 300 салдат і афіцэраў з прыкладна 2500 атрымалі вышэйшую ўзнагароду СССР у тыя гады – ордэн Чырвонага Сцяга.

У канцы чэрвеня 1930 года савецкія войскі, часткі зводнай кавалерыйскай брыгады зноў з’явіліся ў Афганістане па ўзгадненні з афганскімі ўладамі для барацьбы з басмачамі.

Крыніцы Как наши воевали в Афганистане в конце 20-х годов Катэгорыя:Канфлікты 1929 годаКатэгорыя:Войны СССРКатэгорыя:Войны АфганістанаКатэгорыя:Красавік 1929 годаКатэгорыя:Май 1929 года