Генуэзская канферэнцыя 1922 — міжнародная канферэнцыя па эканамічных і фінансавых пытаннях, якая адбылася 10 красавіка — 19 мая 1922 года ў Генуі (Італія). Яе галоўнай мэтай быў пошук шляхоў эканамічнага аднаўлення Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля Першай сусветнай вайны, а таксама вызначэнне форм узаемаадносін паміж еўрапейскімі дзяржавамі і Савецкай Расіяй.Снапкоўскі У. Е. Генуэзская канферэнцыя 1922 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 160. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0.
У канферэнцыі ўдзельнічалі 29 дзяржаў, у тым ліку РСФСР, і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Савецкую дэлегацыю ўзначальваў народны камісар замежных спраў Георгій Чычэрын. Яна прадстаўляла не толькі РСФСР, але і інтарэсы іншых савецкіх рэспублік, у тым ліку БССР.
Перадумовы Пасля Першай сусветнай вайны гаспадарка многіх краін Еўропы знаходзілася ў цяжкім стане. Асабліва складанай была сітуацыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, дзе ваенныя разбурэнні, змена дзяржаўных меж, праблема ваенных даўгоў і недахоп міжнародных крэдытаў тармазілі аднаўленне эканомікі. Генуэзская канферэнцыя задумвалася як агульнаеўрапейская спроба ўзгадніць эканамічную і фінансавую палітыку пасляваеннага часу.
Асобнае значэнне мела пытанне аб адносінах еўрапейскіх дзяржаў з Савецкай Расіяй, якая пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны заставалася ў міжнароднай ізаляцыі. Для заходніх дзяржаў важнымі былі пытанні даўгоў царскага і часова ўрадаў, лёсу нацыяналізаванай уласнасці і ўмоў гандлю з савецкай дзяржавай.
Ход канферэнцыі
Прадстаўнікі вядучых еўрапейскіх дзяржаў патрабавалі ад Савецкай Расіі прызнаць даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам і адмяніць манаполію знешняга гандлю. Савецкая дэлегацыя гэтыя патрабаванні адхіліла. У адказ яна патрабавала кампенсацыі страт, нанесеных замежнай інтэрвенцыяй і эканамічнай блакадай.
Перамовы паміж савецкай дэлегацыяй і прадстаўнікамі заходніх дзяржаў не прывялі да агульнага пагаднення. Савецкі бок не дамогся анулявання даўгоў, атрымання міжнародных крэдытаў і поўнага дыпламатычнага прызнання савецкай дзяржавы дэ-юрэ.
Эканамічныя і фінансавыя пытанні Важнае месца займалі фінансавыя пытанні. Абмяркоўваліся ўмовы стабілізацыі нацыянальных валют, паляпшэння абменных курсаў, каардынацыі дзейнасці цэнтральных банкаў і паступовага вяртання да залатога стандарту ў мадыфікаванай форме — праз выкарыстанне золата і валют, канвертоўных у золата, у якасці рэзерваў. Гэтыя рашэнні не стварылі ўстойлівай міжнароднай валютнай сістэмы, але сталі адным з этапаў фарміравання міжваеннага золатадэвізнага стандарту.
Асобна разглядаліся пытанні крэдытаў, дзяржаўных даўгоў, вяртання прыватнай уласнасці, свабоды гандлю і зняцця перашкод для міжнародных эканамічных сувязяў. У цэнтры еўрапейскіх супярэчнасцей заставалася і праблема германскіх рэпарацый: Вялікабрытанія імкнулася змякчыць фінансавы ціск на Германію дзеля агульнага аднаўлення еўрапейскай гаспадаркі, а Францыя настойвала на захаванні гарантый выплаты рэпарацый паводле пасляваенных дамоўленасцей.
Рапальскі дагавор Адным з галоўных палітычных вынікаў канферэнцыі стала заключэнне Рапальскага дагавора паміж РСФСР і Германіяй. Дагавор быў падпісаны 16 красавіка 1922 года ў Рапала каля Генуі. Ён прадугледжваў узаемную адмову ад фінансавых прэтэнзій, аднаўленне дыпламатычных адносін і развіццё эканамічных сувязяў паміж РСФСР і Германіяй.
Падпісанне дагавора паказвала магчымасць асобных дамоўленасцей паміж дзяржавамі, якія пасля Першай сусветнай вайны апынуліся ў складаным дыпламатычным становішчы. Умовы Рапальскага дагавора пазней былі распаўсюджаны на іншыя савецкія рэспублікі, у тым ліку БССР. Германія стала другой пасля Польшчы замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.
Беларускае пытанне Генуэзская канферэнцыя мела значэнне і для беларускага нацыянальнага руху. Рада міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі імкнулася выкарыстаць яе для міжнароднага прызнання БНР. У Геную была накіравана дэлегацыя ў складзе старшыні Рады міністраў Вацлава Ластоўскага і міністра замежных спраў Аляксандра Цвікевіча.
Перад дэлегацыяй ставіліся задачы ўзняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора, дамагчыся ўключэння ў парадак дня канферэнцыі пытання аб незалежнасці Беларусі, а таксама пытання аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі Першай сусветнай вайной. У красавіку — маі 1922 года быў падрыхтаваны мемарандум БНР да Генуэзскай канферэнцыі.
Беларускае пытанне разглядалася ў палітычнай камісіі канферэнцыі, аднак на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.
Вынікі і значэнне Генуэзская канферэнцыя не прывяла да заключэння ўсеагульнага пагаднення аб пасляваенным эканамічным аднаўленні Еўропы. Не былі канчаткова вырашаны пытанні германскіх рэпарацый, міжнародных крэдытаў, даўгоў, нацыяналізаванай уласнасці і юрыдычнага прызнання савецкай дзяржавы заходнімі краінамі. Спроба ўзгадніць інтарэсы дзяржаў-пераможцаў, Германіі, краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Савецкай Расіі выявіла глыбокія палітычныя і эканамічныя супярэчнасці пасляваеннага парадку.
Разам з тым канферэнцыя мела значэнне як адзін з найбольш маштабных дыпламатычных форумаў пачатку 1920-х гадоў. Яна стала першай буйной пасляваеннай сустрэчай, на якой Германія і Савецкая Расія ўдзельнічалі разам з дзяржавамі Антанты на адносна роўных умовах. У фінансавай сферы канферэнцыя замацавала ідэю міжнароднай каардынацыі валютнай палітыкі і супрацоўніцтва цэнтральных банкаў, а таксама падтрымала прынцыпы валютнай стабілізацыі і золатадэвізнага стандарту.
Галерэя
Літаратура Снапкоўскі У. Е. Генуэзская канферэнцыя 1922 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 160. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0. Fink, Carole. The Genoa Conference: European Diplomacy, 1921—1922. — Chapel Hill: University of North Carolina Press, 1984.
Спасылкі Генуэзская канферэнцыя 1922 // Беларуская Энцыклапедыя на Verbum.by. Conference of Genoa // Encyclopaedia Britannica. German-Russian Agreement; April 16, 1922 // The Avalon Project. Мемарандум БНР Генуэзскай канферэнцыі // Архівы Беларусі. Абмеркаванне вынікаў Генуэзскай канферэнцыі ў Палаце абшчын Вялікабрытаніі, 25 мая 1922 // Hansard. Genoa Financial Commission Report // FRASER, Federal Reserve Bank of St. Louis.
Катэгорыя:Міжнародныя канферэнцыі Катэгорыя:Генуя Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Беларуская Народная Рэспубліка Катэгорыя:Красавік 1922 года Катэгорыя:Май 1922 года