Сядзібна-паркавы комплекс Вендорфаў — помнік сядзібнай архітэктуры ў в. Галынка (Клецкі раён), захаваліся фрагменты.

Гісторыя З пісьмовых крыніц вядома, што маёнтак у Лецяшыне быў вотчынай дваранскага роду Вендорфаў. Сядзіба была сфарміравана ў XVIII ст. у барочных формах на рачной тэрасе р. Нача (прыток Лані). Па жаночай лініі маёнтак перайшоў у валоданне Лазінскіх, якім належаў да 1939 года.

Сядзіба згарэла ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся фрагменты парку, руіны падмуркаў будынкаў, руіны капліцы, рэшткі галубятні.

Былыя збудаванні

Да былых збудаванняў адносіўся будынак, які размяшчаўся ў заходняй частцы ад партэра, насупраць «Імбара». Па захаванай гістарычнай фатаграфіі, выкананай Я. Булгакам у 1925 годзе, можна апісаць вонкавы выгляд галоўнага фасада дадзенай пабудовы. Асноўны аб’ём будынка прамавугольны ў плане, па асобных знешніх прыкметах нагадвае архітэктуру сядзібнага дома: тыя ж афарбаваная ў белы колер вуглавыя і аконныя ліштвы, здвоеныя пары калон на ганку, якія падтрымліваюць падстрэшак над ім, які з’яўляецца працягам даху, высокі двухсхільны дах з шырокай пячной трубой па каньку даху. З заходняга боку захаваўся яшчэ адзін ганак з двума ступенямі. Вонкавы прэзентабельны выгляд хутчэй за ўсё адказвае жылому прызначэнню, верагодна, афіцына (ці флігель) — спецыяльная надворная пабудова шляхецкай сядзібы ў Беларусі, куды пераносіўся комплекс службовых памяшканняў, што дазваляла пакінуць у сядзібным доме толькі парадныя і жылыя памяшканні.

Капліца

Згодна з надпісам, высечаным на камяні, які ўмураваны ў цагляны мур галоўнага фасада, капліца была пабудавана ў 1809 г. Узор класіцызму ў беларускай архітэктуры малых форм. Па захаваных фрагментах сцен можна зрабіць выснову, што гэта быў сіметрычны квадратны невялікі ў плане цагляны будынак 5.0 х 5.0 м, вышынёй ад зямлі да карніза каля 3.2 м, з двума трохвугольнымі франтонамі па галоўнай восі і двухсхільным дахам, які быў сарваны падчас урагану ў пачатку 1960-х гадоў. Па захаваных вуглавых фрагментах мура можна мяркаваць, што раней памяшканне было перакрыта крыжовым цагляным скляпеннем, да цяперашняга моманту страчанага.

Галубятня

З малых архітэктурных формаў упрыгожваннем маёнтка была галубятня (паводле надпісу на ўмураваным у мур камені — 1811 года). Васьмікутны ў плане будынак з агульнымі габарытамі 7.4 х 7.4 і вышынёй каля 5.0 м, (з даўжынёй усіх граняў роўна па 3.08 м), быў складзены з чырвонай цэглы на вапнавым растворы з шырокімі швамі і раней звонку быў атынкаваны. Сцены таўшчынёй у ніжнім ярусе 0,8 м, у верхнім 0,65 м, з вялікімі прамавугольнымі праёмамі закладзены цэглай у шахматным парадку, што стварае жывапісныя рады прадушын для вентыляцыі.

Дэкаратыўны павільён парка выконваў раней ўтылітарную функцыю (тут захоўвалі гаспадарчы інвентар на першым узроўні) і служыў жыллём для галубоў. Традыцыя разводзіць галубоў у магнацкіх і шляхецкіх сядзібах узыходзіць да XVI ст. і звязана з паштовымі патрэбамі, а таксама для ўпрыгожання ландшафту.

Парк У наш час парк практычна цалкам страчаны. Прасочваюцца месцы размяшчэння сядзібнага дома, афіцыны. На руінах падмурка растуць маладыя бярозы і вербы. Выяўлена тэрыторыя былога газона, па краі якога растуць адзіночныя дрэвы ліпы, клён і прыгожае буйное дрэва вяза вышынёй да 30 м. На былым газоне з даўніх часоў вядуцца адзіночныя кусты бэзу і шыпшынніка, уздоўж тэрасы таполі. Вадаёмы даўно спушаны, параслі алешынай. Злёгку ўзгадваецца месцазнаходжанне тэрас рэгулярнага парка.

Спасылкі

heritage.gov.by

Катэгорыя:Галынка (Клецкі раён) Катэгорыя:Славутасці Клецкага раёна