Эдуард Сцяпанавіч Каляда ( — ) — работнік сельскай гаспадаркі ў БССР, Герой Сацыялістычнай Працы (1966).

Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Панямонь на Навагрудчыне. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам атрада імя Жданава партызанскай брыгады імя Дзяржынскага. У ліпені 1944 г. стаў чырвонаармейцам, у кастрычніку гэта ж года трапіў на фронт. Кулямётчык Каляда асабліва вызначыўся ў баях на Одэры ў лютым 1945 г.

Пасля цяжкага ранення Эдуард Каляда быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў роднае сяло. Працаваў бібліятэкарам, рахункаводам паляводчай брыгады калгаса імя Шчорса. Праз некаторы час стаў брыгадзірам паляводаў, актыўна ўкараняў перадавыя агранамічныя прыёмы. У 1965 г. брыгада Каляды атрымала па 30 цэнтнераў збожжа, 217 цэнтнераў бульбы, 414 цэнтнераў цукровых буракоў, 12 цэнтнераў ільновалакна з гектара. Грашовы даход з кожнага гектара склаў 5000 рублёў.

Эдуард Каляда працаваў брыгадзірам, загадчыкам вытворчага ўчастка гаспадаркі, завочна скончыў сельскагаспадарчы інстытут. У дзясятай пяцігодцы на яго ўчастку было атрымана па 37,3 цэнтнера збожжавых, 636,8 цэнтнераў караняплодаў з гектара. У 1976 г. было сабрана 46,4 цэнтнера збожжа, 220 цэнтнераў бульбы, 7,4 цэнтнера насення льну, 8,5 цэнтнераў ільновалакна з гектара. З 1976 г. да выхаду на пенсію Эдуард Каляда працаваў аграномам-лугаводам калгаса.

Узнагароды Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 чэрвеня 1966 г. за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўкі жыта, пшаніцы, грэчкі і іншых збожжавых і кармавых культур, Эдуарду Сцяпанавічу Калядзе было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1945), медалямі.

Літаратура Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя: у 5 т. — Мінск, 1981. — Т. 5. — С. 277.

Спасылкі

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Навагрудскім раёне Катэгорыя:Героі Сацыялістычнай Працы