Ко́мтурства (таксама камандо́рства, каме́нда) — мінімальная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе еўрапейскіх зямельных уладанняў ваенна-манаскіх (рыцарскіх) ордэнаў у Сярэднявеччы. Тэрмін таксама прымяняецца непасрэдна да маёнтка або замка, у якім пражывалі рыцары комтурства, і да даходаў (эмалюментаў), якія надаваліся яго кіраўніку. На чале комтурства стаяў комтур (камандор).

Тэрмін найчасцей ужываецца ў адносінах да Ордэна Святога Іаана Іерусалімскага (дзе ўпершыню была ўведзена падобная сістэма) або да Тэўтонскага ордэна. У Ордэне тампліераў комтурствам адпавядалі прэцэпторыі.

Этымалогія Слова паходзіць ад французскага тэрміна або commenderie, якое ўтварылася ад сярэднявечнага лацінскага commendaria або commenda (што азначала «даручэнне» або «апеку», маёмасць, якая перадавалася ў часовае кіраванне — in commendam). У Ордэне гаспітальераў слова «комтурства» (commanderie) пачало афіцыйна выкарыстоўвацца пасля рэформы 1267 года. Гісторыкі захоўваюць гэтую назву ў перавагу тэрміну «прэцэпторыя», які з’яўляецца памылковай франкізацыяй лацінскага praeceptoria, гэтак жа як praeceptor (прэцэптар) пазначаў кіраўніка дома.

У Тэўтонскім ордэне выкарыстоўваліся нямецкія тэрміны Komturei або Kommende, а кіраўнік называўся Komtur.

Гісторыя і паходжанне З’явіўшыся ў XII стагоддзі, комтурствы існавалі да таго часу, пакуль існавалі самі ваенныя ордэны. Іх вытокі варта шукаць у дарэнні, зробленым у 1099 годзе Готфрыдам Бульёнскім Ордэну Святога Іаана Іерусалімскага ў знак падзякі за аказаныя паслугі. Ён перадаў «чорным манахам» брата Жэрара ўмацаваную вёску Эсілія ў Палесціне і свой феод Манбон у Брабанце, а таксама дзве грамадскія печы.

Гэтая практыка атрымання ахвяраванняў дазволіла ордэнам стварыць велізарныя тэрытарыяльныя імперыі ў Еўропе. Да 1300 года толькі ў Тэўтонскім ордэне налічвалася каля 300 комтурстваў, размешчаных па ўсім кантыненце: ад Сіцыліі да Прыбалтыкі.

Іерархія і структура

Звычайна зямельная маёмасць ордэнаў мела дакладную іерархічную структуру. Уладанні дзяліліся на прыяраты, якія падзяляліся на балеі (правінцыі), а тыя, у сваю чаргу, складаліся з комтурстваў. На чале кожнага комтурства стаяў камандор або комтур. Памер і магутнасць такіх адзінак моцна вар’іраваліся: найменшыя і самыя бедныя комтурствы маглі выставіць толькі па дзясятку ўзброеных воінаў, у той час як найбуйнейшыя і самыя ўплывовыя — больш за тысячу.

Тэрмін абазначаў не проста адзінкавы будынак, а цэлую тэрытарыяльную акругу, якая складалася з «мацярынскага» дома і некалькіх падпарадкаваных гаспадарак і зямель. Як правіла, комтурства ўключала адзін цэнтральны замак або галоўны маёнтак з прылеглымі тэрыторыямі. У комплексе абавязкова прысутнічала капліца і будынкі, неабходныя для паўсядзённага жыцця: жылыя памяшканні для братоў і рыцараў, трапезная, стайні, зала капітула і інш. Звычайна комтурства ўключала ад 1 да 3 ферм ці дамоў (лац.: domus), але іх колькасць магла дасягаць і дзясятка. Яны мелі падабенства з цыстэрцыянскімі манастырскімі мызамі (гранжамі), але адрозніваліся тым, што ў domus заўсёды пражывалі людзі на пастаяннай аснове.

Функцыі і эканоміка Комтурствы маглі быць сельскімі (размешчанымі на прыбытковых землях), гарадскімі ці нават партовымі, асабліва калі рыцары атрымлівалі манаполію або прывілеі на гандаль ці транспарціроўку пілігрымаў. У зонах баявых дзеянняў, напрыклад, у Святой зямлі, комтурствы ўяўлялі сабой фартыфікацыйныя збудаванні або ўмацаваныя сельскія маёнткі. Паводле аналізу гісторыка Алена Дэмуржэ, уладанні ў «тыле», на прыбытковых землях Еўропы, дазвалялі фінансава забяспечваць ваенныя патрэбы «фронту».

На землях комтурстваў актыўна вялася сельскагаспадарчая дзейнасць і гадавалі коней для ваенных патрэб. Яны выконвалі важную эканамічную ролю ў сваіх рэгіёнах, рэалізуючы лішкі прадукцыі на кірмашах і рынках. Праводзіліся маштабныя працы па асваенні тэрыторый: высечка лясоў, асушэнне балот, стварэнне сажалак для рыбаводства. Кожнае комтурства магло спецыялізавацца на пэўным тыпе вытворчасці. На ордэн працавалі сем’і свабодных сялян, прыгонныя, а таксама шматлікія рамеснікі. Даходы фармаваліся з дзесяціны, іншых падаткаў і прыватных ахвяраванняў.

Некаторыя ваенныя ордэны таксама выконвалі шпітальныя функцыі. На шляхах пілігрымак (напрыклад, у Іерусалім або па Шляху Святога Якава) пры комтурствах ствараліся адмысловыя ўстановы — xenodochium (напаўгасцініцы-напаўшпіталі), дзе вандроўнікі і паломнікі маглі атрымаць прытулак, догляд і дапамогу.

Заняпад і сучаснае выкарыстанне У Англіі ў 1540 годзе ўсе ўладанні рыцараў-гаспітальераў (да якіх у англійскай мове першапачаткова і адносіўся тэрмін commandery) былі канфіскаваныя ў карысць кароны падчас працэсу роспуску манастыроў. З часам, па меры знікнення або трансфармацыі ваенна-манаскіх ордэнаў, класічныя комтурствы перасталі існаваць як самастойныя феадальныя адзінкі.

У сучасным свеце тэрмін «комтурства» або «камандорства» выкарыстоўваецца пераважна ў гістарычным кантэксце, а таксама ў структуры некаторых сучасных брацтваў і арганізацый. У прыватнасці, так называюцца тэрытарыяльныя аддзяленні Брытанскага Ордэна Святога Іаана. Тэрмін таксама прыжыўся ў масонстве: так называюцца падраздзяленні Рыцараў-Тампліераў у межах Ёркскага статуту, а таксама аддзяленні Ваеннага ордэна замежных войнаў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Рыцарскія ордэны Катэгорыя:Гісторыя феадалізму Катэгорыя:Сярэдневякоўе Катэгорыя:Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі