Дана́тар (ад — «дарыльшчык») — у каталіцкай і пратэстанцкай традыцыях заказчык твораў выяўленчага мастацтва або архітэктурнага збудавання (храма), які ахвяраваў на гэта ўласныя сродкі. Таксама ў мастацтве Сярэднявечча і эпохі Адраджэння — характэрная выява самога будаўніка храма або заказчыка твора жывапісу. У шырокім сэнсе данатарам называюць любога ахвярадаўца на храм, незалежна ад рэлігіі.

У Праваслаўнай царкве і Старажытнаўсходніх праваслаўных цэрквах аналагічная асоба называецца кцітарам, а ў гістарычнай традыцыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай — фундатарам (ад — заснаванне). Данатара таксама варта адрозніваць ад мецэната, які займаўся падтрымкай мастацтва на пастаяннай аснове, у тым ліку і свецкіх яго формаў.

У мастацтве У выяўленчым мастацтве Сярэднявечча і эпохі Адраджэння былі распаўсюджаны выявы данатараў — як правіла, у жывапісе, радзей у скульптуры і на вітражах. Данатара звычайна адлюстроўвалі ў позе адаранта (у малітве) перад Ісусам Хрыстом, Багародзіцай або мясцовашанаванымі святымі. Выявы данатараў часцей за ўсё рабіліся на бакавых створках алтароў або ў ніжняй частцы карціны. Данатар, які спансаваў будаўніцтва храма, звычайна выяўляўся з яго паменшанай мадэллю ў руках. Гэты звычай узнік яшчэ ў пачатку нашай эры, калі храмы нярэдка ўпрыгожвалі мазаікамі ці фрэскамі з выявай кцітара або данатара, які даў сродкі на яго ўзвядзенне.

Імкненне мастакоў надаць вобразам данатараў індывідуальныя, пазнавальныя рысы паспрыяла станаўленню і развіццю партрэтнага жанру ў еўрапейскім мастацтве XV і XVI стагоддзяў. Яркія ўзоры такіх партрэтаў сустракаюцца ў творчасці Ганса Мемлінга, Ераніма Босха, Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Адным з самых вядомых прыкладаў ранняга нідэрландскага жывапісу з'яўляецца карціна Яна ван Эйка «Мадонна канцлера Ралена» (1435), дзе заказчык намаляваны побач з Багародзіцай (захоўваецца ў Луўры). Акрамя жывапісу, данатары фігуравалі на мазаіках, мініяцюрах у рукапісах, а таксама на рэльефах храмавых фасадаў.

У эпоху готыкі практыкавалася як індывідуальнае, так і калектыўнае данатарства. Напрыклад, вітражы сабора ў Манце былі створаны па замове цэха вінаробаў у 1254 годзе, а шэраг вітражоў Шартрскага сабора прафінансавалі рамесныя карпарацыі, з-за чаго на іх з'явіліся сцэны адпаведных рамёстваў.

Гл. таксама Фундатар Кцітар Спонсар Мецэнат

Крыніцы

Літаратура

Муратова К. М. Мастера французской готики 12-13 веков.— М.: Искусство, 1988.

Катэгорыя:Дабрачыннасць Катэгорыя:Выяўленчае мастацтва Катэгорыя:Каталіцтва Катэгорыя:Пратэстанцтва Катэгорыя:Дабрачыннасць