Уладзімір Міхайлавіч Кузьменка () — беларускі мастак.
Біяграфія Нарадзіўся 13 жніўня 1935 года на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці. Падчас Другой сусветнай вайны разам з маці, сястрой і братам вывезены акупантамі ў канцэнтрацыйны лагер Майданак. Пазней сям'ю перавезлі на прымусовыя працы ў Аўстрыю, дзе яны былі да вызвалення амерыканскімі войскамі..
Па сканчэнні вайны сям’я тры гады жыла ва Украінскай ССР, потым пераехала ў Літоўскую ССР. Праз цяжкія матэрыяльныя ўмовы Уладзіміра выхоўвалі ў дзіцячым доме ў Паброддзі, там атрымаў сярэднюю адукацыю.
У 1953 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, скончыў яго ў 1958 годзе. Працягваў адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, дыплом атрымаў у 1965 годзе. Па сканчэнні інстытута пэўны час працаваў у БССР, потым назаўсёды пераехаў у ЛітССР.
Актыўна ўдзельнічаў ў жыцці беларускай грамады Вільні. Займаўся мастацкім афармленнем беларускіх нацыянальных свят, выступаў на культурных імпрэзах, шмат падарожнічаў.
Памёр 19 чэрвеня 2005 года. Пахаваны на Ліпоўскіх могілках у Вільні.
Сям’я Быў жанаты са Святланай Курман, ураджэнкай Барысава, разведзены з 1970-х гадоў.
Дачка — Інга-Ліна (Inga-Lina Kuzmenko Lindqvist; нар. 25.4.1964, Вільня), з 1979 года жыве ў Швецыі, шведская пісьменніца і літаратурная крытык.
Творчасць Уладзімір Кузьменка ствараў як разнапланавы мастак, выкарыстоўваў тэхніку алейнага жывапісу, рысунку алоўкам і акварэлі. Асноўныя жанры і кірункі дзейнасці — партрэт, нацюрморт, краявіды (пейзаж), замалёўкі паўсядзённага жыцця.
Цэнтральнае месца ў творчасці займала старая Вільня і яе ваколіц. Даследчыкі адзначаюць, што творы Кузьменкі зафіксавалі архітэктурныя аб’екты горада, якія да 2010 года ўжо зніклі або могуць знікнуць неўзабаве.
Творы захоўваюцца ў музейных фондах і прыватных калекцыях у Беларусі, ЗША, Польшчы, Расіі, Літве, Швецыі.
Памяць У кастрычніку 2010 года Беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных Вільні арганізавала выстаўку твораў Уладзіміра Кузьменкі ў зале нацыянальных меншасцей (Дом нацыянальных меншасцей). Адкрыццё выставы наведалі прадстаўнікі беларускай і літоўскай грамадскасці, а таксама маці, брат, сястра і дачка мастака.
Крыніцы