Макрына Пашкоўская, сапраўднае імя Людміла Іванаўна Міронава () — беларуская мастачка. Асноўная тэма творчасці — архітэктурны гарадскі пейзаж Мінска.
Біяграфія Нарадзілася ў 1946 годзе ў Шаўлях (Літоўская ССР) у сям’і служачага. Скончыла сярэднюю школу і радыётэхнічны інстытут. Пераехала на сталае жыхарства ў Мінск.
Мастацкую дзейнасць пачала ў 1982 годзе, наведвала студыю выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Мікалая Цурыкава, пазней вучылася ў Вадзіма Муравіцкага. Паралельна навучалася на пяцігадовых мастацкіх курсах жывапісу і графікі. На творчае станаўленне мастачкі ўплывалі беларускія мастакі Яўген Кулік і Аляксей Марачкін.
Творчасць Творчасць Макрыны Пашкоўскай засяроджана на гістарычным абліччы Мінска, у прыватнасці Верхняга горада, «Ракаўскага прадмесця», «Траецкага прадмесця» і іншых месцаў. У творах імкнецца перадаць атмасферу старога горада праз выявы надворкаў, арак, брам і помнікаў архітэктуры, многія з якіх пазней рэканструяваны або цалкам страчаны.
Стварае ў розных графічных тэхніках — папера, кардон, аловак, туш, пяро, вугаль, крэйда, пастэль, сангіна, соус.
У 2008 годзе ў «Маладосці» (№ 3) выйшла інтэрв’ю з Макрынай Пашкоўскай, узятае Алесем Карлюкевічам.
Дакументы і творы мастачкі захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (фонды 372 і 374).
У 2024 годзе ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва створана віртуальная выстаўка твораў Макрыны Пашкоўскай «Сустрэча на Гасціным двары», прымеркаваная да Дня горада Мінска.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Мастакі Беларусі