Маста́цкая се́кцыя Інбелку́льта (таксама вядомая як се́кцыя маста́цтва, або се́кцыя белару́скага маста́цтва) — навукова-даследчае і творчае падраздзяленне Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), якое дзейнічала ў другой палове 1920-х гадоў. Галоўнымі кірункамі дзейнасці былі выяўленне, збор, вывучэнне і папулярызацыя помнікаў беларускай гісторыі і мастацтва, а таксама згуртаванне мастацкіх сіл рэспублікі.
Гісторыя стварэння Секцыя была створана пры Інбелкульце ў 1925 годзе. Пры ёй працавалі падсекцыі выяўленчага мастацтва і музыкі. Старшынёю секцыі быў абраны Я. Дыла, яго намеснікам стаў М. Красінскі, а на пасаду сакратара быў прызначаны мастацтвазнавец М. Шчакаціхін. У сваёй дзейнасці арганізацыя абапіралася на шырокае кола мастакоў, этнографаў і гісторыкаў. Секцыя выконвала ролю цэнтра згуртавання мастацкіх сіл да моманту стварэння Усебеларускага аб'яднання мастакоў.
Дзейнасць Даследчая і краязнаўчая праца Знаўцы выяўленчага мастацтва займаліся пошукамі і выданнем матэрыялаў па гісторыі беларускага мастацтва, апрацоўкай і вывучэннем калекцый Беларускага дзяржаўнага музея (БДМ), а таксама распрацоўкай мастацтвазнаўчай тэрміналогіі. Асобныя мастакі самі станавіліся даследчыкамі народнай спадчыны. Напрыклад, мастак М. Філіповіч стварыў некалькі альбомаў для БДМ, у якіх дэталёва замаляваў нацыянальную вопратку, сялянскія забудовы і прадметы побыту. А. Тычына падчас даследаванняў знайшоў у адной з цэркваў Случчыны рэдкія вырабы мясцовых ткачых. Вынікам сумеснай працы М. Лебедзевай, М. Філіповіча і А. Тычыны стаў альбом «Слуцкія паясы», для стварэння якога даследчыкам давялося працаваць у архівах і музеях Масквы, Ленінграда і Смаленска. Акрамя таго, секцыя дапамагала Віцебскаму мастацкаму тэхнікуму перайсці на нацыянальныя асновы выкладання і ўвядзення ў праграму гісторыі беларускага мастацтва.
У галіне тэатральнага і літаратурнага перакладу секцыя беларускага мастацтва пад кіраўніцтвам Я. Дылы падрыхтавала пераклады на беларускую мову класічных твораў сусветнай літаратуры, такіх як «Антыгона» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда і «Віндзорскія гарэзніцы» Шэкспіра.
Выставачная дзейнасць Адным з найважнейшых дасягненняў мастацкай секцыі стала падрыхтоўка і правядзенне Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі ў 1925 годзе. На ёй быў аформлены спецыяльны аддзел старажытнабеларускага мастацтва, які прадэманстраваў вынікі дзяржаўнай працы па ахове гістарычных помнікаў. У экспазіцыю ўвайшлі фатаграфіі і малюнкі архітэктурных помнікаў, копіі манументальных роспісаў з Полацка, старажытныя кнігі з гравюрамі, станковы жывапіс, а таксама вырабы з металу і дрэва. Таксама секцыя арганізавала першую Усебеларускую мастацкую выстаўку ў Маскве, якая вызначалася змястоўнасцю і навізной тэматыкі.
Вывучэнне арнаменту і слуцкіх паясоў У другой палове 1920-х гадоў вывучэнне старажытнага дойлідства, іканапісу, графікі і народнага арнаменту стала прыярытэтным напрамкам працы секцыі. Актыўны ўдзел у гэтай дзейнасці прымаў В. Ластоўскі. У 1927 годзе ён глыбока вывучаў наменклатуру беларускага арнаменту і рыхтаваў да друку адпаведны альбом. Адначасова навуковы сакратар Інбелкульта М. Шчакаціхін даследаваў паходжанне і гісторыю развіцця арнаментыкі слуцкіх паясоў. Секцыя беларускага мастацтва планавала выдаць яго грунтоўную манаграфію «Слуцкія паясы» ў 1927—1928 гадах, аднак з-за рэарганізацыі Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук у 1929 годзе і пачатку палітычных рэпрэсій гэтыя выдавецкія планы не былі рэалізаваны.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:З’явіліся ў 1925 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1929 годзе Катэгорыя:Інстытут беларускай культуры Катэгорыя:Гісторыя мастацтва Беларусі Катэгорыя:Навуковыя арганізацыі Беларусі