«Славя́нскія зе́млі» () — этнаграфічная карта славянства, складзеная выдатным славістам, мовазнаўцам і этнографам Паўлам Ёзафам Шафарыкам (1795—1861). Карта з’яўлялася часткай выдадзенай П. Ё. Шафарыкам у 1842 годзе ў Празе кнігі «Славянскі народапіс» (). Гэтае даследаванне заклала асновы славянскай этнаграфіі і мела вялікі поспех сярод навукоўцаў, вытрымаўшы тры выданні.

Яна лічыцца першай сучаснай этналінгвістычнай картай Усходняй Еўропы, якая візуалізавала тэрыторыі рассялення славянскіх і суседніх з імі народаў ад Балкан да Уральскіх гор.

Метадалогія і тапаніміка Картаграфічнай асновай для працы П. Ё. Шафарыка паслужыла тапаграфічная карта Еўропы нямецкага інжынера і картографа Даніэля Готлаба Рэймана. Пры вызначэнні этнічных межаў галоўным крытэрыем для аўтара з'яўлялася мова. Даследчык абапіраўся выключна на мову сельскага насельніцтва, лічачы гараджан «прышлымі», вандроўнікамі або рэнегатамі, якія не адлюстроўваюць спрадвечнага этнічнага аблічча канкрэтнай тэрыторыі.

Адной з адметных рыс карты з'яўлялася яе ўнікальная тапаніміка. Шафарык імкнуўся транскрыбаваць назвы населеных пунктаў у тых формах, якія выкарыстоўваліся дамінантнай этнічнай групай на месцах. Напрыклад, нягледзячы на тое, што для літоўскіх зямель ён карыстаўся пераважна рускімі ці польскімі крыніцамі, іх транскрыпцыя чэшскім алфавітам максімальна наблізіла тапонімы да нарматыўнай літоўскай мовы (шмат у чым заснаванай менавіта на чэшскай графіцы). Пры складанні карты ўкраінскіх зямель гэты метад таксама прывёў да з'яўлення тыпова ўкраінскіх назваў гарадоў (Lviv, Černihiv, Charkiv, Mykolajiv і іншыя).

Праблема крыніц і вызначэння межаў Праз недахоп дакладных статыстычных матэрыялаў Шафарык вёў актыўнае ліставанне з еўрапейскімі і расійскімі вучонымі. Пры вызначэнні тэрыторыі ўсходніх славян галоўным інфарматарам і кансультантам выступаў расійскі філолаг-славіст Восіп Бадзянскі. У прадмове да выдання іх ліставання наўпрост адзначаецца, што беларускі і маларускі аддзелы ў працы Шафарыка былі заснаваны, «з аднаго боку, на народных песнях, з другога боку, на вусных паведамленнях Бадзянскага». Бадзянскі асабіста рабіў для Шафарыка выпіскі з уласных зборнікаў беларускіх песень для аналізу мовы і дапамагаў выпраўляць памылкі ў беларускіх словах перад друкам кнігі. Праз складанасць рэгіёна ўсходняя і паўночна-заходняя мяжа беларусаў на карце малявалася шмат у чым наўздым, часткова супадаючы са старой дзяржаўнай граніцай Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы.

У беларускай гістарыяграфіі сустракаецца меркаванне, што звесткі аб рассяленні беларусаў і літоўцаў П. Ё. Шафарык мог узяць з неапублікаваных рукапісаў выдатнага расійскага этнографа Пятра Кёпена па выніках яго даследаванняў 1827 года. Аднак гэтае сцвярджэнне выклікае абгрунтаваныя сумненні, бо даследаванне Кёпена грунтавалася на апытаннях мясцовых святароў і было шмат у чым няўдалым праз блытаніну ў тэрміналогіі мясцовага духавенства. Да таго ж сам Кёпен на сваёй пазнейшай «Этнаграфічнай карце Еўрапейскай Расіі» (1851) правёў этнічную мяжу інакш, уключыўшы горад Вільню ў беларускі славянамоўны арэал, у той час як на карце Шафарыка 1842 года Вільня і яе ваколіцы засталіся на літоўскім баку.

Насамрэч для адлюстравання балцкіх народаў Шафарык выкарыстоўваў шырокую сетку карэспандэнтаў. Як адзначае даследчык В. Пятроніс, акрамя П. І. Кёпена і польскага гісторыка Вацлава Мацяёўскага, звесткі пра літоўцаў, латышоў і эстонцаў яму таксама дасылалі расійскі гісторык Міхаіл Пагодзін і лінгвіст Андрэас Шэгрэн. Акрамя таго, Шафарык наладзіў кантакт з мясцовымі краязнаўцамі, сярод якіх быў літаратар і этнограф Дыянізій Пашкевіч (Дыянізас Пошка), які непасрэдна перадаваў матэрыялы пра літоўскую этнічную групу.

Пры гэтым сам Кёпен пазней жорстка крытыкаваў карту Шафарыка не толькі за правядзенне межаў, але і за выкарыстанне састарэлай канфесійнай статыстыкі. Таксама расійскі картограф паказваў на памылковасць выдзялення фіна-ўгорскага племені ліваў (чудзі) на ўзбярэжжы Курляндыі, бо лічыў іх ужо цалкам асіміляванымі латышамі. Разыходзіліся і лічбы: калі Шафарык налічыў у рэгіёне 2 380 000 балтаў (1842), то Кёпен у 1848 годзе налічыў толькі 2 026 000.

Адлюстраванне беларускіх зямель

На карце П. Ё. Шафарыка тэрыторыя рассялення беларусаў вызначалася паводле моўнага крытэрыю. Аўтар разглядаў усю «рускую мову» як адзіную, аднак вылучаў у ёй тры асноўныя гаворкі: велікарускую, маларускую і беларускую. У сваю чаргу, беларускую гаворку ён дзяліў на «ўласна беларускую» і «літоўска-рускую». У тэксце кнігі пазначалася, што беларуская гаворка распасціраецца па Магілёўскай і Мінскай губернях, большай частцы Віцебскай, Гродзенскай і Беластоцкай вобласці, і меншай частцы Віленскай губерні.

Паказаныя на карце этнічныя межы беларусаў былі значна шырэйшыя за сучасныя дзяржаўныя граніцы. Асабліва вялікі «выступ» беларускай этнічнай тэрыторыі назіраўся на поўначы і захадзе. На поўначы мяжа даходзіла амаль да Люцына і ўключала Невель, Себеж, Веліж і іх паветы. На захадзе межы пражывання беларусаў распасціраліся за гарады Гродзенскай губерні Бельск, Бранск і Беласток.

У тэксце да карты («Славянскім народапісанні») Шафарык даволі падрабязна апісаў лінію судакранання беларусаў з літоўцамі: паводле ягоных звестак, мяжа ішла ад упадзення ракі Чорная Ганча ў Нёман «праз Браслаў, Радупішкі(?) да Зашкевічаў(?) на Віліі, адтуль на захад праз Гальшаны, Трабы, па-над Іўем і Лідай да Гродна». Пры гэтым даследчык ведаў пра існаванне этнічных анклаваў і змяшанага насельніцтва: ён адзначаў наяўнасць беларусаў унутры Віленскай губерні. Па-за беларускімі межамі апынулася і частка Віленшчыны разам з горадам Вільняй.

Паводле даных П. Ё. Шафарыка, агульная колькасць беларусаў, якія жылі на акрэсленай ім тэрыторыі станам на 1840 год, складала каля 2 726 000 чалавек, з якіх 2 376 000 (87,2 %) з’яўляліся праваслаўнымі, а 350 000 (12,8 %) — католікамі.

Адлюстраванне балцкіх і ўкраінскіх зямель

Нягледзячы на тое, што даследаванне было прысвечана славянам, на карце былі дэталёва адлюстраваны і балцкія народы (літоўцы і латышы), паколькі яны непасрэдна межавалі са славянскім масівам. Шафарык лічыў балтаў найбольш блізкімі да славян паводле паходжання, мовы і характару. Гэтая блізкасць падкрэслівалася і колеравай гамай карты: тэрыторыі літоўцаў і латышоў былі зафарбаваныя ў розныя адценні зялёнага колеру, у той час як землі эстонцаў былі аранжавымі, а немцаў — жоўтымі.

Акрамя суцэльнага этнічнага масіву, Шафарык нанёс на карту шэраг літоўскіх моўных астравоў (анклаваў) на беларускіх і польскіх тэрыторыях. Так, ізаляваныя літоўскія паселішчы былі адзначаны ў Вілейскім павеце Мінскай губерні, у Навагрудку, у шэрагу вёсак Слонімскага павета (Жыбуртаўшчына, Норцавічы), а таксама ў Сакольскім павеце Беластоцкай вобласці.

Што тычыцца ўкраінскіх зямель, як адзначае даследчык Р. І. Соса, на карце ці не ўпершыню сярод славянскіх народаў былі вылучаны маларусы (украінцы), якія паказаны як асобны народ з уласным этнічным арэалам. Гэты арэал вельмі дакладна супадае з ўкраінскай этнамоўнай прасторай першай трэці XIX стагоддзя.

Палітычны ўплыў і ацэнкі Вялікі аўтарытэт П. Ё. Шафарыка ў навуковым свеце паспрыяў таму, што яго карта даволі хутка была інтэграваная ў заходнееўрапейскія даведачныя і навучальныя карты і атласы — спачатку нямецкамоўныя, а потым французскія. У прыватнасці, у дакладнай адпаведнасці з данымі П. Ё. Шафарыка былі паказаны славянскія народы на картах Г. Берггауса («Этнаграфічная карта Еўропы» 1847 года і «Этнаграфічная карта Аўстрыйскай манархіі» 1846 года). У 1843 годзе ў Маскве выйшаў пераклад кнігі на рускую мову пад назвай «Славянское народописание», выкананы В. М. Бадзянскім.

Публікацыя карты мела каласальны палітычны і ідэалагічны рэзананс у Еўропе. У Аўстрыйскай імперыі, якая праводзіла палітыку германізацыі ненямецкіх народаў, праца Шафарыка стала магутным стымулам для абуджэння славянскай нацыянальнай самасвядомасці. У Расійскай імперыі карта выклікала захапленне інтэлектуалаў-панславістаў, паколькі яна візуальна дэманстравала веліч славянскага свету і пацвярджала той факт, што дзве траціны ўсіх славян пражываюць на тэрыторыі расійскай дзяржавы.

Сярод сучасных гісторыкаў існуюць розныя падыходы да інтэрпрэтацыі карты. Брытанскі даследчык гісторыі картаграфіі Г. Р. Уілкінсан адзначаў, што нягледзячы на прыблізнасць і размытасць этнічных межаў, што зніжала непасрэдную картаграфічную каштоўнасць працы, яна адыграла ключавую ролю ў распаўсюджванні палітычнай картаграфіі. Расійскія заходнерусісты акцэнтуюць увагу на тым, што аўтар прытрымліваўся канцэпцыі «трыадзінага рускага народа» і вылучаў велікарусаў, маларусаў і беларусаў выключна як этнаграфічныя групы з агульнай літаратурнай мовай, а тэрміны «ўкраінцы» і «беларусы» разглядаюцца імі як рэгіянальныя назвы. У сваю чаргу, ва ўкраінскай гістарыяграфіі карта П. Ё. Шафарыка разглядаецца як найважнейшы дакумент, які пацвердзіў існаванне ўкраінцаў як асобнага народа з уласным этнічным арэалам на еўрапейскім узроўні.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Этнаграфічныя карты Катэгорыя:Гістарыяграфія гісторыі Беларусі Катэгорыя:Гістарыяграфія гісторыі Украіны Катэгорыя:Творы 1842 года