Літуані́зм (фр. lituanisme) — слова ці выраз, запазычаныя пэўнай мовай з літоўскай мовы (або, у выпадку беларускай мовы, або простай мовы, часам і рэлікт літоўскай мовы, які захаваўся ў гутарцы пэўнай мясцовасці пры пераходзе балцкага насельніцтва на славянскія мовы).
У беларускай мове З самых даўніх часоў, на пачатковым этапе свайго фарміравання, будучая беларуская мова (а таксама гутарковая простая мова) актыўна засвойвала літоўскую лексіку, а таксама некаторыя фразеалагізмы і граматычныя канструкцыі — хаця гэты працэс быў узаемным. Па гэтым паказчыку беларуская мова далёка апярэджвае ўсе іншыя славянскія мовы (і, мабыць, усе іншыя мовы таксама). Асабліва шмат літуанізмаў ў гаворках паўночна-заходняй часткі Беларусі, на тэрыторыі колішняй Усходняй Літвы. Тут яны фактычна з’яўляюцца не столькі запазычаннямі з літоўскай, колькі яе рэліктамі. Частка літуанізмаў (дзёгаць, янтар) у беларускай мове агульныя з рускай і ўкраінскай мовамі, і паходзяць з часоў Кіеўскай Русі, калі запазычанні з літоўскай рабіліся здабыткам усёй усходнеславянскай культурнай прасторы.
Асноўная частка літуанізмаў засвоена беларускай мовай у перыяд Вялікага Княства Літоўскага у працэсе непасрэдных моўных зносін і характарызуецца тэматычнай аднастайнасцю і абмежаванасцю. Пераважная большасць літуанізмаў — тэрміналогія сельскай гаспадаркі, народных промыслаў, назвы гаспадарчых будынкаў, прылад працы, посуду, страў (бонда, буч, венцер, гірса, дзёгаць, дзірван, дойлід, ёўня, жвір, жлукта, клуня, крупеня, кумпяк, лоўж, пуня, рэзгіны, свіран, стадола, торп, шула і інш.). Нязначную колькасць літуанізмаў складае экспрэсіўная лексіка, найчасцей дыялектная (валындацца, кешкацца, клыпаць, лындаць, мурза, талызаць). Некаторыя літуанізмы маюць вузкае тэрытарыяльнае пашырэнне (аруд, груца, прывен, ройста). Апелятывы літоўскага паходжання ляжаць ў аснове некаторых беларускіх айконімаў і антрапонімаў (Жупраны, Лукша, Рымша, Кірмель, Рындзюны, Юрацішкі і іншыя).
У XIX стагоддзі, асабліва ў перыяд паміж паўстаннем 1830—1831 гадоў і паўстаннем 1863—1864 гадоў, патрыятычна настроеныя творцы-літвіны актыўна замацоўвалі некаторыя літуанізмы ў мясцовым варыянце польскай мовы, як гістарычныя сімвалы, маркёры «літвінскай» ідэнтычнасці, што ўплывала ў далейшым і на слоўнікавы склад беларускай мовы.
Крыніцы
Літаратура Лаучюте, Юрате Алоизовна. Словарь балтизмов в славянских языках / Ю. А. Лаучюте ; АН СССР, Институт языкознания. Ленинград : Наука, Ленингр. отд-ние, 1982. Чекман, Валерий Николаевич. Граматические литуанизмы в польских периферийных говорах белорусско-литовского пограничья // Studia nad polszczyzną kresową. Prace językoznawcze / Polska Akademia Nauk. Komitet Językoznawstwa. Warsaw : Semper, 1984, T. 3. S. 7-21 ISBN 8304010208 Вадим Веренич. О некоторых литуанизмах в польских и белорусских говорах // Baltisica III (I). Priedas 1989. p. 196—206. Юрась Бабіч. Была адліга. Ля пуні звінелі бомы: Літуанізмы ў сучаснай беларускай мове // catholicnews.by Rutkowska: Lituanizmy przenikają do polszczyzny ogólnej // Zw.lt
Катэгорыя:Запазычанні Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Літоўская мова Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон