Навагрудскі — рэспубліканскі ландшафтны заказнік, створаны ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці ў 1994 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане прыроднага комплексу з участкамі дубовых і яловых лясоў, рэдкіх відаў жывёл і раслін. Ахоўная тэрыторыя плошчай 1,8 тыс. га размешчана на Навагрудскім узвышшы ў басейне Нёмана.
У покрыве пераважаюць мнагаярусныя ялова-грабавыя дубровы з дамешкам ясеня, вяза і клёна, складаныя шыракаліста-яловыя фітацэнозы і зеленамошныя хвойнікі з елкаю і дубам. Лугі займаюць невялікія ўчасткі па ўзлеску, далінах рэчак і ручаёў. У флоры зарэгістравана 558 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. Шмат лекавых, харчовых і дэкаратыўных: цыбуля агародная, валяр’ян лекавы, святаяннік прадзіраўлены, шыпшына, парэчка, маліна, ажына і інш. У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены баранец звычайны, чына горная, тлушчанка звычайная, каменяломнік зярністы, пярэсна еўрапейская, пальчатакарэннік майскі, тайнік яйцападобны, пылкагалоўнік даўгалісты.
Жывёльны свет прадстаўлены 146 відамі наземных пазваночных жывёл, сярод якіх ахоўнымі з’яўляюцца барсук, арэшнікавая соня, пустальга звычайная, чорны бусел, беласпінны дзяцел.
Літаратура
Спасылкі Беларусь у асобах і падзеях Новогрудский заказник
Катэгорыя:Геаграфія Навагрудскага раёна Катэгорыя:Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1994 годзе Катэгорыя:1994 год у Беларусі