Ра́фал Яхімо́віч або Рапалас Якімавічус (; , ; ) — літоўскі скульптар і мастак.
Біяграфія У 1913—1914 гадах вучыўся ў рысавальнай школе Івана Трутнева. У 1915—1919 гадах выкладаў у віленскім рамесным вучылішчы. У 1915—1919 гадах займаўся ў студыі скульптуры Антонія Вівульскага, пасля ў 1919—1922 і 1923—1926 гадах навучаўся на аддзяленні прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя (у Баляслава Балзукевіча).
У 1922—1923 гадах вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Кракаве (у Канстантыя Ляшчкі). Удасканальваў майстэрства ў Парыжы (1925) і Італіі (1927).
Пасля Другой сусветнай вайны працаваў выкладчыкам у Віленскім мастацкім інстытуце (1944—1961), з 1947 года дацэнт. Пахаваны на Росах у Вільні.
Творчасць
З 1916 года актыўна ўдзельнічаў у выстаўках. Стварыў скульптурныя кампазіцыі «Смерць Ікара» (1919), «Карыятыда» (1922), «Бой з кентаўрам» (1925). Аўтар скульптурных партрэтаў, Уладзіслава Сыракомлі (1930), Тадэвуша Урублеўскага (1930), Пятраса Вайчунаса (1931), Івана Луцкевіча (1935, нагляд ажыццяўляў Пётра Сергіевіч), Вінцаса Крэве (1941), Эўгеніі Таўткайце (1960).
У 1930 годзе ў віленскім касцёле Святога Мікалая быў усталяваны бюст вялікага князя літоўскага Вітаўта (бронза), створаны Яхімовічам. Аўтар абеліску ў гонар палеглых у 1919 і 1920 гадах (польска-савецкая вайна) пад Лідай польскіх жаўнераў і 40 расстраляных ЧК закладнікаў на вайсковай частцы могілак у Лідзе, а таксама загінулых у мірны час лётчыкаў польскага 11-га авіяцыйнага палка (каля 1924, знішчаны пасля 1939).
Прымаў удзел у стварэнні помніка 1200 гвардзейцам у Калінінградзе (1945). У Вільні быў усталяваны помнік акцёру і дырыжору Барысасу Даўгувецісу з бюстам працы Яхімовіча (1960).
Аўтар некалькіх надмагільных помнікаў на могілках Росы (Тадэвушу Урублеўскаму, 1930, і іншым). Стварыў некалькі статуй для касцёлаў Вільні. У віленскім Кафедральным саборы Святога біскупа Станіслава і Святога Уладзіслава ўсталяваны бюст Ёнаса Басанавічуса (1943).
Крыніцы
Літаратура
Jonas Juodišius. Petro Vaičiūno biusto (1944—1945) restauracija-rekonstrukcija
Спасылкі
Катэгорыя:Мастакі Літвы Катэгорыя:Скульптары Літвы