Дваране гаспадарскія — службоўцы двара вялікага князя літоўскага (гаспадара), звычайна баяры-шляхта. Вядомы з XV ст. Выканаўцы даручэнняў уладара, часта адміністрацыйных і судовых.
Дваране гаспадарскія вядомы прынамсі з часоў вялікага князя Казіміра Ягелончыка.
Часам у літаратуры да дваран гаспадарскіх ужываецца паняцце «харугва надворная», але ў крыніцах такое не сустракаецца. Польская надворная харугва часоў караля Аляксандра камплектавалася наёмнымі салдатамі, а вялікалітоўскай надворнай харугвы тым часам не было як асобнага фарміравання (атрада). На пачатку XVI ст. толькі пачала фармавацца іншая форма арганізацыі ўзброеных сіл Вялікага Княства Літоўскага — атрады, якія складаліся з дваран гаспадарскіх.
Дваране гаспадарскія, хоць па вызначэнні былі службоўцамі двара — непасрэдным атачэннем гаспадара, неабавязкова былі пры ім. Многія дваране гаспадарскія мелі ўладанні ў розных частках дзяржавы, дзе ў выпадку патрэбы выступалі як прадстаўнікі ўладара, выканаўцамі яго распараджэнняў. Дваранам, якія не мелі маёнткаў, прызначалася «ляжанне» ў гаспадарскіх маёнтках. Абедзве катэгорыі дваран, але часцей тыя, хто не меў зямлі, атрымлівалі ад вялікага князя «адправы» — грашовыя сумы і каштоўнасці.
У часы Аляксандра і ў першыя гады ўладарства Жыгімонта Старога павялічылася роля дваран як узброенай сілы. У 1503 годзе дваране невядомай колькасцю ўдзельнічалі ў адбіцці татарскага наезду, вядомы толькі два з іх — «Рак Масквіч і Зынявой» — загінулыя ў пераможнай бітве пад Давыд-Гарадком. У 1506 годзе дваране невядомай колькасцю таксама ўдзельнічалі з адбіцці татарскага наезду.
Пра велічыню дваранскага атрада сведчыць попіс, складзены, імаверна, у 1509 года, перад паходам супраць малдаўскага ваяводы Багдана III. Тады палітычная эліта Княства не пагадзілася на пачатак — разам з Каронай — вайны супраць гэтага ўладара, аднак атрад добраахвотнікаў і дваран далучыўся да паходу. Насуперак загалоўку — «Попіс дваран усіх караля яго міласці ў Вялікім Княстве» — не ўсе дваране ў яго ўключаныя. На думку Аляксандра Казакова, мэтай попісу было даць колькасць службоўцаў і велічыню іх почтаў (колькасць «коней») гаспадару. Агулам у рэестры 177 асоб, большасць з іх мела 1-2 узброеных слуг («коней»). Разам з почтамі дваранскі атрад налічваў 476 коннікаў, хоць гэтая лічба не поўная, Гедзімінас Лесмайціс налічыў 168 дваран, агулам 550 «коней», а Кшыштаф Пяткевіч — адпаведна — 174 і 482.
Попіс 1509 года дазваляе вызначыць не толькі колькасць дваран, але таксама іх матэрыяльны стан і тэрытарыяльнае паходжанне. Рэестр падзяляецца на некалькі рубрык. Першая без падзагалоўка пачынаецца адразу пасля загалоўка, там пералічана 58 асоб на 205 конях. Затым ідуць рубрыкі: «Дваране бранцы тыя, што маёнткі маюць» (30 асоб, 88 коней), «Дваране, якія маёнткаў не маюць» (71 асоба, 183 кані) і «Масквіціны новыя» (18 асоб, 0 коней).
Загаловак адной з рубрык паказвае, што ўлічаныя там асобы паходзяць з Бранска і яго воласцей, зямель на пачатку вайны 1500—1503 гадоў захопленых Масквой і пасля перамір’я 1503 года пакінутых пад яе ўладай разам з велізарнай тэрыторыяй на ўсходзе дзяржавы. Шмат дробнай і сярэдняй шляхты не хацела служыць новаму ўладару і — пакідаючы свае маёнткі — перасяліліся ў цэнтр Вялікага Княства Літоўскага.
Пэўна, першым сведчаннем гэтага працэсу ёсць запіс у рахунках вялікага князя Аляксандра пра выплаты для ўцекачоў з усходу ад 9 ліпеня і 21 верасня 1500 года. Эгзулянты бранскія, а таксама людзі з іншых усходніх тэрыторый, страчаных на карысць Масквы перад 1509 года, згаданы ў попісе таксама сярод дваран без маёнткаў. Гэта вядома дзякуючы азначэнням, якія паказваюць на месца паходжання, напрыклад: Фёдар Бранец, Андрэй Радагашчанін і іншыя.
Акрамя таго, сярод дваран ёсць уцекачы з іншых дзяржаў, найперш з Масквы. 18 асоб — вызначаных як «Масквіціны новыя» — гэта не ўсе мігранты з гэтай краіны: некалькі з іх запісаныя як тыя, што не маюць маёнткаў. Увогуле ва ўсім рэестры згадана 34 уцекачы з Масквы і 3 з Разані, якая тады ўжо падпарадкоўвалася Маскве, а пасля 1521 года цалкам страціла самастойнасць. Гэта агулам дае 37 чалавек або каля 21 % ад агульнай колькасці дваран. У попісе таксама ўлічана некалькі асоб, названых «Валошынамі» — уцекачамі з Малдовы.
Побач прозвішчаў некаторых дваран, галоўным чынам з першай рубрыкі, змешчаны звесткі пра іх маёмасць, напрыклад: «Андрэй Варатынец на 5 конях. Маёнтак 7 чалавек на Оршы мае»; «Івашка Дзевачка Вітблянін на 3 конях. А маёнтак у Віцебску мае, а выслугу ў Гародні»; «Васька Разанец на 2 конях. А маёнтак выслугі мае ў Бельску». З гэтых азначэнняў вынікае, што дваране мелі ўладанні ў розных частках дзяржавы. Многія пералічаныя ў попісе асобы, пры якіх няма звестак пра маёмасны стан, вызначаны як палачане, віцябляне, смаляне і іншыя.
Крыніцай фармавання групы дваран гаспадарскіх была дробная шляхта з розных рэгіёнаў Княства, пераважна з яго ўсходняй часткі, і ўцекачы з іншых дзяржаў. Самі іншаземцы — Масквіціны, Разанцы і Малдаване — складалі разам каля чвэрці дваран. Разам эмігранты і ўцекачы складалі разам больш за палову дваран гаспадарскіх. Не вядома колькі эгзулянтаў мела статус дваран гаспадарскіх да ўцёкаў, а колькі трапіла да двара ўжо пасля ўцёкаў. Падобная праблема тычыцца эмігрантаў з-за мяжы, імаверна, нямала іх мігравалі прынамсі двойчы: спачатку ў Вялікае Княства Літоўскае на яго ўсходняе памежжа, а затым пасля заняцця гэтых зямель Масквой — далей на захад. Казакоў звяртае ўвагу, што ніхто з 18 «Масквіцінаў новых» не мае ўзброеных слуг, магчыма, складальнік попісу з невядомых прычын не меў такой інфармацыяй. Разам з попісам дваран змешчаны рэестр «Хто панове і дваране слуг сваіх слалі на ласку гаспадарскую да Валохаў», то-бок падчас паходу супраць Малдовы ў 1509 годзе. Сярод пералічаных там згаданы адзін 18 Масквіцінаў — Алеша Жывотаў, ён выступае з 4 «коньмі». Зыходзячы з таго, што іншыя яго суайчыннікі мелі почты па 1-3 коні, на думку Казакова, агульную колькасць атрада дваран гаспадарскіх можна павялічыць з 476 да больш за 500.
У 1514 годзе, падчас мабілізацыі войска здолелі сабраць значна больш дваран і іх почтаў. Паводле рэестра выплат, іх было агулам 1081 чалавек. Але некаторыя з іх, атрымаўшы грошы на свой почт, «у рэестр не пісаліся». Гэта не значыць, аднак, што не служылі, яны маглі ўжо ўдзельнічаць у баявых дзеяннях падчас складання рэестра. Дваране атрымалі плату ў такім самым памеры, як і наёмныя салдаты — па 3 злотыя на каня, а невялікая група палачан нават па 4 злотыя.
У 1525 годзе Жыгімонт Стары згадваў, што ў 1524 годзе было вырашана паслаць для абароны мяжы ад татар 2 тысячы дваранскіх почтаў, і даручаў Панам-Радзе мабілізаваць іх у 1525 годзе яшчэ болей — 2-3 тысячы чалавек. Тады іх называлі «дваранамі на пенязях», то-бок яны служылі за аплату. У спецыяльнай літаратуры практыка платнай службы дваран у Вялікім Княстве Літоўскім прызнаецца сведчаннем развіцця ўласнага наёмнага войска. На думку Казакова, з прычыны іншых, чым у наёмнага войска, прынцыпаў арганізацыі варта разглядаць дваранскі атрад як тып надворнага войска, то-бок пастаяннага, што мае аналогіі ў іншых краінах тагачаснай Еўропы.
Дакладных звестак пра колькасць дваранскага атрада ў час бітвы пад Клецкам няма. Паміж 1506 і 1509 гадамі яго склад мог значна змяніцца, таксама як паміж 1509 і 1514 гадамі. Паводле Кшыштафа Пяткевіча, падчас 14-гадовага ўладарства Аляксандра як вялікага князя згадана больш за 180 дваран гаспадарскіх, хоць гэтыя даныя, вядома, не поўныя. На думку Казакова, можна выказаць здагадку, што ў 1506 годзе дваране разам з почтамі налічвалі некалькі соцень чалавек, але менш за 500.
Дваране гаспадарскія разам з астатняй шляхтай былі абавязаныя да ваеннай службы са сваіх маёнткаў на агульных умовах. Паводле ўхвал 1502 года, несці ваенную службу са сваіх маёнткаў павінен быў «кожны князь і пан, і дваранін, і зямянін». Аднак, дваране мабілізаваліся на вайну як непасрэдныя слугі гаспадара. Некаторыя выстаўлялі два почты — адзін са сваіх маёнткаў, другі — у дваранскі атрад. Напрыклад, дваранін Трызна, які быў запісаны ў рэестры 1509 года з 5 «коньмі», павінен быў несці ваенную павіннасць і «з маёнтка асобна паводле ўставы».
На думку Казакова, падчас службы ў войску з дваран маглі фарміраваць асобную адзінку і імі камандаваў харунжы надворны. Аднак, такі ўрад зафіксаваны толькі ў 1501—1505 і 1509 гадах, пазней ён не вядома да 1560-х гадоў. У 1520-я гады вядомы ўрад гетмана дваранскага, як тaki тройчы згаданы Юрый Мікалаевіч Радзівіл — у чэрвені 1520, у сакавіку 1522 і ў сакавіку 1523 гадоўRGADA, f. 389, op. 1, d. 223, k. 148—149. Магчыма, Юрый Радзівіл быў камандзірам атрада дваран гаспадарскіх ўжо ў час Аршанскай бітвы 1514 года. Рэестр выплат дваранам ад 1514 года захоўваўся ў архіве Радзівілаў і быў перададзены надворным маршалкам Янам Радзівілам невядомаму адрасату «да Жырмунаў». Уладальнікам Жырмунаў з 1513 года быў якраз яго брат Юрый. Пазней урад начальніка дваран называлі гетманам дворным, затым ён трансфармаваўся ў гетмана польнага.
Крыніцы
Літаратура