Гродзенская капэла — беларускае прафесійнае творчае аб’яднанне, заснаванае ў 1992 годзе ў Гродне пры Гродзенскім гарвыканкаме. Уключае ў сябе сімфанічны аркестр, камерны хор, духавы аркестр, ансамбль салістаў і ансамбль старадаўняй музыкі. Асноўнымі мэтамі дзейнасці з’яўляюцца адраджэнне і развіццё традыцый беларускай музычнай культуры, а таксама прапаганда твораў беларускага і сусветнага мастацтва. З’яўляецца Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь (2014).
Размяшчаецца ў Гродне па адрасе Плошча Тызенгаўза, 4–7.
Гісторыя Гісторыя калектыву пачалася ў кастрычніку 1990 года з першых рэпетыцый Гродзенскага камернага аркестра, створанага на базе выкладчыкаў музычных школ і вучылішча пад кіраўніцтвам дырыжора Арона Гендэльмана. 15 лютага 1991 года адбыўся канцэрт-прэзентацыя аркестра ў Музеі гісторыі рэлігіі.
У красавіку 1992 года па ініцыятыве кампазітара Андрэя Бандарэнкі было зарэгістравана дзяржаўнае прадпрыемства «Гродзенская капэла». У яе склад увайшоў камерны аркестр і новаствораны камерны хор пад кіраўніцтвам Л. М. Іконнікавай. У маі 1992 года адбыўся першы канцэрт аб'яднанага калектыву ў тэатры лялек. У верасні таго ж года былі створаны ансамбль салістаў і ансамбль старадаўняй музыкі. У 2013 годзе ў склад капэлы ўвайшоў духавы аркестр, заснаваны ў 1993 годзе.
У снежні 2014 года калектыву прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».
Капэла вядзе актыўную гастрольную дзейнасць. Калектыў выступаў у Германіі, Францыі, Нарвегіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі і Італіі. У рэпертуары сімфанічныя і вакальна-сімфанічныя творы, старажытная і сучасная музыка, духоўныя творы і беларускія народныя песні.
Калектыў з’яўляецца лаўрэатам міжнародных фестываляў, такіх як Маскоўскі Велікодны фестываль (2011, кіраўнік Валерый Гергіеў), «Магутны Божа» ў Магілёве (1996), фестываль царкоўнай музыкі ў Барчэва (Польшча, 2006) і фестываль праваслаўных песнапенняў у Мінску (2009).
Склад Сімфанічны аркестр Створаны ў 1990 годзе як камерны аркестр. Аснову аркестра складае струнная група (29 артыстаў), якую дапаўняюць драўляныя, медныя духавыя і ўдарныя інструменты. Рэпертуар налічвае больш за 1300 твораў кампазітараў розных эпох. Мастацкім кіраўніком і дырыжорам з'яўляецца Уладзімір Борматаў.
Камерны хор Заснаваны ў 1992 годзе. Рэпертуар хору ўключае больш за 700 твораў: ад старажытнай беларускай музыкі да сучасных твораў, а таксама рускую і заходнееўрапейскую класіку. З 1 верасня 2022 года кіраўніком хору з'яўляецца Ганна Казімірчык.
Духавы аркестр Створаны ў 1993 годзе (першы кіраўнік — Георгій Шэмет). Увайшоў у склад капэлы ў 2013 годзе. З 2017 года кіраўніком з'яўляецца Павел Кмецік.
Ансамблі і салісты У складзе капэлы таксама дзейнічаюць ансамбль салістаў, камерна-інструментальны ансамбль старадаўняй музыкі і штатныя вакалісты.
Кіраўніцтва Мастацкія кіраўнікі А. В. Бандарэнка (з 1992) А. М. Саладухін (з 1996) Л. А. Касятаў (з 1999) У. М. Борматаў (з 2001)
Дырэктары А. В. Бандарэнка (1992—1996) А. М. Саладухін (1996—1998) Л. А. Касятаў (в.а., 1998—2001) А. М. Габец (з 2001)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Музычныя калектывы Беларусі Катэгорыя:Культура Гродна Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 1992 годзе Катэгорыя:Заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:1992 год у Гродне