Яўген Дудкін (нар. , Магілёў) — беларускі палітычны дзеяч, былы сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). У лютым 2025 года публічна прызнаўся ў шматгадовым супрацоўніцтве з КДБ.
Біяграфія Нарадзіўся года ў Магілёве ў сям’і міліцыянера. Вырас у Гродна, дзе скончыў сярэднюю школу №13. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў, а пасля атрымаў ступень магістра. Магістарская дысертацыя была прысвечана беларускаму пытанню ў польскай нацыянальнай палітыцы міжваеннага перыяду.
Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў па размеркаванні настаўнікам у школах Бялыніцкага раёна, пазней — у Гродне. Таксама займаў пасаду загадчыка дома народнай творчасці ў вёсцы Зарачанка Гродзенскага раёна.
У 2018 годзе эміграваў у Польшчу як эканамічны мігрант.
Палітычная дзейнасць У Беларусі Яўген Дудкін быў актывістам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 2018 годзе, будучы кандыдатам у дэпутаты ў Гродне, стаў удзельнікам канфлікту, калі іншы кандыдат заняў адзінае памяшканне для сустрэч з выбаршчыкамі, але сам на іх не з’яўляўся. У ліпені 2018 года быў сведкам жорсткага затрымання ў Гродне актывістаў АГП і падаваў заяву ў міліцыю па факце выкрадання людзей.
Пасля падзей 2020 года Дудкін актывізаваўся ў палітычным жыцці эміграцыі. Ён стаў кіраўніком фонду «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (Białoruska Chrześcijańska Demokracja), зарэгістраванага ў Польшчы. Гэтая структура была звязана з той часткай БХД, якую ўзначаліў Георгій Дзмітрук пасля расколу ў партыі. Дудкін стаў зацятым крытыкам Святланы Ціханоўскай і яе Офіса.
У лютым 2024 года фракцыя БХД пад кіраўніцтвам Георгія Дзмітрука правяла з'езд, на якім адзіным лідарам партыі быў прызнаны палітвязень Павел Севярынец, а былыя сустаршыні Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова былі выключаны з арганізацыі. Яўген Дудкін выступіў на з'ездзе з праграмнай прамовай.
У 2024 годзе Дудкін балатаваўся ў Каардынацыйную раду па спісе «Салідарнасць», створаным у кааліцыі з «Народнай Грамадой» на чале з Яўгенам Вільскім. Спіс заняў перадапошняе месца, набраўшы 1,55 % галасоў.
Выкрыццё супрацоўніцтва з КДБ У лютым 2025 года стала вядома, што Яўген Дудкін з’яўляўся сакрэтным супрацоўнікам КДБ. 30 студзеня 2025 года на пасяджэнні ўправы БХД ён асабіста пацвердзіў гэты факт. Паводле яго слоў, ён быў завербаваны ў 2009 годзе падчас навучання ў магілёўскім універсітэце і супрацоўнічаў са спецслужбамі да 2016 года.
Першапачаткова Дудкін адмаўляў гэтую інфармацыю, называючы яе «мэтанакіраванай кампаніяй» супраць яго, а сваё прызнанне аднапартыйцам — «праверкай». Аднак пазней ён апублікаваў публічнае прызнанне. Паводле яго слоў, у КДБ яго цікавіла інфармацыя пра магчымыя сувязі беларускіх грамадзян з замежнымі спецслужбамі. Дудкін сцвярджаў, што яго агентурная дзейнасць была «накіравана на карысць Беларусі».
Пазней ён паведаміў, што яго агентурны псеўданім быў Радзівіл. У сферы яго інтарэсаў былі Каталіцкая царква, кіраўніцтва БХД і прафсаюза РЭП, а таксама студэнты. Дудкін назваў некаторыя прозвішчы людзей, інфармацыю пра якіх ён перадаваў КДБ, у тым ліку Паўла Латушку, на той момант міністра культуры, Ігара Барысава, Уладзіміра Шанцава і іншых. За сваю працу ён атрымліваў грашовае ўзнагароджанне, каля 20 долараў ЗША ў эквіваленце за справаздачу.
Пасля выкрыцця Дудкін быў выключаны з партыі. Павел Севярынец, каментуючы гэтую сітуацыю, заявіў, што для людзей, якія супрацоўнічалі са спецслужбамі, ёсць два сумленныя шляхі: неадкладнае адкрыццё або выхад з палітыкі.
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся 1 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1989 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Магілёве Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі КДБ Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Польшчу з Беларусі