Бабраві́цкія (Даліва-Бабравіцкія; , ) — шляхецкі род герба «Даліва». Род паходзіў з Сантамірскага павета (Малапольшча), адкуль яго прадстаўнікі перасяліліся ў Вялікае Княства Літоўскае.

У XVI—XVIII стагоддзях Бабравіцкія займалі розныя земскія і вайсковыя пасады ў Берасцейскім, Слонімскім, Браслаўскім і Сантамірскім паветах. У канцы XVIII стагоддзя адна з галін роду асела ў Слуцкім павеце Мінскай губерні.

Гісторыя Найбольш раннія звесткі пра род датуюцца канцом XVI стагоддзя: Ян Бабравіцкі ў 1587 годзе падпісаў ухвалы Пакржыўніцкага з’езда. У сярэдзіне XVII стагоддзя згадваюцца Станіслаў Бабравіцкі, земскі пісар брэсцкі і ўладальнік маёнтка Леснікі (1658), а таксама яго брат Віктар, сурагатар пісарства брэсцкага (1655).

Галіна роду, якая пазней зацвердзіла дваранства ў Расійскай імперыі, вядзе радавод ад Стэфана, старосты прадборскага, які валодаў родавым маёнткам Бабравіцы ў Сантамірскім павеце. Яго сын, таксама Стэфан, вызначыўся ў вайне з туркамі і 18 верасня 1683 года атрымаў ад караля Яна III Сабескага рэскрыпт на чын ротмістра ў гусарскай харугве каралевіча Аляксандра.

У 1715 годзе Багуслаў Бабравіцкі прадаў родавы маёнтак Бабравіцы сваяку Гераніму Даліва-Бабравіцкаму. Яго сын Аляксандр-Стэфан служыў у лёгкай кавалерыі войскаў ВКЛ, дзе даслужыўся да ротмістра (1735). Унук Багуслава, Леан-Пётр (нар. 1765), асеў на Случчыне, служыў обер-стражнікам тытунёвага магазіна ў Нясвіжы і ў 1798 годзе прысягнуў Расійскай імперыі. Яго сын Кірыл Бабравіцкі стаў вядомым каталіцкім дзеячам, прафесарам Мінскай семінарыі і канонікам кіеўскім.

Род быў прызнаны ў дваранстве пастановай Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 21 сакавіка 1830 года і зацверджаны ўказам Сената ад 28 студзеня 1835 года (указ № 2051).

Уладанні Самым даўнім родавым гняздом быў маёнтак Бабравіцы (у архіўных дакументах таксама сустракаюцца назвы Бабравікі і Баброва) у Сантамірскім павеце. Першапачаткова ім валодаў староста прадборскі Стэфан Бабравіцкі, які ў 1653 годзе пакінуў маёнтак у спадчыну сваім сынам. Пазней, 3 красавіка 1715 года, унук Стэфана Багуслаў прадаў гэтыя землі свайму сваяку Гераніму Даліва-Бабравіцкаму.

Прадстаўнікі роду, якія аселі ў Вялікім Княстве Літоўскім, мелі тут зямельныя ўладанні. Земскі пісар брэсцкі Станіслаў Бабравіцкі ў 1658 годзе згадваецца як дзедзіч маёнтка Леснікі ў Слонімскім павеце. Таксама вядома, што Ян Бабравіцкі валодаў маёнткам Журакава.

Вядомыя прадстаўнікі Стэфан Бабравіцкі (XVII ст.) — ротмістр каралеўскай гусарскай харугвы, удзельнік вайны з туркамі (1683). Станіслаў Бабравіцкі (узг. 1658) — пісар земскі брэсцкі. Стэфан Бабравіцкі — харужы браслаўскі, староста прадборскі, дэпутат на Каронны Трыбунал (1712). Кірыл Бабравіцкі — магістр тэалогіі, прафесар Мінскай рымска-каталіцкай семінарыі (1822), пробашч звянігарадскі (1830), канонік кіеўскі (1832).

Радавод

1. Стэфан, староста прадборскі, дзедзіч маёнтка Бабравіцы (пакінуў сынам у 1653) 2/1. Стэфан, ротмістр гусарскай харугвы (1683) 7/2. Багуслаў, служыў у войску ВКЛ (1694), прадаў маёнтак Бабравіцы (1715) 8/7. Аляксандр-Стэфан, ротмістр лёгкай кавалерыі (1735); жонкі — 1) NN, 2) Касільда Выганоўская 9/8. Сымон — ад першага шлюбу 10/8. Леан-Пётр (нар. , ахрышчаны ў Слуцкім касцёле), обер-стражнік тытунёвага магазіна ў Нясвіжы; жонка — Марыяна Сацэвіч 11/10. Кірыл, прафесар семінарыі, канонік кіеўскі 12/10. Лукаш-Станіслаў (нар. каля 1797, ахрышчаны ў Слуцкім касцёле) 13/10. Ян-Антон (нар. каля 1819, ахрышчаны ў Слуцкім касцёле) 3/1. Багуслаў 4/1. Юзаф 5/1. Брыгіда 6/1. Ганна

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Шляхецкія роды Катэгорыя:Дваранства Мінскай губерні