Дыдакты́чная літарату́ра (ад — «павучальны») — літаратурныя творы розных жанраў павучальнага характару, якія выкарыстоўваюць мастацкую (пераважна вершаваную) форму для выкладу навуковых, філасофскіх, маральных ці рэлігійных ведаў і ідэй.
Жанры Да дыдактычнай літаратуры адносяцца наступныя жанры: дыдактычны эпас (вершаваныя навуковыя паэмы); апавядальныя жанры (павучальныя аповесці, байка, прытча, апалог, афарызм); дыдактычная лірыка (вершаваныя выслоўі, павучальныя пасланні); дыдактычная драма (маралітэ, міракль, школьная драма) і іншыя.
Гісторыя Вытокі дыдактычнай літаратуры знаходзяцца ў фальклоры, рэлігійных пропаведзях, павучаннях і аратарскай прозе. Яна была шырока распаўсюджана ў літаратурах Старажытнай Індыі («Панчатантра»), Кітая (трактаты Канфуцыя), Ірана (трактаты Заратустры), а таксама ў старажытнаяўрэйскай (Прытчы Саламонавы) і антычнай літаратурах («Турботы і дні» Гесіёда, «Пра сутнасць рэчаў» Лукрэцыя).
У літаратуру Кіеўскай Русі гэты жанр прыйшоў з прыняццем хрысціянства. Элементы дыдактыкі ўласцівы старажытнарускім творам, такім як «Павучанне Уладзіміра Манамаха», а таксама беларускай літаратуры — як перакладной («Аповесць пра Варлаама і Іасафа», «Вялікае зярцала»), так і арыгінальнай (творы Кірылы Тураўскага, Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага). Дыдактычныя элементы прысутнічаюць у агіяграфічнай (жыціе) і палемічнай літаратуры («Апакрысіс» Х. Філалета, «Трэнас» М. Сматрыцкага, «Дыярыуш» А. Філіповіча), а таксама ў творчасці Сімяона Полацкага.
У XIX стагоддзі дыдактычная літаратура паступова аддзялілася ад мастацкай. У наш час паняцце «дыдактычная літаратура» часта набывае адмоўны эстэтычны сэнс, пазначаючы празмерную павучальнасць у творы.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літаратурныя жанры