Пасла́нне — жанр эпісталярнай літаратуры, медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст.

Гісторыя У беларускай літаратуры Вытокі беларускага паслання знаходзяцца ў творах эпохі Адраджэння і барока. Да іх адносяцца вершаваныя і празаічныя пасланні-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С. Рысінскага, ананімны твор «Ліст да Абуховіча», а таксама некаторыя творы палемічнай літаратуры.

З XIX стагоддзя пасланне стала амаль выключна здабыткам паэзіі. Сярод прыкладаў гэтага перыяду — «Да мілых мужычкоў» Я. Чачота, «Уставай, братка!» В. Каратынскага, «Не цурайся» Ф. Багушэвіча.

У пачатку XX стагоддзя тэматыка паслання пашырылася: у творах загучалі сацыяльныя і нацыянальна-вызваленчыя матывы, узмацніўся грамадзянскі пафас. Да гэтага жанру часта звяртаўся Я. Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сацыяльна-палітычныя — «Апекунам»; грамадзянска-патрыятычныя — «Беларускім партызанам»; літаратурныя — «Прывет вам...»; сатырычныя — «Слугам алтарным»; інтымна-лірычныя — «Да дзяўчынкі»; пасланні-інвектывы — «Гэй, капайце, далакопы».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны з'явіліся экспрэсіўныя, высокапаэтычныя пасланні да воінаў-франтавікоў, беларускіх партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў.

Сучасны стан Жанр паслання займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыятычны запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літаратурныя жанры Катэгорыя:Эпісталярная літаратура Катэгорыя:Паэзія