Архітэкто́ніка (ад — будаўнічае мастацтва) — тэрмін, які азначае мастацкае выяўленне заканамернасцяў будовы, уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка, скульптуры ці твора дэкаратыўнага мастацтва. У шырокім сэнсе — будова любога мастацкага твора (карціна, сімфонія, кінафільм, раман і г.д.), якая абумоўлівае суадносіны яго галоўных і другарадных элементаў.
Архітэктоніка ў архітэктуры У архітэктуры архітэктоніка выяўляецца ў суразмернасці, супадпарадкаванасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці і рытмічнасці ўсіх элементаў будынкаў і збудаванняў. Яна садзейнічае цэласнаму эстэтычнаму ўспрыманню архітэктурнага твора, у якім арганічна спалучаюцца яго лагічная функцыянальна-канструкцыйная аснова, кампазіцыя, дэкор і іншае.
Кожны архітэктурны стыль надае своеасаблівасць архітэктоніцы пэўнай эпохі: У антычнай архітэктуры Старажытнай Грэцыі і Рыма найбольш дасканалай была архітэктоніка класічнага архітэктурнага ордара, заснаванага на мастацкай перапрацоўцы стоечна-бэлечнай сістэмы. У готыцы і ў эпоху Адраджэння мастацкая выразнасць будынкаў грунтавалася на архітэктоніцы арачных канструкцый. У архітэктуры барока архітэктоніка часцей грунтавалася на апасродкаваным выяўленні дынамікі канструкцый з дапамогай ордэрных элементаў дэкору. У эпоху класіцызму архітэктоніка базіравалася на выразных гарманічных прапорцыях, сіметрыі, ураўнаважанасці аб’ёмаў і выкарыстанні класічных ордэрных кампазіцый.
Дасканаласць архітэктонікі народнага драўлянага дойлідства заключаецца ў непарушным адзінстве яго архітэктурнай формы і функцыянальна-канструкцыйнага зместу.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Тэорыя архітэктуры Катэгорыя:Эстэтыка Катэгорыя:Мастацтва