Пётр () — дамініканскі манах з Львова, духоўнік вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы.

Імаверна, нямецкага паходжання.

Як пасол Свідрыгайлы ў 1434 годзе наведаў імператара Жыгімонта Люксембургскага, затым Базельскі сабор і, урэшце, ва Фларэнцыі Папу Яўгена IV, які 20 кастрычніка 1434 года паставіў Пятра жамойцім біскупам, фактычна тытулярным, бо ў тагачаснай дынастычнай вайне Жамойць была на баку саперніка Свідрыгайлы — Жыгімонта Кейстутавіча.

Абмяркоўваў з Папам унію Кіеўскай мітраполіі і Рымска-каталіцкай царквы. Па выніках, у буле (лісце) да мітрапаліта Герасіма Папа высока ацаніў памкненне таго далучыцца да Апостальскага Стальца і скласці паслушэнства Рыму, раіў як хутчэй склікаць сабор, каб атрымаць упаўнаважанне на гэта. Іншыя булы Папы адрасаваны варагуючым уладарам, біскупам камянец-падольскаму і віленскаму.

Вяртаўся Пётр праз Венгрыю і Малдову. У Малдове пакінуў папскія булы старому сябру, бо самога Пятра хацелі перахапіць, каб адабраць іх.

Пазней быў са Свідрыгайлам у паходзе на Літву, з лагера ў Завілейскай зямлі выдаў 23 жніўня 1435 года ліст да жамойцкіх баяр з заклікам прыняць сябе на жамойцкую кафедру і падпарадкавацца ўладзе Свідрыгайлы. Адрасаты атрымалі ліст, у 1841 годзе яго знайшоў сярод папер віленскай капітулы Мамерт ГербуртWołonczewski Maciej Biskupstwo żmujdzkie, przeł. M. Hryszkiewicz. — Kraków: Drukarnia Uniwersytetu Jagiellońskiego, nakł. Księgarni Gebethnera i Spółki, 1898. — S. 31. і апублікаваў на лаціне. Працяглы час ліст быў вядомы ў гістарыяграфіі ў асноўным па літоўскім перакладзе Мацея Валанчэўскага і амаль не вывучаўся ў даследаваннях падзей 1430-х гадоў. Арыгінал ліста па смерці Гербурта не вярнуўся да віленскай капітулы, трапіў да антыквараў і цяпер захоўваецца ў Варшаве.

Параза сіл Свідрыгайлы ў бітве пад Вількамірам паклала край гэтым планам. Апошні раз Пётр згаданы ў маі 1436 года як пасол Свідрыгайлы да лівонскага ландмайстра.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Біскупы жамойцкія Катэгорыя:Постаці Львова