Музей гісторыі горада Гомеля — музей у Гомелі (Беларусь). Філіял Музейна-мастацкага цэнтра Гомеля. Размешчаны ў гарадскім асабняку «Паляўнічы домік», помніку архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя. Асвятляе гісторыю горада з часоў заснавання да сучаснасці.

Апісанне

Музей гісторыі горада Гомеля створаны ў лютым 2009 года ў сувязі з «Годам роднай зямлі» ў Рэспубліцы Беларусь.

Утвораны як навукова-асветніцкі цэнтр, які ажыццяўляе пошук, сістэматызацыю, навуковую апрацоўку інфармацыі па гісторыі горада Гомеля і яе далейшую прэзентацыю.

Музей размяшчаецца ў будынку, якое ў якасці аб’екта гарадской архітэктуры непасрэдна звязана з многімі падзеямі ў гісторыі горада. Будынак музея (тып гарадскога асабняка) быў пабудаваны ў 1820—1822 гадах у стылі ампір (позні класіцызм) пад кіраўніцтвам архітэктара І. Дзьячкова, як адзін з дамоў у сістэме сядзібнага ансамбля графа М. П. Румянцава. У архіўных дакументах яно згадваецца як «Дом для летняга пражывання графа» («Паляўнічы домік»). Пасля рэвалюцыі 1917 года ў будынку размяшчаліся розныя дзяржаўныя арганізацыі.

У 1993—1997 гадах праведзена рэстаўрацыя будынка і яно было перададзена на баланс Гомельскага абласнога краязнаўчага музея (цяпер — дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль»).

У лютым 2002 года будынку Паляўнічага доміка, як помніку архітэктуры, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

18 мая 2009 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея з удзелам адміністрацыі горада і вобласці.

11 верасня 2015 года ў Гомелі адбылося ўрачыстае адкрыццё «Музея фатаграфіі». Размешчаны ў былым памяшканні фотаатэлье ў цэнтры горада — каля Вечнага агню, па адрасе вуліца Камунараў, 7.

15 верасня 2017 года ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 100-годдзя адной з найстарэйшых газеты рэспублікі «Гомельская праўда» першых гасцей сустрэў Музей друку і фатаграфіі Гомельшчыны. Ініцыятарам адкрыцця музея (першага падобнага ў Беларусі) і стала «Гомельская праўда». Да збору экспанатаў падключыліся ўсе рэдакцыі газет Гомельскай вобласці, а таксама друкарні. Музей знаходзіцца ў будынку, дзе ў 2015 годзе адкрыўся музей фатаграфіі, — па вуліцы Камунараў, 7.

Станам на 2025 год у Музеі гісторыі горада Гомеля размяшчаюцца пастаянныя і зменныя экспазіцыі і выставы.

У экспазіцыях «Гісторыя Гомеля са старажытнасці да пачатку XX ст.», «Прагулкі па старым Гомелі» прадстаўлена рэтраспектыва развіцця горада над Сажом. Размешчаны прадметы, знойдзеныя на тэрыторыі Гомеля, манеты часоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, дакументы, фатаграфіі, праекты будынкаў, падпісаныя гарадскім архітэктарам С. Д. Шабунеўскім, творы, якога вызначаюць архітэктурнае аблічча Гомеля канца XIX — пачатку XX стст. і іншае.

Экспазіцыі «Інтэр’еры гарадскога асабняка канца XIX — пачатку XX стст.»: Малая гасцёўня, Спальня, Кабінет, Сталовая, дазваляюць сучаснаму гледачу вобразна наблізіцца да ўмоў жыцця і побыту гарадскіх сем’яў, якія пражывалі ў такіх дамах, і адчуць атмасферу якая пайшла эпохі.

Філіял

Экспазіцыйны аб’ект «Музей гісторыі друку і фатаграфіі Гомельшчыны» філіяла «Музей гісторыі горада Гомеля» — (Гомель, вул. Камунараў, 7).

Экспазіцыя

Інтэр’еры дваранскага гарадскога асабняка (канец XIX — пачатак XX стст.). Гісторыя Гомеля са старажытных часоў да пачатку XX ст. Прагулкі па старым Гомелі (канец XIX — пачатак XX стст.).

Дзейнасць

Арганізацыя і правядзенне стацыянарных і перасоўных выстаў па гісторыі горада Гомеля. Арганізацыя і правядзенне сумесных выстаў («Гомель маімі вачыма»; «Гісторыя маёй сям’і», «Сямейная дынастыя» і іншыя). Правядзенне экскурсій па экспазіцыйных залах музея. Чытанне лекцый па гісторыі горада Гомеля. Прэзентацыя на тэрыторыі музея новых дасягненняў прадпрыемстваў Гомеля і іншага.

Крыніцы

Літаратура Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2013. — Т. 3, кн. 2 : Гомельская область. — С. 92 — 93. Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2014. — Т. 5. — С. 649.

Спасылкі

Музей истории города Гомеля . Музей истории города Гомеля. Музей гісторыі горада Гомеля.

Катэгорыя:Музеі Гомеля