«The Night Before» () — песня гурта The Beatles, якая ўпершыню з'явілася на альбоме «Help!» у 1965 годзе. Песня напісана Полам Мак-Картні (прыпісана Джону Ленану і Полу Мак-Картні) і была запісана 17 лютага 1965 года. Песня гучыць у аднайменным фільме.

Песня Характэрнай рысай песні з'яўляецца электрычнае фартэпіяна, на якім грае Ленан. Асноўную музычную партыю вядзе Мак-Картні, тады як Ленан і Харысан спяваюць падгалоскі ў канцы кожнага радка («Aaah the night before…»). Пасля другога паўтарэння рэфрэну гучыць гітарнае сола ў выкананні Харысана (яно ж паўтараецца ў скарочаным выглядзе ў канцы песні).

Тэкст песні прадстаўляе сумненні маладога чалавека, які пераймаецца праз свае стасункі з дзяўчынай: «Мінулай ноччу, калі мы развіталіся, у тваіх вачах было каханне, а сёння я бачу, што ты перадумала; паводзь сябе са мной гэтак жа, як і мінулай ноччу…».

У запісе ўдзельнічалі Пол Мак-Картні — двойчы запісаны і зведзены асноўны вакал, бас-гітара, сола-гітара Джон Ленан — падгалоскі, электрычнае фартэпіяна Джордж Харысан — падгалоскі, сола-гітара Рынга Стар — ударныя

Цікавыя факты У самым пачатку песні (на пятай-шостай секундах) чуецца некалькі гітарных нот, хутчэй за ўсё ўзятых памылкова, але, тым не менш, яны гучаць даволі арганічна з асноўнай тэмай. Пры апошнім паўтарэнні прыпева песні выразна чуецца, як Мак-Картні ў пачатку фразы Were you telling… на адной з дарожак (яго голас запісаны двойчы і зведзены ў адну партыю) спявае We замест Were — відавочна, ён пераблытаў гэты радок з іншым радком прыпева We said our goodbyes…

Крыніцы

Спасылкі Тэкст песні Нататкі Alan W. Pollack пра песню The Night Before (англ.) Біблія Бітлз — The Night Before

Катэгорыя:The Beatles