Абрад заклікання дажджу або Араць раку, Зазыванне дажджу, Вызыванне дажджу — старажытны абрад жыхароў вёскі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Старажылы вёскі Стары Дзедзін расказваюць, што абрад існуе з «колішніх часоў». Дакладны час узнікнення абраду невядомы, але ў памяці носьбітаў традыцыі захаваліся веды аб тым, як абрад праводзілі раней.

Абрад заклікання дажджу ў в. Стары Дзедзін у 2016 годзе быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 53А000101).

Апісанне абраду Абрад не мае пэўнай даты правядзення, бо праводзіцца аказіянальна — толькі тады, калі няма больш тыдня дажджу і гіне ўраджай збожжавых на палях, і на гародах вяскоўцаў. У аснове магічных дзеянняў, песень, пераворвання дна рэчкі знаходзіцца ахоўная магія ад засухі, каб выкліканы дождж садзейнічаў росту збожжавых і іншых культур не толькі на палетках і агародах вяскоўцаў, а і на палетках аграсядзіб. Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў, і існуюць у жывой традыцыі, дзякуючы ініцыятыве мясцовай суполкі і мясцовых жанчын — удзельніц фальклорна-аўтэнтычнага ансамбля «Астранка».

Абрад з’яўляецца даволі закрытым, бо мае значэнне і дзейсны вынік для канкрэтнай супольнасці в. Стары Дзедзін, што абмяжоўвае ўдзел у абрадзе і распаўсюджванне інфармацыі аб ім. На думку носьбітаў, прысутнасць на абрадзе «чужых» альбо мужчын, можа негатыўна сказацца на рытуальных дзеяннях і іх выніках. Па гэтай прычыне, допуск не членаў супольнасці да назірання за здзяйсненнем традыцыі можа ажыццяўляцца выключна са згоды носьбітаў. Жанчыны загадзя дамаўляюцца, калі і дзе збіраюцца, для правядзення абраду. Сабраўшыся, заходзяць за плугам, і ідуць праз усю вёску да ракі Асцёр па вясковай вуліцы.

Звярнуўшы на вузкую сцяжынку спяваюць абрадавую песню «За рэчкаю за быстраю…». Падышоўшы да берага чытаюць малітву «Ойча наш», і просяць у неба і вышэйшых сіл дапамогі. Жанчыны, праводзячы абрад, не распранаюцца цалкам, як раней гэта рабілі, а ідуць у сподніх сарочках, у якіх заходзяць у ваду пад гукі абрадавай песні. Тры разы яны пераходзяць раку і перапахаваюць дно плугам. Па заканчэнні абраду, жанчыны выходзяць на бераг ракі, хрысцяцца, апранаюцца і ідуць дадому. Дождж пачынае ісці прыкладна праз пару гадзін ці на наступны дзень.

Залежнасць ад ландшафту Паводле падання, першыя звесткі пра вёску Стары Дзедзін адносяцца да 981 года. Здаўна тут сфарміраваўся своеасаблівы ўклад жыцця, важнае месца ў якім займалі і займаюць да сённяшняга часу жывёлагадоўля і земляробства. Абрад заклікання дажджу праводзіцца ў натуральных прыродных умовах, якія спрадвеку зберагаюцца мясцовымі жыхарамі. У вёсцы некалькі вуліц: цэнтральная вуліца заасфальтавана, астатнія, што адыходзяць ад цэнтральнай, пясчаныя. У Старым Дзедзіне няма буйной забудовы: дамы цагляныя і драўляныя, аднапавярховыя. Жывуць у вёсцы людзі рознага ўзросту, што дазваляе праводзіць абрады і перадаваць традыцыі падрастаючаму пакаленню. Вакол вёскі расце, як і шмат вякоў таму, вялікі хвойны лес. Гэтым і тлумачаць носьбіты адсутнасць дажджу: «Адыдзі кілометраў пяць-дзесяць уперад, і колькі хочаш бярозавых лясоў. І дождж праходзіць там вельмі часта. А ў нас дык дождж рэдка бывае. Хвойныя лясы яго не дапускаюць да нас» (носьбіт Галіна Брыкава, 1941 года нараджэння). Суполка жанчын і мясцовая ўлада старанна захоўваюць традыцыйны ландшафт і планіроўку вёскі, таму што гэта дазваляе праводзіць абрад так, як праводзілі яго продкі: жанчыны-носьбіты абавязкова павінны прайсці ад цэнтра і да ракі праз усю вёску, а потым, пасля правядзення абраду, вярнуцца назад тым самым шляхам.

Крыніцы

Літаратура Абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці // «Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны» Абрад заклікання дажджу // Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне

Катэгорыя:Культура Клімавіцкага раёна Катэгорыя:Стары Дзедзін Катэгорыя:Беларускія абрады і звычаі