Навагодні зварот Святланы Ціханоўскай, які стаў традыцыйным з 2020 года, транслюецца незадоўга да паўночы 31 снежня і ўяўляе сабой штогадовае падвядзенне вынікаў і зварот да беларускага народа. Выступ выходзіць на YouTube, распаўсюджваецца незалежнымі СМІ і штогод збірае сотні тысяч праглядаў.

З 2023 года беларускія ўлады блакуюць доступ да YouTube перад пачаткам навагодняга звароту Ціханоўскай.

Феномен Навагоднія звароты Святланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі сталі часткай унікальнай з’явы беларускай палітыкі, у межах якой абодва лідары звяртаюцца да аўдыторыі амаль адначасова. Выступы беларускіх палітыкаў адлюстроўваюць суперніцтва за фарміраванне калектыўнай свядомасці і каштоўнасных арыенціраў грамадства.

Гісторыя

2021 год Зварот, запісаны на беларускай мове, выйшаў у эфір у 23:51 і трансляваўся на Белсаце і іншых YouTube-пляцоўках.

У сваёй прамове Ціханоўская зрабіла акцэнт на ідэі нацыянальнага аб’яднання, падрабязна асвятляючы ключавыя падзеі мінулага года, якія адыгралі важную ролю ў умацаванні салідарнасці сярод беларусаў. У заканчэнні сваёй прамовы яна выказала пажаданне, каб усе беларусы маглі жыць разам у сваім агульным доме — вольнай Беларусі.

У шэрагу жылых двароў Мінска навагодні зварот Ціханоўскай трансляваўся ў прамым эфіры з дапамогай праектара, які выводзіў выяву на сцены дамоў.

За першы дзень зварот на афіцыйным YouTube-канале Ціханоўскай паглядзелі 263 тысячы чалавек.

2022 год У 2022 годзе зварот быў запісаны ў атачэнні грамадскіх лідараў на дзвюх дзяржаўных мовах і выйшаў у 23:46 па мінскім часе.

Асаблівасцю звароту стала падкрэсліванне геапалітычнага выбару Беларусі. Ціханоўская абазначыла Беларусь як частку Еўропы, падкрэсліла еўрапейскую ідэнтычнасць краіны і адданасць еўрапейскім каштоўнасцям.

За першыя суткі навагодні зварот сумарна сабраў 711 тысяч праглядаў на чатырох ключавых YouTube-каналах. На асноўным канале Ціханоўскай яго паглядзелі 418 тысяч карыстальнікаў, пакінуўшы 31 тысячу лайкаў. Зварот таксама прыцягнуў 127 тысяч праглядаў на Белсаце, 123 тысячы — на канале «Краіна для жыцця» і 43 тысячы — на Радыё «Свабода». Таксама зварот трансляваўся ў навагодніх YouTube-шоу.

2023 год Зварот 2023 года доўжыўся 12 хвілін і змяшчаў 653 словы. Асноўная частка была запісана на беларускай мове, некалькі хвілін — на рускай.

Выступленне было прысвечана асноўным выклікам што стаяць перад Беларуссю, і перспектывам яе мірнага і незалежнага развіцця. У звароце Ціханоўская выказала падзяку грамадзянам за іх стойкасць і ўзаемадапамогу, падкрэсліла значнасць дыялогу паміж рознымі сацыяльнымі групамі і ўказала на рызыкі страты незалежнасці і ўцягвання краіны ў расійска-ўкраінскую вайну. Ціханоўская таксама адзначыла неабходнасць захавання Беларуссю адкрытасці свету, адмовы ад расійскай залежнасці і арыентацыі на паспяховы вопыт суседніх краін.

Палітычныя зняволеныя, якія адбываюць тэрмін у выпраўленчых установах адкрытага тыпу, уключалі зварот на тэлевізары праз смартфон.

За першыя 20 гадзін выступленне набрала 326 тысяч праглядаў: 135 тысяч на афіцыйным канале Ціханоўскай, 76 тысяч на «Краіне для жыцця», 72 тысячы на Еўрарадыё і 43 тысячы на Белсат.

Зварот выклікаў абмеркаванне ў сацыяльных сетках, дзе некаторыя карыстальнікі раскрытыкавалі Святлану Ціханоўскую за выкарыстанне ў якасці рэквізіту кубка коштам 22 еўра. Гэты эпізод выклікаў дыскусіі, а таксама стаў асновай для мемаў і жартаў у інтэрнэце.

2024 год Зварот 2024 года быў запісаны на беларускай і рускай мовах і выйшаў у 23:50 па мінскім часе.

Выступленне было выканана ў фармаце размовы Святланы Ціханоўскай з членамі здымачнай групы. У ім былі падведзены вынікі 2023 года. Ціханоўская адзначыла намаганні беларусаў па захаванні салідарнасці і імкненню да дэмакратычных зменаў, нягледзячы на палітычныя і сацыяльныя цяжкасці. У сваёй прамове яна падкрэсліла важнасць нацыянальнага адзінства, ініцыятыўнасці і адказнасці за будучыню краіны, а таксама нагадала, што змены магчымыя толькі пры актыўным удзеле саміх грамадзян. Завяршаючы выступленне, яна выказала надзею на ўмацаванне дэмакратыі і незалежнасці Беларусі ў новым годзе дзякуючы намаганням беларускага народа.

За 11 гадзін 8-хвіліннае відэа на асноўных пляцоўках сабрала 170 тысяч праглядаў і больш за тысячу каментарыяў. Зварот сабраў 73 тысячы праглядаў на YouTube-канале Ціханоўскай, 59 тысяч — на Еўрарадыё, 17 тысяч — на Белсаце, 13 тысяч — на Malanka Media і 7600 — на канале «Краіна для жыцця».

2025 год У 2025 годзе навагодні зварот пачаўся ў 23:48 па мінскім часе і быў цалкам выкананы на беларускай мове. Трансляцыя ажыццяўлялася праз афіцыйны канал Ціханоўскай, тэлеканал Белсат і старонкі розных сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх ініцыятыў. Пад анонсамі выступлення на незалежных пляцоўках адзначалася штучная накрутка дызлайкаў з выкарыстаннем бот-сетак.

Віншаванне мела форму двух сцэн: першая ўключала прамову Ціханоўскай, а другая прадстаўляла традыцыйнае святкаванне Новага года ў беларускай сям’і з рознымі палітычнымі поглядамі. У гэтым годзе зварот быў прысвечаны важнасці захавання сямейных і нацыянальных каштоўнасцяў ва ўмовах палітычных і сацыяльных выпрабаванняў. Ціханоўская адзначыла, як падзел і цяжкасці, выкліканыя палітычнай сітуацыяй, уплываюць на беларускае грамадства, падкрэсліўшы неабходнасць захоўваць блізкасць, салідарнасць і ўзаемаразуменне. Яна нагадала пра культурныя і побытавыя традыцыі, якія аб’ядноўваюць беларусаў, і заклікала падтрымліваць адзін аднаго, праяўляць цярпенне і павагу, каб пераадолець выклікі і захаваць пачуццё адзінства. У звароце былі падкрэслены сямейныя каштоўнасці.

За першыя 18 гадзін навагодні зварот Святланы Ціханоўскай набраў 184 тысячы праглядаў. Асноўная частка аўдыторыі была засяроджана на афіцыйным канале Ціханоўскай, дзе відэа сабрала 130 тысяч праглядаў і 700 каментарыяў. Дадаткова відэа транслявалася на канале Еўрарадыё, дзе яно прыцягнула 54 тысячы праглядаў. Да 3 студзеня навагодні зварот Святланы Ціханоўскай дасягнуў 573 тысяч праглядаў, бо гэтаму спрыяла выкарыстанне таргетаванай рэкламы. Па колькасці праглядаў ён перасягнуў зварот Аляксандра Лукашэнкі, які быў размешчаны на афіцыйных дзяржаўных YouTube-каналах.

Рэакцыя беларускага рэжыму На межах 2023 і 2024 года, за 5 хвілін да пачатку навагодняга зварота Ціханоўскай, рэжымам Беларусі быў часова заблакаваны доступ да YouTube. Блакіроўка доўжылася каля 20 хвілін, і доступ да платформы ў гэты час можна было атрымаць толькі з дапамогай VPN. Гэты інцыдэнт стаў першай зафіксаванай спробай абмежавання доступу да YouTube у краіне. Акрамя таго, карыстальнікі мабільных аператараў А1 і МТС паведамілі пра складанасці з доступам да сэрвісу ў перыяд з 23:30 31 снежня да 00:10 1 студзеня. Многія беларусы звязалі часовую блакіроўку з трансляцыяй звароту Святланы Ціханоўскай.

У 2025 годзе рэжым таксама заблакаваў доступ да YouTube падчас трансляцыі выступу Ціханоўскай. Блакіроўка пачалася ў 23:45, за 3 хвіліны да пачатку звароту. У гэтым годзе праблема з доступам да сэрвісу таксама вырашалася з дапамогай VPN, што сведчыла аб кропкавай блакіроўцы рэсурсу. Акрамя блакіроўкі YouTube у гэты час таксама быў недаступны Instagram.

Крыніцы

Катэгорыя:Святлана Ціханоўская Катэгорыя:Новы год у Беларусі