Жаўрукі (буські, галушкі, кулікі, сарокі) — абрадавае святочнае печыва ў выглядзе птушак.

Выпякаюцца напярэдадні свята Саракі 22 сакавіка. Яно прысвячаецца 40 Севасційскім мучанікам, якіх за хрысціянскую веру закатавалі рымскія язычнікі ў 320 годзе. У народным календары свята іх памяці лічыцца днём сустрэчы вясны і жаўрукоў. Таму на Саракі выпякаюць па 40 «жаўрукоў» з жытняга цеста. Пры гэтым у адзін з іх запякаюць 20 капеек («саракоўку») або пярсцёнак. Абрадавае спажыванне дзецьмі спалучаецца з нанізваннем печыва на пруток і спевам песні «Жавароначкі, прылятайце» на страсе дома. Таксама жаўрукі выстаўляюць на дах, у хляве з жывёлай, у гумне са збожжам і ў печы. Сярод іншага, імі частуюць адно аднаго. Ядуць печыва ўвечары.

Складнікі Для цеста бяруць 2 кг мукі і паўлітры вады, 250 грам алею і шклянку цукру, 50 грам дрожджаў і драбок солі. Для змазкі атрыманага цеста выкарыстоўваюць салодкую моцную гарбату.

Прыгатаванне Для прыгатавання жаўрукоў змешваюць муку і ваду, алей і цукар, дрожджы і соль. Атрыманую сумесь вымешваюць да атрымання моцнага, пругкага цеста. Затым з цеста лепяць шар, ад якога адшчыпваюць невялікія кавалкі. З гэтых кавалкаў раскочваюць жгуты, якія завязваюць вузлом. Пры гэтым галоўцы надаюць выгляд птушынай. З разынак робяць вочкі, прыціснуўшы пальцамі. Затым лепяць хвосцік і робяць надрэзы-«пёркі». Духоўку або печ разаграюць да +180 °C. Бляху засцілаюць пергаментам для выпечкі і выкладаюць на яго жаўрукоў.

Для надання адцення паверхню атрыманых фігурак змазваюць настоем моцнай гарбаты з цукрам або алеем. Пасля посуд з жаўрукамі ставяць у духоўку на 20 хвілін. За тры хвіліны да заканчэння прыгатавання жаўрукі прамазваюць узбітым яйкам для надання румянага адцення. Пасля астывання жаўрукі падаюць да гарбаты з варэннем і мёдам.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Пячэнне Катэгорыя:Мучныя вырабы Катэгорыя:Святочная кухня Катэгорыя:Беларускія дэсерты