Airbnb, Inc. — амерыканская кампанія, якая валодае аднайменным інтэрнет-сэрвісам для кароткатэрміновага найму жылля ў розных краінах. Сэрвіс дзейнічае як брокер і атрымоўвае камісію з кожнага браніравання. Airbnb была заснавана ў 2008 годзе Браянам Чэскі, Натанам Блехарчыкам і Джо Гебія. Гэта самая вядомая кампанія для кароткатэрміновага найму жылля.

Гісторыя Пасля пераезду ў Сан-Францыска ў кастрычніку 2007 года суседзі і былыя аднакласнікі Браян Чэскі і Джо Гебія прыдумалі паставіць надзіманы матрац у сваёй гасцінай і ператварыць яе ў наёмны пакой. У лютым 2008 года Натан Блехарчык, былы сусед Браяна Чэскі, стаў трэцім сузаснавальнікам новага прадпрыемства, якое яны назвалі «AirBed & Breakfast» (з ). Яны стварылі вэб-сайт, які прапаноўваў кароткатэрміновае жыллё і сняданак для тых, хто не змог забраніраваць гатэль. Сайт Airbedandbreakfast.com быў запушчаны 11 жніўня 2008 г. Першыя кліенты з’явіліся летам 2008 года падчас канферэнцыі па прамысловаму дызайну, падчас якой падарожнікам было цяжка знайсці жыллё ў горадзе. У студзені 2009 г. заснавальнікаў запрасілі на трэніровачную сесію ў інкубатар стартапаў Y Combinator, які прадаставіў ім навучанне і фінансаванне ў памеры 20 000 долараў у абмен на 6 % долі ў кампаніі. Ужо маючы вэб-сайт, заснавальнікі выкарысталі інвестыцыі, каб паляцець у Нью-Ёрк і прарэкламаваць сайт. У сакавіку 2009 года на сайце было 10 000 карыстальнікаў і 2500 аб’ектаў для найму.

У сакавіку 2009 года назва кампаніі была скарочаная да Airbnb.com, каб не было блытаніны з надзіманымі матрацамі: у той час на сайце ўжо былі прадстаўлены пакоі і цэлыя апартаменты.

У кастрычніку 2013 года паведамлялася, што з моманту заснавання ў жніўні 2008 года праз Airbnb знайшлі жыллё больш за 9 000 000 карыстальнікаў.

У лістападзе 2016 года Airbnb выпусціў функцыю «Вопыты», якая дае магчымасць браніраваць мерапрыемствы падчас адпачынку.

У кастрычніку 2019 года паведамлялася, што два мільёны чалавек браніравалі жыллё праз Airbnb кожную ноч.

Падчас пандэміі COVID-19 колькасць браніраванняў у гарадах значна знізілася, у асобных гарадах нават на 96 %. Аднак колькасць браніраванняў павялічылася ў сельскай мясцовасці. Кампанія паабяцала выплаціць 250 мільёнаў долараў гаспадарам, якія страцілі гасцей з-за пандэміі. Кампанія таксама звольніла каля 1900 супрацоўнікаў, або каля 25 % сваёй працоўнай сілы ў Амерыцы, Еўропе і Азіі з-за пандэміі. 10 снежня 2020 года кампанія стала публічнай кампаніяй, размясціўшы акцыі на біржы NASDAQ і прыцягнуўшы 3,5 мільярда долараў.

У сакавіку 2022 года Airbnb прыпыніла дзейнасць у Расіі і Беларусі з-за санкцый у выніку ўварвання Расіі ва Украіну. У маі 2022 года Airbnb спыніла сваю дзейнасць у Кітаі. Рашэнне было прынята ў першую чаргу з-за палітыкі Кітая адносна пандэміі COVID-19, а таксама складаных і дарагіх законаў, якія патрабавалі ад Airbnb адпраўляць ураду Кітая падрабязную інфармацыю аб кліентах, якую можна выкарыстоўваць для адсочвання людзей. Крыніцы

Катэгорыя:Сайты, якія з’явіліся ў 2008 годзе Катэгорыя:Кампаніі, якія маюць лістынг акцый на NASDAQ