Халодная вайна — тэрмін, што азначае геапалітычнае, дыпламатычнае і эканамічнае супрацьстаянне паміж СССР і яго сатэлітамі з аднаго боку і ЗША з іх прыхільнікамі пасля Другой сусветнай вайны. Яно пачалося прыблізна ў 1945—1948 гадах пасля капітуляцыі нацысцкай Германіі і Японскай імперыі, працягвалася наступныя сорак гадоў і скончылася распадам Усходняга блоку ў 1989 і самога Савецкага Саюза ў 1991. У 1949 годзе была створана арганізацыя НАТА — ваенны альянс па стрымліванні камунізму ў якасці асноўнай стратэгіі ў рамках дактрыны Трумэна, у той час як савецкі блок сфарміраваўся дзякуючы Варшаўскаму дагавору 1955 года. Некаторыя краіны свету вырашылі падтрымаць адзін з блокаў, у той час як іншыя засталіся нейтральнымі.

Халодная вайна была названа так, бо ў яе ходзе не назіралася прамых ваенных дзеянняў: абодва бакі валодалі ядзернай зброяй, а яе выкарыстанне амаль цалкам гарантуе ўзаемнае знішчэнне. Перыяды адноснага спакою суправаджаліся высокай напружанасцю, якая магла б прывесці да вайны. Найбольш напружанымі падзеямі гэтага супрацьстаяння сталі блакада Берліна (1948—1949), вайна ў Карэі (1950—1953), Берлінскі крызіс 1961 года, вайна ў В'етнаме (1959—1975), кубінскі ракетны крызіс (1962), савецкая вайна ў Афганістане (1979—1989), а таксама ваеннае вучэнне НАТА Able Archer 83, якое праходзіла ў лістападзе 1983 года. Канфлікт выяўляўся праз ваенныя кааліцыі, стратэгічнае разгортванне звычайных сіл, шырокую дапамогу дзяржавам, шпіянаж, прапаганду, звычайныя і ядзерныя ўзбраенні, заклікі да нейтральных краін, суперніцтва падчас спартыўных і тэхналагічных спаборніцтваў, як касмічная гонка. Для таго каб зменшыць рызыку патэнцыйнай ядзернай вайны, абодва бакі праводзілі палітыку разрадкі палітычнай напружанасці ў 1970-я гады.

У 1980-я гады, калі савецкая эканоміка ўжо пакутавала ад стагнацыі, ЗША павялічылі дыпламатычны, ваенны і эканамічны ціск на Савецкі Саюз. У канцы 1980-х гадоў савецкі прэзідэнт Міхаіл Гарбачоў увёў ліберальныя рэформы перабудовы і галоснасці. Гэта спрыяла руху мірных рэвалюцый у дзяржавах-сатэлітах Савецкага Саюза, у той час як сам Савецкі Саюз быў скасаваны ў 1991 годзе, у выніку чаго Злучаныя Штаты сталі дамінуючай ваеннай дзяржавай свету. Падзеі «халоднай вайны» не пакінулі значнай спадчыны, аднак знайшлі адбітак у папулярнай культуры, асабліва ў сродках масавай інфармацыі ў тэмах пра шпіянаж і пагрозу ядзернай вайны.

Упершыню тэрмін «халодная вайна» быў выкарыстаны для апісання супрацьстаяння Злучаных Штатаў і Савецкага Саюза Джорджам Оруэлам у артыкуле «Ты і атамная бомба», які з’явіўся ў 1945 годзе.

Гісторыя тэрміна

Выраз «халодная вайна» упершыню ўжыў Джордж Оруэл 19 кастрычніка 1945 года ў артыкуле «Ты і атамная бомба» у брытанскім тыднёвіку «Трыб’юн»Cold War // Encyclopædia Britannica. З’яўленне атамнай бомбы ў руках іншых (акрамя ЗША) дзяржаў, паводле Оруэла, магло б прывесці да ўзнікнення 2-3 «жахлівых звышдзяржаў». Са зброяй, якая дазваляе знішчаць мільёны людзей у лічаныя секунды, такія дзяржавы падзялілі б свет паміж сабой. Гэтыя звышдзяржавы, згодна з Оруэлам, хутчэй за ўсё заключылі б паміж сабой сакрэтнае пагадненне ніколі не ўжываць атамную зброю адзін супраць аднаго; застаючыся непераможнымі, яны знаходзіліся б у «стане пастаяннай „халоднай вайны“» («in a permanent state of 'cold war' with its neighbors»). Такое развіццё сітуацыі, паводле яго думкі, паклала б «канец маштабным войнам цаной бясконцага падаўжэння 'міру, які не ёсць мір'»Orwell, «You and the Atomic Bomb», Tribune 19 October 1945 .

У сакавіку 1946 года Оруэл пісаў, што пасля канферэнцыі ў Маскве ў снежні 1945 года «Расія пачала весці 'халодную вайну' супраць Брытаніі і Брытанскай імперыі»Orwell, George, The Observer, 10 March 1946..

У афіцыйнай абстаноўцы выраз упершыню ўжыў 16 красавіка 1947 года Бернард Барух, дарадца прэзідэнта ЗША Гары Трумэна, у прамове перад палатай прадстаўнікоў штата Паўднёвая КаралінаBernard Baruch coins the term «Cold War» 16 April 1947 — wwww.history.com .

Гісторыя

Пачатак халоднай вайны Усталяванне па завяршэнні Другой сусветнай вайны савецкага кантролю над краінамі Усходняй Еўропы, асабліва стварэнне прасавецкага ўрада ў Польшчы ў процівагу польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане, прывяло да таго, што кіруючыя колы Вялікабрытаніі і ЗША сталі ўспрымаць СССР як пагрозу. Савецкія аўтары сцвярджалі, што знешняя палітыка амерыканскага імперыялізму, накіраваная на распальванне канфрантацыі, была звязана з інтарэсамі манапалістычных колаў ЗША і мела мэтай захаванне і ўмацаванне капіталістычнай сістэмыhttp://www.avtoref.mgou.ru/ar/ar650.doc .

Цэлы шэраг аўтараў упэўнена адносяць перадумовы Халоднай вайны да лютага 1945 года, калі па выніках Ялцінскай канферэнцыі стала палітычна магчымым правесці падзел у свеце па сферах уплыву.

Вясной 1945 года СССР прад’явіў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Турцыі і запатрабаваў змены статусу чарнаморскіх праліваў, уключаючы прызнанне права СССР на стварэнне ваенна-марской базы ў ДарданэлахВизантийское Наследство: Советско-турецкие территориальные проблемы на Потсдамской конференции.

У красавіку 1945 года прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль распарадзіўся аб падрыхтоўцы плана на выпадак вайны з СССР. Заданню папярэднічалі высновы, якія Чэрчыль прадставіў у сваіх мемуарахВторая мировая война. Черчилль У. Сокр. пер. с англ. Кн. третья, т. 5-6. М 1991, С. 574..

У сакавіку 1946 года Чэрчыль, у той час прыватная асоба, у Фултане ў ЗША выступіў з прамовай у дачыненні да СССР і заявіў, што адносіны СССР з аднаго боку і ЗША і Вялікабрытаніі з другога боку павінны будавацца на ваеннай перавазе краін, якія будуць размаўляць на англійскай мове. Чэрчыль перш за ўсё вырашыў умацоўваць адносіны з ЗША, бо яны валодалі манаполіяй на ядзерную зброю. Гэта заява абвастрыла супрацьстаянне паміж СССР і Захадам.

У 1946 годзе актывізаваліся грэчаскія паўстанцы, якія кіраваліся камуністамі і сілкаваліся пастаўкамі зброі з Албаніі, Югаславіі і Балгарыі, дзе ўжо знаходзіліся ва ўладзе камуністы. На Лонданскай нарадзе міністраў замежных спраў СССР запатрабаваў даць яму права на пратэктарат над Трыпалітаніяй (Лівіяй), каб забяспечыць сабе прысутнасць у Міжземнамор’і.

Да 1949 года грамадзянская вайна ў Грэцыі скончылася паразай камуністаў.

Частка палітычных дзеячаў Захаду стала выступаць за супакаенне СССР. Найбольш выразна гэтую пазіцыю выказаў міністр гандлю ЗША Генры Уолес. Ён лічыў прэтэнзіі СССР абгрунтаванымі і прапаноўваў пайсці на своеасаблівы падзел свету, прызнаўшы за СССР права на дамінаванне ў шэрагу раёнаў Еўропы і Азіі. Іншага пункту гледжання прытрымліваўся Чэрчыль.

Фармальным пачаткам халоднай вайны часта лічыцца 5 сакавіка 1946 года, калі Уінстан Чэрчыль (на той момант ужо не займаў пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі) вымавіў сваю знакамітую прамову ў Фултане (ЗША, штат Місуры), у якой высунуў ідэю стварэння ваеннага саюза англасаксонскіх краін для барацьбы з сусветным камунізмам. Фактычна абвастрэнне адносін паміж саюзнікамі пачалося раней, але да сакавіка 1946 года яно ўзмацнілася з-за адмовы СССР вывесці акупацыйныя войскі з Ірана (войскі былі выведзеныя толькі ў маі 1946 года, пасля завяршэння савецка-іранскіх перамоў).

Чэрчыль заклікаў не паўтараць памылак 30-х гадоў і паслядоўна адстойваць каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і «Хрысціянскай цывілізацыі» супраць таталітарызму, для чаго неабходна забяспечыць цеснае яднанне і згуртаванне англасаксонскіх нацый.

Праз тыдзень І. В. Сталін у інтэрв’ю «Праўдзе» паставіў Чэрчыля ў адзін шэраг з Гітлерам«По сути дела господин Черчилль стоит теперь на позиции поджигателей войны. И господин Черчилль здесь не одинок, — у него имеются друзья не только в Англии, но и в Соединенных Штатах Америки. Следует отметить, что господин Черчилль и его друзья поразительно напоминают в этом отношении Гитлера и его друзей.» Интервью И. В. Сталина газете «Правда» о речи Черчилля в Фултоне (14 марта 1946 года) і заявіў, што ў сваёй прамове той заклікаў Захад да вайны з СССР.

«Доўгая тэлеграма» Кенана «Доўгая тэлеграма» — агульнапрынятая назва тэлеграмы № 511 амбасады ЗША ў Маскве, адпраўленай намеснікам амбасадара Джорджам Ф. Кенанам 22 лютага 1946 года, у якой ён абмаляваў немагчымасць супрацоўніцтва з СССР. Вынікі аналізу амерыканскім урадам і грамадскасцю гэтай тэлеграмы і артыкула «X», таксама напісанага Кенанам, прывялі да таго, што погляды Кенана сталі вызначальным фактарам падыходу ЗША да адносін з Савецкім Саюзам і Халоднай вайны; сам Кенан стаў вядомы як «архітэктар Халоднай вайны».

Зімой 1945/1946 года казначэйства ЗША запытала ад амерыканскай амбасады ў Маскве тлумачэнне прычын, па якіх СССР не падтрымлівае толькі што створаныя Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд. Кенан, які павінен быў адказаць на пытанне, зразумеў, што ён не ў стане адказаць коратка, і паслаў тэлеграму ў 10 тысяч слоў, у якой даў аналіз магчымасцей і перспектыў у адносінах ЗША і Савецкага Саюза.

У тэлеграме Кенан: прапаноўваў спыніць «рузвельтаўскія» чаканні партнёрства з СССР; заявіў, што савецкае кіраўніцтва паважае толькі сілу; выказаў меркаванне, што савецкае кіраўніцтва не верыць у тое, што з ЗША можа быць дасягнуты пастаянны стан суіснавання; папярэдзіў аб арганічным экспансіянізме савецкіх кіраўнікоў; прапанаваў у якасці адказу «стрымліванне» СССР і супрацьдзеянне любым спробам Савецкага Саюза выйсці за межы існуючай сферы ўплыву.

1947—1953: пачатак супрацьстаяння

12 сакавіка 1947 года прэзідэнт ЗША Гары Трумэн заявіў пра намер даць Грэцыі і Турцыі ваенную і эканамічную дапамогу ў памеры 400 мільёнаў долараў. Адначасова ён сфармуляваў задачы палітыкі ЗША, нацэленай на дапамогу «свабодным народам, якія супраціўляюцца спробам закабалення з боку ўзброенай меншасці і знешняга націску». Трумэн у гэтай заяве, акрамя таго, вызначыў сэнс суперніцтва ЗША і СССР, як канфлікту дэмакратыі і таталітарызму. Так з’явілася на свет дактрына Трумэна, якая стала пачаткам пераходу ад пасляваеннага супрацоўніцтва СССР і ЗША да суперніцтва.

У 1947 годзе па патрабаванні СССР кантраляваныя ім краіны адмовіліся ад удзелу ў плане Маршала, згодна з якім ЗША падавалі эканамічную дапамогу краінам, якія пацярпелі ад вайны, у абмен на выключэнне камуністаў са складу ўрада.

У парушэнне дамоўленасці аб сумесным вырашэнні праблем па Германіі ЗША ўключылі Заходні Берлін у сферу дзеяння «плана Маршала». У адказ СССР пачаў транспартную блакаду Заходняга Берліна. У жніўні 1948 года Дзяржаўны дэпартамент ЗША выкарыстаў «справу Касенкінай», каб абвінаваціць генеральнага консула СССР у Нью-Ёрку Якава Ламакіна ў перавышэнні дыпламатычных паўнамоцтваў і аб’явіць яго персонай нон-гратаHistory of New York . У адказ СССР спыняе перамовы па Берліну і закрывае свае консульствы ў Нью-Ёрку і Сан-ФранцыскаКонсульскія адносіны СССР і ЗША былі адноўлены толькі праз 24 гады, у 1972 годзе..

Намаганні СССР, у прыватнасці савецкай разведкі, былі накіраваны на тое, каб ліквідаваць манаполію ЗША на валоданне ядзернай зброяй. 29 жніўня 1949 года ў Савецкім Саюзе былі праведзены першыя выпрабаванні ядзернай бомбы на Сяміпалацінскім ядзерным палігоне. Амерыканскія навукоўцы з Манхэтэнскага праекта і раней перасцерагалі, што з часам СССР абавязкова створыць свой уласны ядзерны патэнцыял. Тым не менш, гэты ядзерны выбух аказаў ашаламляльнае ўздзеянне на ваенна-стратэгічнае планіраванне ў ЗША — галоўным чынам таму, што ваенныя стратэгі ЗША не чакалі, што ім прыйдзецца пазбавіцца сваёй манаполіі так хутка. У той час яшчэ не было вядома пра поспехі савецкай разведкі, якая здолела пракрасціся ў Лос-Аламас.