Знешняя палітыка Вялікага Княства Літоўскага была цесна звязана з палітыкай унутранай і мела тры асноўныя кірункі — заходні, усходні і паўднёвы. Прыярытэты палітыкі мяняліся. У XIV стагоддзі дзяржава вяла напружаную барацьбу з нямецкімі ордэнамі і татарскімі ханствамі. У канцы XIV—XVI стст. высвятляліся адносіны з Польшчай, вырашалася праблема вялікалітоўска-польскага саюза (Крэўская унія 1385 года). Іншым важным кірункам сталі адносіны з Маскоўскай дзяржавай, галоўным канкурэнтам у аб’яднанні зямель былой Русі. У сярэдзіне XVI ст. дзяржава аслабла і ўжо не магла супрацьстаяць Маскве. Больш за тое, паўстала пагроза існаванню Вялікага Княства Літоўскага. Міжнародныя абставіны падштурхоўвалі Княства да цяснейшага аб’яднання з Польшчай і падпісання Люблінскай уніі ў 1569 годзе. Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае ўтварылі Рэч Паспалітую і далей праводзілі ў асноўным агульную знешнюю палітыку. Аднак літоўская шляхта неаднаразова здзяйсняла крокі на міжнароднай арэне без узгаднення з палякамі.
Гісторыя
1250-я — 1377 год Пры першых вялікіх князях, пачынаючы з Міндоўга, знешнепалітычная палітыка характарызавалася канфліктамі з Галіцка-Валынскім княствам, якое было занепакоена ўзмацненнем новай дзяржавы, сабраўшы кааліцыю, куды ўвайшлі яцвягі, жамойты, лівонцы і палачане. Каб разбурыць альянс, Міндоўг пачаў перамовы з лівонцамі, прыняўшы ў 1252 годзе каталіцтва. Аднак пазней, калі супраць рыцараў паўсталі прусы і прапанавалі літоўцам аб’яднацца ў барацьбе з немцамі, ён перайшоў у паганства. Таксама ўдалося заключыць мірнае пагадненне з Галіцкім князем Данілам і дынастычны шлюб паміж яго сынам Шварнам і дачкой Міндоўга. Няўдалы паход антылівонскай кааліцыі 1261 года вымусіў Міндоўга вярнуцца ў каталіцтва і ў саюзе са Шварнам ажыццявіць паспяховы ваенны паход супраць Мазовіі. Акрамя таго, літоўскі князь здзейсніў ваенныя набегі на ўладанні галіцка-валынскіх князёў і на саюзны ім Бранск.
Наступны ўладар — Транята, быў на стальцы вельмі кароткі час і пра яго дзейнасць нічога не вядома. Трэці уладар — Войшалк, імкнуўся не абвастраць адносіны з крыжакамі і Галіцка-Валынскім княствам. Ён прызнаў сябе васалам брата Данілы Галіцкага, валынскага князя Васілька Раманавіча, а Шварна запрасіў «дапамагаць» у кіраванні падуладнымі землямі. У 1266 годзе Войшалк падпарадкаваў Дзяволтаўскую і Нальшанскую землі. Пры Трайдзене пачынаецца канфрантацыя з Валынскім княствам, падтрыманым ардынцамі, а з Галіцкім усталяваліся сяброўскія адносіны. Акрамя таго, ён ажыццявіў паспяховы паход на польскі Люблін. Далей князь заключае дынастычны шлюб паміж сваёй дачкой Гаўдэмундай (пры хрышчэнні яна прыняла імя Соф’я) і князем Плоцка Баляславам. На балтыйскім кірунку князь падтрымліваў сяброўскія адносіны з яцвягамі і арганізаваў паход на латгальскія землі крыжакоў. Віцень яшчэ больш сканцэнтраваўся на барацьбе з рыцарамі і правёў шэраг паходаў у Прусію і Лівонію.
У другой палове XIII ст. сумесная барацьба супраць крыжакоў спрыяла збліжэнню Вялікага Княства Літоўскага з Полацкай зямлёй.
Пры Гедзіміне большая частка сучаснай Беларусі была ўжо ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Як звычайна для таго часу, Гедзімін для атрымання розных пераваг выкарыстаў дынастычныя шлюбы. Так, яго сын Альгерд узяў шлюб з дачкой віцебскага князя Марыяй і пасля смерці цесця і жонкі ўспадкаваў Віцесбкае княства. Прыкладна такая самая сітуацыя склалася з ішным сынам Гедзіміна — Любартам, і ўспадкаваннем прынамсі часткі Галіцка-Валынскага княства. Магчыма, нейкім чынам трапіла пад кантроль Гедзіміна і Кіеўская зямля, прынамсі некаторыя крыніцы называюць кіеўскага князя Фёдара братам Гедзіміна. Пры гэтым аднак перамога ў бітве на рацэ Ірпень у 1324 годзе, вынікам якой быццам быў пераход паўднёвых зямель пад кантроль Гедзіміна, лічыцца толькі позняй легендай. Важнае месца ў знешняй палітыцы Гедзіміна займала барацьба за Пскоў з Наўгародскай зямлёй. На ўсходнім напрамку кіраўнік устанавіў дружалюбныя адносіны са Смаленскам і Цверу. Выдаў дачку Марыю замуж за цвярскога князя Дзмітрыя Міхайлавіча. Нармалізацыя адносін з Цверу ўскладніла адносіны з Маскоўскай дзяржавай, якая супернічала з Цверу за права ажыццяўляць кантроль над Паўночна-Усходняй Руссю. Маскоўскія князі імкнуліся распаўсюдзіць сваю ўладу на Цвер, Смаленск і Ноўгарад. У балтыйскім рэгіёне ў гэты час Гедзімін працягваў ваяваць з крыжакамі. На гэтым фоне дзяржава пачынае збліжацца з палякамі. У 1325 годзе была дасягнута дамоўленасць аб заключэнні дынастычнага шлюбу паміж дачкой вялікага князя літоўскага Альдонай (Ганнай) і сынам польскага караля Уладзіслава Казімірам.
Пашырэнне Літвы дазволіла ёй стаць удзельніцай буйных палітычных камбінацый і пануючай сілай свайго рэгіёну. Палітыка дзяржавы станавілася прыкметнай у маштабе ўсёй Еўропы, што заклала асновы для паглыблення кантактаў з Заходняй Еўропай. У краіну сталі прыязджаць нямецкія каланісты, яе наведвалі заходнія манахі. Акрамя таго, Гедзімін заявіў папе Іаану XXII пра жаданне хрысціцца ў каталіцтва. Аднак гэтым планам перашкодзіла праваслаўная і жамойцкая знаць.
Пры сумесным праўленні Альгерда і Кейстута ў вялікалітоўска-польскіх адносінах адбыўся крызіс з-за канфлікту вакол Валыні. Працягваецца барацьба з крыжакамі. На ўсходнім напрамку працягваецца курс па пашырэнні ўплыву на рускіх землях, умацоўваюцца кантакты са Смаленскам, а Альгерд бярэ ў жонкі цвярскую князёўну Ульяну. У гэты ж час літоўскі князь заяўляў, што «ўся Русь павінна належаць Літве». Яшчэ мацней абвастраецца канкурэнцыя з Масквой, што прыводзіць да ваеннага супрацьстаяння. Канфрантацыя назіралася і ў адносінах з наўгародцамі. На паўднёвым кірунку праводзіцца актыўнае наступленне на ардынскія ўладанні. Пасля бітвы на Сініх Водах 1362 года значная частка сучасных украінскіх зямель пераходзіць пад кантроль Княства.
1377—1569 гады
Заходні кірунак Першапачатковы прыярытэт заходняга напрамку быў абумоўлены той акалічнасцю, што тут у канцы XIV — сярэдзіне XV ст. знаходзіліся агрэсіўныя суседзі, знешнепалітычная актыўнасць якіх наўпрост пагражала суверэнітэту ВКЛ.
У XIV — пачатку XV ст. галоўным ворагам Вялікага Княства Літоўскага былі немцы Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. На фоне грамадзянскай вайны паміж Ягайлам і Вітаўтам нямецкія рыцары падтрымалі фракцыю апошняга, у ходзе падпісанага Салінскага дагавора ў 1398 годзе. Адным з умоў была саступка Ордэну правоў на Жамойць у абмен на ваенную дапамогу з боку рыцараў. Кульмінацыяй канфрантацыі стала Вялікая вайна 1409—1411 гг., падчас якой крыжакі пацярпелі паражэнне і адмаўляліся ад Жамойці і яцвяжскіх зямель на карысць ВКЛ. Далейшыя падзеі паказалі, што Ордэн яшчэ быў здольны супраціўляцца. Новы канфлікт з крыжакамі ўспыхнуў ужо ў 1414 г., а ў 1422 г. пачалася чарговая вайна, якая завяршылася падпісаннем Мельнскага міру. Згодна з яго ўмовамі ордэн канчаткова саступіў ВКЛ Жамойць і Судавію. Мельнскі дагавор паклаў пачатак нармалізацыі ўзаемаадносін з Тэўтонскім ордэнам. Пасля яго ВКЛ на афіцыйным узроўні ўстрымліваўся ад удзелу ў войнах Польшча супраць немцаў. Пасля секулярызацыі Тэўтонскага ордэна ў 1525 г., ВКЛ заключыла дагавор з Княствам Прусіяй, якое пацвярджала ўмовы Мельнскага пагаднення. У 1545 г. адбылася асабістая сустрэча караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста з прускім князем Альбрэхтам у Вільні, на якой былі ўрэгуляваны памежныя, мытныя і гандлёвыя пытанні. У тым жа годзе былі зроблены спробы па выпраўленні мяжы паміж ВКЛ і Прусіяй. У наступны перыяд вялікалітоўска-прускія адносіны развіваліся як добрасуседскія.
Канфлікты з немцамі шмат у чым прывялі да збліжэння з Польшчай і заключэння Крэўскай уніі ў 1385 годзе. Палякі выступалі натуральным саюзнікам на заходнім кірунку. Унія з каралеўствам умацавала міжнародныя пазіцыі ВКЛ, забяспечыла адносны спакой на яго заходніх межах, дазволіла аб’яднаць намаганні дзяржаў супраць агульных праціўнікаў. З іншага боку, у гэты ж час Польшча не спыняла намаганняў ператварыць польска-вялікалітоўскі дынастычны саюз у рэальнае міждзяржаўнае аб’яднанне, што ў канчатковым выніку выльецца ў стварэнне Рэчы Паспалітай. Эфектыўнасць двухбаковага супрацоўніцтва асабліва ўзрастала там, дзе супадалі дзяржаўныя інтарэсы краін. Самым яскравым прыкладам стала перамога ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе над тэўтонскімі рыцарамі. Аднак у пастаянных кроках польскага боку аб уніі ў форме інкарпарацыі існавала рэальная небяспека для захавання дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ.
З Чэхіяй і Венгрыяй дзяржава была звязана дынастычнымі уніямі (1471 і 1492, адпаведна). Аднак разлічваць на іх рэальную дапамогу было цяжка па прычыне адлегласці і амаль поўнай адсутнасці агульнасці інтарэсаў на міжнароднай арэне. У лепшым выпадку можна было разлічваць на іх дыпламатычную падтрымку. Але пасля спынення мясцовай лініі дынастыі Ягелонаў (заснавальнік — вялікі князь літоўскі Ягайла) нават гэта стала праблематычным. Кантакты са Швецыяй актывізаваліся ў канцы XV — пачатку XVI ст. у сувязі з распрацоўкай праекта вялікалітоўска-польска-шведскай персанальнай уніі, якая мела антымаскоўскую накіраванасць. Аднак смерць караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра ў 1506 г. паклала канец гэтым планам. Актывізаваць сувязі са Швецыяй атрымалася толькі з пачаткам Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў.
Назіраліся адзінкавыя кантакты з Францыяй, якая спрабавала перашкодзіць пашырэнню ўплыву ў Еўропе Свяшчэннай Рымскай імперыі і кіруючай там дынастыі Габсбургаў. Кіруючая ў ВКЛ і Польшчы дынастыя Ягелонаў таксама вяла барацьбу з Габсбургамі за кантроль над Венгрыяй і Чэхіяй, таму разглядалася французскімі Валуа ў якасці патэнцыйнага саюзніка. Вынікам узаемадзеяння былі кантакты, якія ад імя ВКЛ ажыццяўлялі польскія дыпламаты. У 1500 г. у Будзе быў заключаны польска-венгерска-французскі палітычны саюз, які на працягу года павінен быў быць распаўсюджаны і на ВКЛ. Аднак дадзены саюз не быў рэалізаваны. Аналагічны лёс быў і ў пагаднення 1524 года караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога і французскага караля Францыска І.
Свяшчэнная Рымская імперыя разглядалася ўладарнымі коламі Княства як палітычны праціўнік. Канфрантацыя была выкліканая супрацьстаяннем Ягелонаў і Габсбургаў. Свяшчэнная Рымская імперыя спрабавала разарваць польска-вялікалітоўскую унію праз рэалізацыю праекта каралеўскай каранацыі вялікага князя Вітаўта, падтрымлівала антыпольскі настроенага вялікага князя Свідрыгайла. Пасля Прэсбургска-Венскага кангрэса 1515 года пачаўся перыяд нармалізацыі. Былі наладжаны і дынастычныя кантакты: першай і трэцяй жонкамі караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста былі дочкі імператара Фердынанда І Габсбурга Лізавета (1543) і Кацярына (1553). Аднак з пачаткам Лівонскай вайны адносіны зноў пагоршыліся.
Важным момантам усёй палітыкі ВКЛ на заходнім кірунку стаў Луцкі з’езд 1429 года, дзе сабраліся манархі шэрагу дзяржаў. Вялікі князь Вітаўт правядзеннем сустрэчы прадэманстраваў значэнне дзяржавы на міжнароднай арэне, а таксама дамагаўся сваёй каранацыі. Гэты план падтрымалі Свяшчэнная Рымская імперыя і тэўтонцы, імкнучыся стварыць процівагу падужэлай Польшчы. З’езд лагічным чынам завяршыў складаны палітычны шлях Вітаўта, які павінен быў ператварыць дзяржаву ў каралеўства. Аднак праект быў сарваны з-за смерці гаспадара. Тым не менш, літоўская дзяржава здолела ліквідаваць найвялікшыя небяспекі, узаконіць сваё існаванне, увайсці ў Еўропу, далучыцца да яе і ўтрымацца ў ёй.
Усходні кірунак