Арына (Ірына Паўлаўна) Глінская () — беларуская пісьменніца, савецкая спецыялістка ў галіне педагогікі.

Біяграфія Нарадзілася 21 снежня 1909 (3 студзеня 1910)ГЛИНСКАЯ Ирина Павловна // Профессора Российского государственного педагогического университета имени А. И. Герцена в XX веке: биографический справочник. — СПб.: Изд-во РГПУ им. А. И. Герцена, 2000. года ў горадзе Мсціславе ў сям’і настаўнікаў.

Скончыла ў 1926 годзе Магілёўскі педагагічны тэхнікум, у 1930 годзе манументальнае аддзяленне Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута ў Ленінградзе. У 1930—1935 гг. працавала асістэнтам у Ленінградскім інстытуце інжынераў камунальнага будаўніцтва па кафедры «Уводзіны ў архітэктурнае праектаванне і архітэктурная графіка», у 1935—1938 гг. праекціроўшчыкам у Архітэктурна-планіровачным упраўленні Ленгарвыканкама, у 1938—1941 гг. кіраўніком групы малых формаў архітэктуры і афарбоўкі фасадаў.

У ліпені 1941 года з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшла на фронт. Служыла радавым 28-га асобнага стралковага батальёна. З 1943 г. працавала ў франтавым друку, была карэспандэнтам-арганізатарам газеты «Боевой сигнал». У 1945 і 1946 гг. знаходзілася за мяжой у складзе войскаў І Беларускага фронту.

У 1946 г. пасля дэмабілізацыі паступіла ў аспірантуру на кафедру мастацтваў у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце імя Жданава. У 1950 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Развіццё галандскага рэалістычнага жанравага жывапісу ў першай чвэрці XVII ст.», атрымала ступень кандыдата мастацтвазнаўства. Працавала ў 1949—1951 гг. асістэнтам у гэтай навучальнай установе, у 1951—1952 гг. у Інстытуце імя Рэпіна і па сумяшчальніцтве ў Інстытуце інжынераў будаўніцтва на архітэктурным факультэце. Пазней была старшым навуковым супрацоўнікам метадычнага аддзела Навукова-асветніцкага аддзела Эрмітажа. У 1953—1973 гг. працавала ў Ленінградскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. І. Герцэна на пасадзе старшага выкладчыка, потым дацэнта, кіравала секцыяй малявання. У 1973 г. абараніла доктарскую дысертацыю па педагогіцы на тэму «Фармаванне спосабаў авалодання прасторавай інфармацыяй на плоскасці ў малодшых школьнікаў (На аснове даследавання прыёмаў перадачы прасторы ў выяўленчай дзейнасці)».

Сябра Саюза савецкіх архітэктараў з 1933 года.

Памерла 7 лютага 1997 года. Пахавана на Паўночных могілках у Санкт-Пецярбургу.

Узнагароды Узнагароджана медалямі «За адвагу» (1943), «За абарону Ленінграда» (1943), «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй».

Творчасць У друку выступала з вершамі і прозай з 1926 г. Вершы і апавяданні публікавала ў газеце «Камуніст», альманаху «Уздым» (1926, 1928). Жывучы ў Ленінградзе, перайшла на рускую мову, апавяданні публікавала ў часопісах «Знамя», «Звезда» і іншых выданнях. Аўтарка п’есы «Дорога жизни» (1957), аповесці «Смирно, сердце!» (1965), шэрагу дапаможнікаў па методыцы выкладання выяўленчага мастацтва («Как рисовать фигуру человека» і інш.).

Крыніцы

Літаратура

ГЛИНСКАЯ Ирина Павловна // Профессора Российского государственного педагогического университета имени А. И. Герцена в XX веке: биографический справочник. — СПб.: Изд-во РГПУ им. А. И. Герцена, 2000. Жыбуль В. Арына Глінская і яе няспраўджаны талент // Arche. 2006. № 11. Личное дело Глинской Ирины Павловны // ФМИ РГПУ им. А. И. Герцена / Г-22. Майоров Я. М. Магистрали мужества. Москва, 1982. С. 58, 83-85, 131, 190.

Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя:Педагогі Расіі