«Бойтра» ці «Разбойнік Бойтра» () — п’еса Мойшэ Кульбака, якая ўпершыню была надрукавана ў 1936 годзе ў Менску ў часопісе «Штэрн». Драма «Бойтра» была створана ў 1936 годзе і тады ж была пастаўлена Дзяржаўным яўрэйскім драматычным тэатрам у Менску (рэжысёр — Саламон Міхоэлс), мела поспех, але неўзабаве была забаронена як твор «ворага народа», пасля не перавыдавалася і не перакладалася на іншыя мовы. Толькі аднойчы, у 1966 годзе, да 70-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, тады ўжо рэабілітаванага, часопіс «Саветыш геймланд» змясціў гэту п’есу на сваіх старонках.
У 1937 годзе п’еса ішла на сцэне парыжскага тэатра ПІАТ у пастаноўцы Довіда Ліхта«PIAT». У 1957 годзе тэкст быў надрукаваны з рукапісу ў тэль-авіўскім часопісе «Голдэнэ кэйт».
Змест Паказаныя ў драме падзеі адбываліся ў мяжы аселасці ў часы кіравання расійскага імператара Мікалая І. Мікалай I выдаў указ, якім праз валявое рашэнне ўвёў асаблівыя ўмовы рэкруцкіх набораў для яўрэяў. Па гэтым указе ажыццяўленне рэкруцкіх набораў ускладалася на яўрэйскія абшчыны (кагалы). Пры гэтым хлопчыкаў можна было здаваць у салдаты з 12-гадовага ўзросту. Кагалы часта здавалі ў салдаты сіротаў і паўсіротаў, дзяцей беднякоў, маўляў, і ў бядняцкіх сем’ях ратоў паменее, і сіроты будуць утрымлівацца за дзяржаўны кошт. Урад стварыў спецыяльныя ваенныя каманды, якія ездзілі па мястэчках, адлоўлівалі яўрэйскіх хлопчыкаў і 12, і 10, і нават 8 год — усіх, хто трапіць пад руку — і здавалі іх у так званыя «кантаністы». Дзяцей накіроўвалі ў спецыяльныя батальёны кантаністаў, дзе іх прыводзілі да праваслаўя, некага і прымусова. Мала хто з дзяцей, выявіўшы ўпартасць, заставаўся ў веры дзядоў. Нярэдкасцю сярод кантаністаў бывалі выпадкі самазабойства. Афіцыйна вайсковая служба пачыналася з 20 год і доўжылася 25 гадоў. Час знаходжання ў батальёнах кантаністаў да прызыўнога ўзросту ў тэрмін службы не залічваўся. Адначасова аднавілася палітыка высялення яўрэяў з вёсак. Яўрэі супраціўляліся, не хацелі пакідаць родныя мясціны. Выгнаныя з вёсак яўрэі сем’ямі бадзяліся па лясах і палях, здабывалі хлеб надзённы выпадковымі заробкамі. Здаралася, голад падштурхоўваў самых адчайных да разбою.
У драме Мойшэ Кульбака апавядаецца пра тое, як у памянёных вышэй умовах сын балагола Хаім, што застаўся сіратою, таленавіты, але бедны юнак, быў здадзены кагалам у салдаты. Пры гэтым істотную ролю адыграла і тая акалічнасць, што ў хлапца закахалася дачка старосты кагалу, багатага і ўплывовага чалавека, які не хацеў аддаць яе за жабрака і меў намер па-свойму ўладкаваць жыццё роднага дзіцяці. Хаіму ўдалося ўцячы з салдат, і ён зрабіўся высакародным атаманам разбойнікаў, яўрэйскім Робін Гудам. Толькі ж апынуўшыся паміж жорнамі самадзяржаўнай улады і ўлады кагалу, герой-адзіночка не здолеў перамагчы. І хоць урэшце яму ўдалося аб’яднацца з каханаю, але толькі дзеля таго, каб ім разам загінуць…
Пераклад Твор «Разбойнік Бойтра» пад назвай «Бойтра» быў перакладзены на беларускую мову паэтам і перакладчыкам Феліксам Баторыным у 2014 годзе і надрукаваны ў 72 выпуску часопіса Дзеяслоў.
Блізкія творы Верш Андрэя Александровіча «Разбойнік Буйтра» (1928).
Спасылкі Бойтра, Пераклад Фелікса Баторына, апублікаваны ў 72 выпуску часопіса Дзеяслоў, с. 134—175.
Катэгорыя:Творы Мойшэ Кульбака Катэгорыя:Творы 1936 года Катэгорыя:П’есы Катэгорыя:Літаратурныя творы, перакладзеныя на беларускую мову Катэгорыя:Літаратурныя творы на ідышы