Аляксандр Аляксандравіч Азараў (нар. ) — беларускі сілавік, палітык.

Біяграфія Нарадзіўся 4 лютага 1977 года ў Мінску. Бацька працаваў будаўніком, маці — інжынерам. Калі бацька загінуў на будоўлі, Аляксандру было 11 гадоў. Пасля ягонай смерці сям’і вылучылі новую кватэру ў цэнтры горада, а сын пайшоў у добрую школу, што вызначыла далейшы лёс.

Паводле ягоных словаў, у сярэдзіне 1990-х хадзіў «на мітынгі побач з Пазняком», аднак пазней расчараваўся ў апазіцыі і не бачыў у ёй сілы, якая можа зрынуць Лукашэнку.

З канца 1990-х Азараў працаваў следчым у розных упраўленнях унутраных спраў Мінска, расследаваў крымінальныя злачынствы.

У 2000 годзе скончыў Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства, пасля, калі працаваў следчым па эканамічных справах, скончыў БДЭУ.

Служыў у Галоўным упраўленні наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС (ГУНіСГЛ). З 2008 года працаваў намесніка начальніка аддзела 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКа, куды кіраўніком быў прызначаны ягоны былы начальнік па ГУНіСГЛ Алег Пякарскі. У сферу адказнасці Аляксандра Азарава ўваходзілі справы, звязаныя з гандлем людзьмі і дзейнасцю груповак футбольных фанатаў. Паколькі праца вымагала наладжвання ўзаемаадносін з прадстаўнікамі спецслужбаў замежных дзяржаў, скончыў МДЛУ па спецыяльнасці «англійская мова».

Пайшоў з ГУБАЗіКа ў 2019 годзе праз канфлікт з кіраўніцтвам, у прыватнасці з Міхаілам Бедункевічам. Да сярэдзіны жніўня 2020 года працаваў выкладчыкам у Акадэміі МУС, меў званне падпалкоўніка.

Пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, масавых пратэстаў і іх брутальнага здушэння рэжымам Лукашэнкі, у кастрычніку 2020 года стаў адным з кіраўнікоў ініцыятывы BYPOL, створанай былымі сілавікамі, што выступалі супраць рэпрэсій і гвалту і былі не згодныя з палітыкай Лукашэнкі. У той час ён ужо выехаў з Беларусі з прычыны арышту былых сілавікоў.

У лістападзе 2021 года BYPOL прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў канцы жніўня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў арганізацыю «тэрарыстычнай».

9 жніўня Аляксандр Азараў стаў прадстаўніком Кабінета Ціханоўскай у аднаўленні правапарадку. Адным з асноўных кірункаў яго дзейнасці была падрыхтоўка плана «Перамога».

У Мінскім гарадскім судзе 15 лютага 2024 года ў межах спецыяльнай вытворчасці асудзілі заснавальнікаў і экс-удзельнікаў арганізацыі былых сілавікоў BYPOL Аляксандра Азарава, Мацвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Уладзіміра Жыгара і Алега Талерчыка. Суддзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам справы паводле 13 крымінальных артыкулаў ад 11 да 25 гадоў зняволення і штраф на агульную суму больш чым 350 000 еўра. Аляксандра Азарава абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК).

У 2024 годзе на выбарах у Каардынацыйную раду 3-га склікання ўзначаліў спіс «Закон і правапарадак». 22 мая праз бот плана «Перамога» разаслаў заклікі галасаваць на выбарах і падтрымаць ягоны спіс. Гэтыя дзеянні былі ўспрыняты як злоўжыванне, якое можа паставіць пад пагрозу людзей унутры Беларусі. Святлана Ціханоўская заявіла, што рассылка не была ўзгодненая ні з яе Офісам, ні з Аб’яднаным пераходным кабінетам, таму Азарава пазбавілі доступу да чат-боту плана «Перамога».

23 мая сітуацыю з рассылкай Азаравым паведамлення праз чат-бот разглядзела Выбарчая камісія па выбарах у Каардынацыйную раду. Сябры камісіі прынялі рашэнне зняць з выбараў увесь спіс «Закон і правапарадак», калі Аляксандр Азараў добраахвотна не адмовіцца балатавацца ў Каардынацыйную раду.

Раніцай наступнага дня спіс «Закон і правапарадак» адмовіўся прыняць ультыматум Выбарчай камісіі. Следам на пасяджэнні камісіі было прынята рашэнне зняць з гонкі ўвесь спіс «Закон і правапарадак».

4 кастрычніка 2024 года стала вядома, што Азараву вынеслі новы завочны прысуд за атаку на расійскі А-50 на авіябазе «Мачулішчы».

Сям’я Жанаты, мае дзвюх дочак, з якімі жыве ў Варшаве.

Крыніцы

Катэгорыя:Асобы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі