Агератум, С.22 (Ageratum) — род раслін сямейства Астравыя (Asteraceae). Расліны пераважна сустракаюцца ва Усходняй Індыі, Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы. Лацінская назва паходзіць ад грэч. ageratos — які не старэе, бо расліна з’яўляецца даўгацветам. У Беларусі вырошчваецца як кветкава-дэкаратыўная расліна.

Батанічнае апісанне Шматгадовая травяністая або паўхмызняковая расліна. Сцябло — раскідзістае, моцна галінастае, прамастойнае або прыўзнятае, апушанае, 10-50 см вышынёй.

Лісце трохвугольнае, рамбічнае або авальнае, па краі зубчастае, шурпатае; ніжнія і сярэднія лісцінкі — супратыўныя, чарэшчатыя, верхнія — чаргавальныя, амаль сядзячыя.

Кветкі дробныя, вузкатрубчатыя, абедзвеполыя, духмяныя, сабраны ў невялікія суквецці-кошыкі 1-1,5 см у дыяметры. Сабраны ў складаныя шчыткападобныя суквецці да 10 см у папярочніку. Дэкаратыўнасць суквеццям надаюць двухлопасцевыя рыльцы кветак, якія амаль удвая перавышаюць даўжыню калякветніка і моцна выдаюцца над ім.

Насенне пяціграннае з плёнчатым чубком, захоўваюць усходжасць 2-3 гады. У 1 г — да 6000 зярнят.

Квітнее вельмі буйна з чэрвеня да першых замаразкаў. Пладаносіць у пачатку верасня.

У нізкарослых сартоў кветканосы, як правіла, утвараюць некалькі ярусаў, а ў сярэдневысокіх усе яны размешчаны на адным узроўні, таму расліны, высаджаныя групай, утвараюць суцэльны кветкавы дыван.

Агератум засухаўстойлівы і святлалюбівы.

Катэгорыя:Астравыя (падсямейства)