Вікторыя Робертаўна Алешка ( 4 мая 1980, Мінск, БССР, СССР) — беларуская спявачка, тэлевядучая, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, уладальніца медалі Францыска Скарыны. Мае самы нізкі жаночы пеўчы голас — кантральта. Працуе ў стылях эстрада, шансон.
Творчая біяграфія З 6 гадоў Вікторыя наведвала музычную студыю, вучылася ігры на скрыпцы і фартэпіяна. Там жа пачала спяваць у хоры, дзе і адкрыліся яе вакальныя здольнасці.
У 13 гадоў дзяўчынка становіцца ўдзельніцай школьнага вакальнага гуртка пад кіраўніцтвам Сяргея Аляксандравіча Собаля, выступае ў школьных і раённых канцэртах. У 1996 годзе юная артыстка спрабуе сілы ў гарадскім фестывалі маладых выканаўцаў эстраднай песні «Белая Русь» і атрымлівае Гран-Пры.
Годам пазней вядомы канцэртны рэжысёр Аляксандр Дзмітрыевіч Вавілаў заўважае пачынаючую спявачку і запрашае Вікторыю выступіць у канцэрце, прысвечаным 20-годдзю Маскоўскага раёна Мінска, у якім прымаюць удзел самыя яркія зоркі беларускай эстрады. У хуткім часе Аляксандр Дзмітрыевіч прапануе народнаму артысту Беларусі Васілю Пятровічу Раінчыку праслухаць яе, і ў красавіку 1997 года Вікторыя становіцца салісткай легендарнай студыі «Верасы», а праз некалькі месяцаў — яшчэ і артысткай Маладзёжнага тэатра эстрады.
У 1998 годзе спявачка заваявала Гран-Пры V Рэспубліканскага фестывалю беларускай паэзіі і песні «Маладзечна-98».
У наступным годзе разам з ансамблем «Беларускія песняры» і іншымі артыстамі адпраўляецца на гастролі па Краснадарскім краі.
У 2000 годзе на міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў «Віцебск» у рамках фестывалю «Славянскі базар» узнагароджана спецыяльнай прэміяй FIDOF.
У 2001 годзе прыняла ўдзел у вялікім канцэртным туры па краіне з акцыяй «Красуй, Беларусь!». У гэтым жа годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры на эстраднае аддзяленне па класе вакалу. Пазней выступіла на міжнародным фестывалі «Залаты шлягер» (Магілёў), дзе была адзначана ўвагай сусветна вядомага кампазітара і спевака Тота Кутуньё.
У 2002 годзе становіцца лаўрэатам тэлеконкурсу песні «Хіт-Момант» (СТВ), а годам пазней перамагае ў намінацыі «Рэтра-трэк» на тэлевізійным фестывалі «на скрыжаваннях Еўропы» (першы нацыянальны тэлеканал).
У 2004 годзе атрымлівае стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.
У 2006 годзе Вікторыя прымае ўдзел у шэрагу канцэртаў у рамках грамадска-патрыятычнай акцыі «За Беларусь!», якія трансляваліся на агульнанацыянальным тэлеканале (АНТ).
У наступным годзе артыстка пакідае студыю «Верасы» і пачынае самастойную творчую дзейнасць. Вікторыю запрашаюць выступіць у якасці госця на міжнародным фестывалі «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» (Растоў-на-Доне, 2007).
У 2008 годзе адпраўляецца ў Тэль-Авіў для ўдзелу ў канцэрце «Мы з Беларусі», прысвечаны 60-годдзю незалежнасці дзяржавы Ізраіль. Таксама ўдзельнічае ў праекце тэлеканала АНТ «Бітва гарадоў», які праходзіць у Ніцы (Францыя). Супрацоўніцтва ў агульнанацыянальным тэлебачанні працягваецца серыяй канцэртаў на фестывалях «Новая хваля» (Юрмала), «Пяць зорак» (Сочы), а таксама ў гарадах Вільня і Варшава.
У канцы года выходзіць кліп на песню «Карие глаза».
13 лістапада 2009 года ў родным Маладзёжным тэатры эстрады Вікторыя прэзентуе сваю першую сольную праграму «Вместе с тобой».
У 2010 годзе спявачка атрымала запрашэнне выступіць у якасці ганаровага госця на Агульнапольскім фестывалі «Беларуская песня-2010» у Беластоку.
На пачатку 2011 года Вікторыя прымае ўдзел у святочным канцэрце, прысвечаным інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ў прамым эфіры транслявалі больш за 70 краін. Пазней артыстка выпускае кліп на песню «За тебя».
У канцы года спявачка ўдзельнічае ў нацыянальным тэлевізійным музычным праекце «Еўрафэст» (адбор прадстаўніка на конкурс «Еўрабачанне») і выходзіць у фінал. Нягледзячы на тое, што Вікторыя не атрымала перамогу, яе «выступ пахваліў і адзначыў як лепшы сам Філіп Кіркораў».
У 2012 годзе артыстка здымае кліп на песню «Мне хорошо». Спявачка знаходзіць сябе ў стылі шансон, у якім працуе дагэтуль.
Таксама, пачынаючы з 2012 года, Вікторыя становіцца пастаяннай сувядучай аўтарскай рубрыкі Юрыя Краснова «Акадэмія бяспекі» ў рамках праграмы «Аўтапанарама» (СТВ).
У 2013 годзе артыстка адпраўляецца ў сольны канцэртны тур па гарадах Беларусі з праграмай «Вместе с тобой». Увосень спявачку запрашаюць выступіць у святочным канцэрце ў гонар Дня горада Масквы.
У канца года выходзіць альбом «Я твоя». У загалоўным трэку пласцінкі Вікторыя спрабуе сябе і як аўтар тэксту.
На пачатку 2014 года Вікторыя Алешка была ганаравана ганаровай дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Беларусь — медалі Францыска Скарыны.
На працягу года працягваюцца гастролі з праграмай «Вместе с тобой». Таксама артыстка атрымлівае дыплом пераможцы ў намінацыі «Шансон-хіт» («Песня года Беларусі 2014», АНТ), а ў канцы года становіцца вядучай праграмы «Сустрэча з…» на тэлеканале «Беларусь 2». У гасцях у Вікторыі пабывалі такія вядомыя людзі, як Аляксандр Ціхановіч, Уладзімір Цэслер, Вадзім Дзевятоўскі, Ала Цупер, Аляксандр Саладуха.
У 2015 годзе прымае ўдзел у творчым вечары Віктара Дробыша, дзе спявае дуэтам з Аўраамам Русо.
На пачатку 2016 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вікторыі Алешкі прысуджана ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».
У тымжа годзе Вікторыя была запрошаная ў журы XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016», а пазней у журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў моладзевай песні фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» (Растоў-на-Доне).
У 2017 годзе ў рамках «Дзён культуры Беларусі» адпраўляецца на гастролі ў Камбоджу і В’етнам, а пазней у Сербію, дзе праходзяць «Дні Мінска ў Бялградзе».
Крытыка 17 верасня 2020 года падчас пратэстаў у Беларусі ўдзельнічала ў праўладным канцэрце «Жаночы форум „За Беларусь“». На канцэрце песенныя выступы чаргаваліся з вуснымі прамовамі іншых людзей, якія асуджалі пратэстоўцаў, параўноўвалі з дэманамі, сектантамі і фашыстамі, падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку і дзейную ўладу. У зале знаходзіліся Наталля Качанава, Наталля Эйсмант і іншыя набліжаныя да ўлады асобы.
Катэгорыя:Тэлевядучыя Беларусі Катэгорыя:Спевакі і спявачкі Беларусі Катэгорыя:Старонкі з недагледжанымі перакладамі