Збудаванне Каламба — драўлянае збудаванне ранняга палеаліту, якое складаецца з двух спалучаных бярвён і некалькіх іншых драўляных інструментаў, выяўленае непадалёк ад вадаспаду Каламба ў Замбіі.

Гісторыя адкрыцця Падчас раскопак на вадаспадзе Каламба ў 1950-х і 1960-х гадах былі выяўленыя драўляныя артэфакты, якія, магчыма, належаць гамінідам, хоць знос і іншыя тафанамічныя працэсы не дазволілі навукоўцам з упэўненасцю ўсталяваць паходжанне артэфактаў.

Збудаванне і спадарожныя інструменты былі выяўленыя ў 2019 годзе на зоне BLB у раёне ракі Каламба. Само збудаванне знойдзена ў раёне BLB5, размешчаным ніжэй ракі, у спалучэнні з артэфактамі ашэльскай культуры. Адкрыццё палічылі незвычайным, паколькі драўніна звычайна не захоўваецца так доўга. Джэф Далер, які ўваходзіў у каманду археолагаў, сказаў, што высокі ўзровень вады і здробненыя ападкавыя пароды вакол канструкцыі дапамаглі захаваць драўніну.

Апісанне Збудаванне складаецца з двух счэпленых паміж сабой драўляных бярвён. Яны злучаны насечкай, якая замацоўвае іх перпендыкулярна. Меншае бервяно даўжынёй 141,3 см мае канічныя канцы, а таксама U-падобную вырубку і перакрывае большае бервяно, якое праходзіць праз вырубку.

Надрэз у верхнім бервяне сведчыць, што ён быў зроблены шляхам саскрабання, а таксама з выкарыстаннем агню, як паказваюць даныя інфрачырвонай спектраскапіі. Ніжэйлеглы ствол мае палосы з V-падобнымі насечкамі як у сярэдзіне, так і ўздоўж звужанага канца, які праходзіць праз вырубку, што таксама паказвае на магчымае саскрабанне. Іншае драўлянае бервяно з завостранымі канцамі і аналагічнай вырубкай раней было апісана на ўчастку B вадаспаду Каламба, таксама з ашэльскага перыяду, хоць у той час яно не было канчаткова ідэнтыфікавана як частка канструкцыі, створанай гамінідаміClark, J. D. (ed.) Kalambo Falls Prehistoric Site III (Cambridge University Press, 2001)..

Драўляныя інструменты, знойдзеныя разам са збудаваннем, уключаюць клін і палку-капалку. Яны былі знойдзены ў некалькіх месцах на тэрыторыі BLB і маладзейшыя за саму структуру: іх узрост склаў ад 390 000 да 324 000 гадоў.

Значэнне На момант выяўлення гэта самае старажытнае вядомае драўлянае збудаванне. Датаванне знаходкі метадам люмінесцэнтнага аналізу, праведзенае ў 2023 годзе, паказала, што яе ўзрост складае не менш за 476 000 гадоў і папярэднічае з’яўленню Homo sapiens на 100 000 гадоў.

Збудаванне, імаверна, было часткай драўлянай платформы, якая выкарыстоўвалася ў якасці дарожкі, асновы для сховішча дроў ці ежы, а магчыма і жытла. Гэта адкрыццё можа сведчыць аб тым, што гамініды, якія жылі каля вадаспаду Каламба, вялі аселае жыццё, і такім чынам кінуць выклік пераважнаму меркаванню аб качавым спосабе жыцця гамінідаў каменнага веку.

Крыніцы

Катэгорыя:Палеаліт Афрыкі Катэгорыя:Гісторыя Замбіі Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты