16 чэрвеня 2023 года джыхадзісты з групоўкі «Саюзныя дэмакратычныя сілы», якая мае сувязі з Ісламскай дзяржавай, напалі на школу ў Мпондвэ, горадзе ў заходняй Угандзе на мяжы з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга. Загінулі 42 чалавекі, з іх 38 вучняў. Некалькі чалавек былі выкрадзены.
Школа Сярэдняя школа Лхубірыха — прыватная школа-інтэрнат, пабудаваная канадскай няўрадавай арганізацыяй. На момант нападу ў чэрвені 2023 года там пражывалі 63 вучні. Права ўласнасці і кантроль над установай былі прадметам спрэчкі.
Ход падзей Атака паўстанцаў на школу адбылася прыкладна а 23:30. Група з пяці нападнікаў падпаліла інтэрнат і разрабавала харчовую краму. Падчас акцыі баевікоў загінулі 42 чалавекі, у тым ліку 38 навучэнцаў, школьны ахоўнік і трое мясцовых жыхароў. Восем чалавек былі шпіталізаваны ў крытычным стане. Яшчэ шасцёра выкрадзены, у асноўным вучаніцы. З 38 забітых вучняў 20 былі дзяўчынкамі (былі засечаны да смерці), 18 — хлопчыкамі (загінулі падчас падпалу). Некаторыя целы атрымалі шырокія апёкі, што запатрабавала правядзення тэстаў ДНК для апазнання. Нападнікі падпалілі матрацы і, як паведамлялася, узарвалі бомбы.
Адказнасць Паводле разведданых сілавікоў, баевікі з’явіліся ў раёне Мпондвэ як мінімум за два дні да атакі. Паліцыя ўстанавіла, што адказнасць за напад нясе групоўка «Саюзныя дэмакратычныя сілы». Яе фарміраванні актыўна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Ківу супраць урада суседняй ДРК.
Наступствы Узброеныя сілы Уганды арганізавалі пагоню за нападнікамі. Баевікі беглі ў напрамку нацыянальнага парку Вірунга ў ДРК. Для аказання дапамогі ў выяўленні джыхадзістаў прыцягнута ваенная авіяцыя.
Крыніцы
Катэгорыя:Чэрвень 2023 года Катэгорыя:Падзеі 16 чэрвеня Катэгорыя:Забойствы, здзейсненыя ў 2023 годзе Катэгорыя:Тэрарыстычныя акты ісламістаў Катэгорыя:Тэрарыстычныя акты 2023 года