Суда́н (), афіцыйна Рэспубліка Суда́н () — краіна, якая знаходзіцца ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. З’яўляецца трэцяй краінай Афрыкі па плошчы (пасля Алжыра і ДР Конга) і трэцяй краінай арабскага свету (пасля Алжыра і Саудаўскай Аравіі). Па дадзеных перапісу 2015 года насельніцтва Судана перавышае 40 млн жыхароў. Хартум — сталіца, а таксама палітычны, культурны і гандлёвы цэнтр краіны, Амдурман — другі па велічыні горад.

Назва краіны паходзіць ад арабскага слова Bilad-al-sudan, літаральна — «краіна чорных».

Гісторыя

Судан быў домам для многіх старажытных цывілізацый, такіх як царства Куш, Керма, Набадыя, Алодыя, Макурыя, Мероэ і іншыя, большасць з якіх рассяляліся ўздоўж Ніла. Падчас дадынастычнага перыяду Нубія (сённяшнія тэрыторыі паўднёвага Егіпта і паўночнага Судана) і Верхні Егіпет былі амаль культурна ідэнтычнымі, і сістэма кіравання фараонаў адначасова развілася там да 33 стагоддзя да н.э. З-за сваёй блізкасці да Егіпта Судан прымаў удзел у больш шырокай гісторыі Блізкага Усходу, быў хрысціянізаваны ў 6 стагоддзі і ісламізаваны ў 15 стагоддзі. У выніку хрысціянізацыі старажытнанубійская мова стала самай ранняй з запісаных ніла-сахарскіх моў (раннія запісы адносяцца да 9 стагоддзя).

У 19 стагоддзі Судан знаходзіўся пад кантролем Егіпта, пасля чаго ў 1899 годзе быў заснаваны Англа-Егіпецкі Судан, які з’яўляўся кандамініумам Вялікабрытаніі і Егіпта, але фактычна кіраваўся як Брытанская калонія. У 1956 годзе дзяржава атрымала незалежнасць, але рэлігійныя і этнічныя канфлікты паміж араба-мусульманскім насельніцтвам паўночнай часткі Судана і анімістычным насельніцтвам поўдня прывялі да першай грамадзянскай вайны (1955—1972), у выніку якой паўднёвы Судан стаў аўтаномным рэгіёнам, а пазней да другой грамадзянскай вайны (1983—2005). У сувязі з палітычным і ваенным дысбалансам у 1989 годзе быў здзейснены дзяржаўны пераварот на чале з палкоўнікам Амарам аль-Башырам, які абвясціў сябе прэзідэнтам у 1993 годзе і ўтрымлівае ўладу па сённяшні дзень. Другая грамадзянская вайна скончылася Найвашскім пагадненнем 2005 года, якое прывяла да рэферэндуму 2011 года і аддзялення Паўднёвага Судана ад паўночнай часткі краіны, якая да гэтага была найбуйнейшай дзяржавай Афрыкі па плошчы.

Неаліт Гісторыя Судана вядома з эпохі неаліту, калі даліна ракі Ніл пачала засяляцца сталымі жыхарамі, якія займаліся рыбалоўствам і збіральніцтвам, будавалі хаціны з сырцовай цэглы. Кліматычныя змены 5 тысячагоддзя на н. э. спарадзілі новую хвалю міграцыі з Сахары. У яе выніку склаўся эканамічны комплекс, заснаваны на развіцці земляробства і жывёлагадоўлі. Сведчаннямі багатай культурнай гісторыі той эпохі з’яўляюцца знаходкі неалітычных пахаванняў у раёне Данголы, дзе знойдзены інгумацыі з укладаннем керамікі, упрыгожванняў са слановай косці і марскіх ракавін, а таксама петрогліфы Сабу-Джадзі.

Старажытныя дзяржавы Вобласць Нубія на мяжы сучасных Судана і Егіпта — адно з найстаражытнейшых месцаў фарміравання дзяржаўных утварэнняў. Тут у сярэдзіне 4 тысячагоддзя на Ніле ўзнікла паселішча Керма, якое хутка расло і да 2 тысячагоддзя да н. э. ператварылася ў буйны горад, цэнтр аднайменнай дзяржавы, роўны па плошчы з тагачаснымі сталіцамі Старажытнага Егіпта. У пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. ніжняя Нубія трапіла пад уплыў егіпцян. Аднак Керма захавала сваю самабытнасць. У XVIII—XVI стст. да н. э., калі паўночны Егіпет быў захоплены гіксосамі, яе ўладары пашырылі свой кантроль на верхнюю Нубію і паўднёвы Егіпет.

У сярэдзіне 2 тысячагоддзя Яхмас I перамог гіксосаў і нубійцаў. Да 1450 годзе да н. э. Керма прыйшла ў заняпад. У Нубіі некалькі стагоддзяў дзейнічала егіпецкая дзяржаўная адміністрацыя. Але ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э. тут узнікла самастойная дзяржава Куш, для якой было характэрна спалучэнне мясцовых і егіпецкіх культурных традыцый. Яе першасным цэнтрам была Напата, пазней — Мероэ. У першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. экалагічны крызіс выклікаў хвалю міграцыі кушыцкага насельніцтва ўглыб Афрыкі. У 330 годзе Мероэ быў зруйнаваны войскам Аксума.

Сярэднявечча У сярэднявеччы ў Нубіі існавалі дзяржавы Набадыя, Макурыя і Алодыя, насельніцтва якіх спавядала хрысціянства.

У XVI стагоддзі значная частка сучаснага Судана ўвайшла ў склад мусульманскай дзяржавы Фундж з цэнтрам у Сенары. Да пачатку XIX ст. большасць насельніцтва Судана была ісламізавана.

Судан у складзе Асманскай імперыі. Махдзісцкі Судан

У 1821 годзе Судан заваяваны правіцелем Егіпта Мухамедам Алі. У 1881 годзе прапаведнік Мухамед Ахмед абвясціў сябе махдзі і ўзначаліў паўстанне махдзістаў, якое паклала канец турэцка-егіпецкаму панаванню і стварыла ў Судане тэакратычную незалежную дзяржаву. Паўстанне ў 1898—1899 гадоў на чале з Абдалах ібн Аль-Саід Мухамед задушылі англічане.

Англа-Егіпецкі Судан

У 1899—1955 гадах Судан — калонія Вялікабрытаніі (да 1951 года фармальна лічыўся англа-егіпецкім кандамініумам). У 1940-я гады склаліся партыі аль-Ума (стаяла за незалежнасць Судана) і нацыянал-юніянісцкая (НЮП; стаяла за саюз з Егіптам).

Незалежны Судан 1 студзеня 1956 года абвешчана незалежнасць Судана. З 1958 годзе ўсталяваўся рэжым ваеннай дыктатуры генерала І. Абуда, які скінуты ў 1964 годзе. Аднак і новыя ўрады 1964 і 1965 гадах не здолелі вырашыць наспелыя праблемы. У 1969 годзе ваенныя на чале з Дж. Німейры ажыццявілі дзяржаўны пераварот; краіна атрымала назву Дэмакратычная Рэспубліка Судан; яе прэзідэнтам з 1971 года стаў Німейры. У 1972 годзе падпісана пагадненне з прадстаўнікамі паўстанцаў паўднёвых правінцый Судана аб пашырэнні самакіравання. У 1973 годзе прынята канстытуцыя, якая дазваляла толькі адну палітычную партыю — Суданскі сацыялістычны саюз (ССС). Увядзенне ў 1983 годзе ісламскага заканадаўства выклікала незадаволенасць немусульманскага насельніцтва поўдня, дзе аднавіла ўзброенную барацьбу Суданская нацыянал-вызваленчая армія. У 1985 грдзе ваенныя на чале з генералам С. ад-Дагабам скінулі Німейры, ССС распушчаны, адноўлена дзейнасць іншых палітычных партый; краіна перайменавана ў Рэспубліку Судан. Па выніках парламенцкіх выбараў у 1986 годзе створаны кааліцыйны ўрад на чале з лідарам партыі аль-Ума С. аль-Махдзі. Няздольны вырашыць складаныя эканамічныя праблемы краіны, гэты ўрад скінуты 30 чэрвеня 1989 года ў выніку ваеннага перавароту з удзелам ісламскіх фундаменталістаў; дзейнасць канстытуцыі і палітычных партый прыпынена. Улада перайшла да Савета камандавання рэвалюцыяй на чале з генералам Амарам аль-Башыра (з 1998 года — прэзідэнт Судана). Значны ўплыў на ўрад мае ісламская фундаменталісцкая арганізацыя Нацыянальны ісламскі фронт.

Сучаснасць З снежня 2018 года ў Судане пачаліся пратэсты супраць рэзкага павышэння цэнаў на хлеб, але неўзабаве пратэстны рух накіраваўся супраць аўтарытарнага кіраўніка краіны А. Х. аль-Башыра. З пачатку пратэстаў загінулі як мінімум 32 актывіста. У лютым 2019 года аль-Башыр абвесціў у краіне надзвычайнае становішча, абмежаваў свабоду сходаў, распусціў Кабмін і ўвёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча на год. 6 красавіка тысячы актывістаў выйшлі на вуліцы сталіцы Судана Хартума з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта. Пратэстоўцаў адагналі ад прэзідэнцкага палаца пры дапамозе слёзацечнага газу.

11 красавіка 2019 года армія Судана здзейсніла ў краіне пераварот. Вайскоўцы вырашылі зняць з усіх пасадаў прэзідэнта Амара аль-Башыра, які кіраваў краінай 25 гадоў, і разагнаць урадnashaniva.by. Міністр абароны краіны генерал-лейтэнант Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф аб’явіў аб арышце Амара аль-Башыра, роспуску парламента і дзеючых органаў улады. Акрамя таго, было аб’яўлена аб прыпыненні дзеяння Канстытуцыі і ўвядзенні надзвычайнага становішча ў краіне на тры месяцыblr.belta.by .

Ваенны савет, што захапіў уладу ў краіне, узначаліў Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф, які перад гэтым некалькі месяцаў займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнтаnashaniva.by. Але 12 красавіка ён падаў у адстаўку дзеля захавання адзінства ўзброеных сілаў, назваўшы сваім пераемнікам генерала Абдэль Фатаха БурханаГлава Военного совета Судана ушел в отставку. Адстаўка адбылася на фоне масавых пратэстаў з патрабаваннем найхутчэйшых палітычных пераўтварэнняўbelsat.eu.

Апазіцыя заклікала да найхутчэйшага стварэння пераходнага ўраду і распачала страйк каля міністэрства абароны ў Хартуме. 3 чэрвеня суданская армія пачала разгон лагера пратэстоўцаў. Вайскоўцы ўжылі зброю. Каля 100 чалавек загінулі, целы 40 чалавек былі знойдзены ў рацэ Нілsvaboda.org.

Апазіцыя і ваенны савет Судана 5 ліпеня дасягнулі пагаднення аб раздзяленні ўлады ў пераходны перыяд да правядзення выбараў. Бакі дамовіліся стварыць суверэнны савет з пяці ваенных і пяці грамадзянскіх асоб, які будзе дзейнічаць як мінімум тры гады. 17 ліпеня Пераходны ваенны савет Судана і апазіцыйны альянс «Сілы за свабоду і перамены» падпісалі ў Хартуме ў прысутнасці пасрэднікаў з Эфіопіі і Афрыканскага саюза палітычнае пагадненне, прызначанае пракласці шлях да дэмакратычных пераўтварэнняў у краінеblr.belta.by .

Дзяржаўны лад і палітыка

Нягледзячы на тое, што афіцыйна дзяржава пазіцыянуе сябе як прэзідэнцкая прадстаўніча-дэмакратычная федэратыўная рэспубліка, на міжнародным узроўні суданская палітыка разглядаецца як аўтарытарны рэжым з-за кантролю, які партыя Нацыянальны кангрэс Судана на чале з аль-Башырам ажыццяўляе над выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінамі ўлады з моманту свайго заснавання ў 1996 годзе. Суданскі ўрад падтрымліваў выкарыстанне арабскіх апалчэнцаў Джанджавід падчас Дарфурскага канфлікту, у выніку чаго тысячы людзей былі дэпартаваныя і забітыя, а патрэба ў гуманітарнай дапамозе ў Дарфуры прыцягнула да сябе ўвагу міжнароднай супольнасці. У 2009 і 2010 гадах Міжнародны крымінальны суд выдаў два ордэры на арышт Амара аль-Башыра, які абвінавачваецца ў здзяйсненні генацыду, злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах.

Дзейнічае часовая канстытуцыя 2005 года.

11—15 красавіка 2010 года прайшлі першыя дэмакратычныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары з удзелам розных палітычных партый. Галоўны апазіцыйны кандыдат, Ясір Арман з партыі НАВС, зняў сваю кандыдатуру за некалькі дзён перад выбарамі. Пераможцам прэзідэнцкіх выбараў аб’яўлены Амар Хасан аль-Башыр (68,24 %). Па выніках парламенцкіх выбараў больш за ўсё галасоў набрала партыя Нацыянальны кангрэс Судана.

Судан з’яўляецца членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Афрыканскага саюза, Лігі арабскіх дзяржаў, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва і Руху недалучэння, а таксама назіральнікам у Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Выканаўчая ўлада

Кіраўнік дзяржавы, урада і галоўнакамандуючы — прэзідэнт.

Заканадаўчая ўлада Парламент двухпалатны — Савет правінцый (50 месцаў, абіраецца органамі кіравання правінцый на 6-гадовы тэрмін) і Нацыянальная асамблея (450 месцаў, у 2005 годзе былі прызначаныя прэзідэнтам — запоўнена 360 месцаў: 355 ад прэзідэнцкай партыі Нацыянальны кангрэс і 5 беспартыйных).

Судовая ўлада Судовая сістэма незалежная, на чале з Канстытуцыйным Судом Судана. Прававая сістэма грунтуецца на законе шарыяту.

Дзяржаўная сімволіка

Сцяг Судана ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальных палос аднолькавай шырыні (чырвонага, белага і чорнага колераў) і зялёнага трохкутніка, накладзенага па-над імі злева. Ён заснаваны на сцягу арабскага вызвалення і з’яўляецца падобным на сцягі Егіпта, Ірака, Сірыі і Емена, якія таксама выкарыстоўваюць стандартныя панарабскія колеры, сярод якіх зялёны з’яўляецца менш значным. Чырвоны, белы, чорны і зялёны колеры гістарычна звязаны з арабскім народам і ісламскай рэлігіяй на працягу многіх стагоддзяў і сімвалізуюць арабскае адзінства і незалежнасць. Да ваеннага перавароту Джафара Німейры ў 1969 годзе ў краіне выкарыстоўваўся трыкалор з блакітна-жоўта-зялёны трыкалор, які быў абраны як нейтральны паміж рознымі этнічнымі групамі і палітычнымі партыямі і сімвалізаваў раку Ніл (блакітны), пустэльню Сахару (жоўты) і сельскагаспадарчыя землі (зялёны).