Архангел Міхаіл — драўляная скульптура, створаная ў 1470—1480 гадах. Захоўваецца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Памер скульптуры — 104×42×34 см.
Выяўлена 18-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1970 г. у Троіцкім касцёле (1848) гарадскога пасёлка Шарашова Брэсцкай вобласці.
Рэстаўрыравана ў Спецыяльных навуковых рэстаўрацыйных вытворчых майстэрнях Міністэрства культуры БССР П. Р. Журбеем у 1973—1980 гадах.
Як паведаміў старажыл Шарашова Аляксандр Аляксандравіч Белабродскі, у 1932—1939 гг. у Шарашоўскі касцёл прывезлі скульптуры з касцёла Святой Троіцы ў Бяроза-Картузскім манастыры. Скульптура, напэўна, з’яўлялася завяршэннем алтара, што мае месца ў бакавым алтары касцёла ў сяле Воўпа Гродзенскай вобласці. З Шарашова ў 1930-я гг. П. А. Сергеевічам і 6-й, 18-й экспедыцыямі музея ў 1963 і 1970 гг. было вывезена ўсяго 47 твораў XV—XIX стст.
Катэгорыя:Драўляныя скульптуры Катэгорыя:Скульптуры Беларусі XV стагоддзя Катэгорыя:Экспанаты Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Шарашова Катэгорыя:Воўпа