«Белавежская пушча» — архітэктурны комплекс у Камянецкім раёне; адзін з цэнтраў зоны турызму і адпачынку аднайменнай запаведна-паляўнічай гаспадаркі. Пабудаваны ў 1961 годзе па праекце маскоўскага інстытута Дзіпралес.
Архітэктура Складаецца з 3 зблакіраваных аб’ёмаў — цэнтральнага (музей прыроды) і бакавых (у адным з іх кіраўніцтва запаведна-паляўнічай гаспадаркі, у другім — гасцініца з рэстаранам), навукова-лабараторнага корпуса (1977, інстытут Дзіпралес). Двухпавярховы прамавугольны ў плане аб’ём музея прыроды вырашаны ў лаканічных формах з зашклёным галоўным фасадам, казырком над уваходам і завершаны двухсхільным дахам. Экспазіцыя музея размешчана ў залах і антрэсолях 1—2-га паверхаў. Архітэктурнай дамінантай комплексу з’яўляецца вежа з назіральнай пляцоўкай, якая прымыкае да цэнтральнага аб’ёму. 3 аб’ёмам музея злучаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане аб’ёмы кіраўніцтва запаведнікам і гасцініцы з рэстаранам. Пластыка атынкаваных фасадаў ствараецца мерным рытмам прамавугольных аконных праёмаў і лоджый (гасцінічнай часткі). 3 тыльнага боку ад аб’ёму кіраўніцтва запаведна-паляўнічай гаспадаркі размешчаны 2-павярховы прамавугольны ў плане навукова-лабараторны корпус. Пілоны на галоўным фасадзе падкрэсліваюць яго строгую і лаканічную архітэктуру. Архітэктурнае вырашэнне комплексу арганічна дапаўняюць элементы добраўпарадкавання тэрыторыі з малымі архітэктурнымі формамі (кіёскі, дэкаратыўныя кветнікі). Перад музеем помнік кулямётнаму разліку (1975, арх. В. Занковіч).
Літаратура
Катэгорыя:Белавежская пушча Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі Катэгорыя:1961 год у Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1961 годзе Катэгорыя:Курорты Беларусі