Будынкі Беларускага аўтамабільнага завода ў г. Жодзіна ўзведзены ў 1958 годзе, у 1976 годзе пабудаваны новыя вытворчыя, адміністрацыйна-бытавыя і інжынерныя карпусы. Тэрыторыя завода функцыянальна заніравана з улікам асаблівасцей тэхналогіі, сістэмы адміністрацыйна-бытавога абслугоўвання і транспарту, санітарных і пажарных патрабаванняў. Зоны планіровачна аб’яднаны транспартнымі і пешаходнымі сувязямі. Асноўную вытворчую зону фарміруюць карпусы цэхаў — сучасных прамысловых будынкаў з прагрэсіўнымі аб’ёмна-планіровачнымі і канструкцыйнымі вырашэннямі. Асноўныя цэхі — вялікія вытворчыя аб’ёмы з натуральным асвятленнем і кандыцыяніраваным паветрам. Вентыляцыйныя ўстаноўкі вынесены ў спецыяльныя галерэі на дахі карпусоў. Працяглыя гарызантальныя плоскасці вытворчых карпусоў раўнамерна падзелены 4-павярховымі бытавымі прыбудовамі, што стварае своеасаблівую і выразную кампазіцыю галоўных фасадаў, перад якімі размешчана зона адпачынку.
Перадзаводская зона — буйны комплекс адміністрацыйных, лабараторных і грамадскіх будынкаў, прамежкавае звяно паміж вытворчымі і жылымі тэрыторыямі. Яе галоўнымі элементамі з’яўляюцца карпусы канструктарска-даследчай базы і заводакіраўніцтва, якія вылучаюцца цікавай і выразнай кампазіцыяй. У аб’ёмна-планіровачнай арганізацыі заводскага комплексу выкарыстаны прагрэсіўныя вырашэнні, што дало магчымасць стварыць выразную архітэктуру і камфортныя ўмовы працы.
Літаратура
Катэгорыя:1958 год у Беларусі Катэгорыя:1976 год у Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1958 годзе Катэгорыя:Прамысловая архітэктура Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Жодзіна Катэгорыя:Беларускі аўтамабільны завод