Помнік Аслану Везіраву — помнік у Магілёве, размешчаны ў скверы на рагу вуліц Лазарэнкі і Касманаўтаў. Прысвечаны Герою Савецкага Саюза, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Аслану Фархад аглы Везіраву. Бюст Везірава выраблены з бронзы і пастаўлены на мармуровым пастаменце. Скульптар Каміл Камал, азербайджанец з Мінска.
У 1944 годзе Аслан Фархад аглы Везіраў камандаваў 1-й гвардзейскай інжынерна-сапёрнай брыгадай 2-га Беларускага фронту, якая фарсіравала раку Дняпро ў раёне Магілёва. Сам Аслан Фархад-аглы Везіраў у гады вайны вылучыўся адвагай і мужнасцю, высокім камандзірскім мастацтвам і асабістай адвагай. Быў тады двойчы кантужаны, але поля бою не пакінуў. За выдатныя баявыя дзеянні брыгада атрымала найменне Магілёўскай. У 1986 годзе Аслану Фархад аглы Везіраву прысвоена званне ганаровага грамадзяніна горада Магілёва.
Ініцыятыва адкрыцця бюста герою належыць Магілёўскаму абласному грамадскаму аб’яднанню «Азербайджанская абшчына „Азеры“», якое прафінансавала праект. На ахвяраванні членаў арганізацыі, Кангрэса азербайджанскіх абшчын Беларусі, а таксама прыватных ахвяраванняў было сабрана каля 120 млн беларускіх рублёў.
Урачыстае адкрыццё бюста адбылося 1 ліпеня 2009 года. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і горада, пасольства Азербайджана ў Беларусі, сваякі Везірава, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі грамадскасці і моладзь.
Катэгорыя:Помнікі Магілёва Катэгорыя:Вуліца Лазарэнкі (Магілёў) Катэгорыя:Вуліца Касманаўтаў (Магілёў) Катэгорыя:2009 год у Магілёве