Міхал Сапель (, — ) — беларускі каталіцкі святар, першы пробашч адроджанай парафіі Касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Біяграфія Міхал Сапель нарадзіўся ў Браславе. Ягоны бацька быў праваслаўным і працаваў электрыкам, а маці каталічкай, якая працавала на мясцовым рыбзаводзе. У 1984 годзе ён паступіў у медыцынскую вучэльню ў латвійскім Даўгаўпілсе, але праз год перавёўся ў духоўную семінарыю ў Рызе, якую паспяхова скончыў у 1990 годзе.

У 1990 годзе прызначаны вікарыем Касцёла Узвіжання Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Пазней ён атрымаў ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка заданне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Мінску жадаў маліцца па-беларуску: «Ты мусіш заняцца беларусамі».

Дзякуючы грамадска-палітычным пераменам на пачатку 1990-х гадоў, аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі мінскіх святынь — Касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы. У 1990-я парафія «стала сапраўды залатым месцам, дзе збіралася шмат [беларускай] выбітнай інтэлігенцыі».

Сапель развіваў метадычную працу па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі». Таксама ён наладжваў дабрачынную дзейнасць — у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя «Caritas», якая праз некалькі гадоў стварыла дзіцячы цэнтр у Лескаўцы. У 1992 годзе было наладжана выданне часопіса «Хрысціянская думка».

Акрамя парафіі на Залатой Горцы Сапель да 1996 года быў пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час з душпастырскай неабходнасці служыў вернікам у Заслаўі.

Міхал Сапель памёр 10 снежня 2021 года на 55-м годзе жыцця.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Каталіцкія святары Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва